«Сумняваюся, што Лукашэнка дазволіць захавацца прыватнай вайсковай кампаніі ў поўным аб’ёме»
— Мы ўважліва адсочваем усё, што тычыцца Прыгожына, — сказаў Міхаіл Падаляк карэспандэнту Zerkalo.is. — І ўвогуле ўсё, што тычыцца Беларусі. У нас працуе вайсковая выведка, і мы практычна ўсё бачым і ўсё разумеем.
Я б, шчыра кажучы, ня так драматычна да ўсяго гэтага ставіўся. Прыгожыну зараз трэба знайсьці сваё новае месца, таму што ПВК «Вагнэр», па сутнасьці, адчапілі ад дзяржаўнага фінансаваньня ў Расеі. А мы ведаем, які бюджэт трацілі на ПВК. Гэта больш за мільярд даляраў прамых інвэстыцый. Гэта значыць, дзяржава называла прыватнай вайсковай кампаніяй тое, што цалкам фінансавалася дзяржавай, Расейскай Фэдэрацыяй. Цяпер гэтых грошай у Прыгожына ня будзе.
Акрамя таго, ён мае абсалютны канфлікт з афіцыйнай вэртыкальлю ўлады, з Пуціным і гэтак далей. Нягледзячы на ўсе заявы аб тым, што «ўсё нармальна, мы тут дамовіліся аб усім» , тым ня менш канфлікт застаўся. І таму ПВК зараз будуць разрываць. Глядзіце, яе прымусова адвяжуць ад грошай, ім трэба будзе аддаць цяжкую тэхніку. Частка супрацоўнікаў, несумненна, падпішуць кантракты зь Мінабароны, і асабліва вось гэтая зэкаўская частка, гэта значыць зьняволеныя, пяройдуць у распараджэньне Міністэрства абароны і далей працягнуць ваяваць ва Ўкраіне, перш за ўсё на Ўсходнім і Паўднёвым франтах.
...Расгвардыю таксама будуць забясьпечваць цяжкай зброяй. І вось туды пяройдзе частка людзей з ПВК, для таго каб, груба кажучы, гарантаваць немагчымасьць паўтарэньня тых ці іншых сілавых акцый у Расейскай Фэдэрацыі.
І, нарэшце, тая частка ПВК, якая [зьявіцца] у Беларусі. На мой погляд, гэта крыху разьдзьмута, але частка людзей там застанецца. Гэта камандны склад — перш за ўсё інструктары, гэта найбольш рэдкія прафэсіі, якія змогуць нечаму навучаць ці беларускі спэцназ, ці крыху беларускае войска. Але колькі іх там? 500 — 1000 — 1500 чалавек.
Я сумняюся, што Лукашэнка — чалавек, які ўсё жыцьцё жыве ў страху і, адпаведна, увесь час асьцерагаецца ўнутраных пераваротаў — дазволіць прыватнай вайсковай кампаніі захавацца ў поўным абʼёме і дысьлякавацца на тэрыторыі Беларусі.
Тым больш перад вачыма Лукашэнкі канкрэтны прыклад выхаду з падпарадкаваньня — калі, здавалася б, Прыгожын ледзь ня плоць ад плоці пуцінскай вэртыкалі, — і поўнае абнуленьне рэпутацыі Пуціна цягам 24 гадзінаў. Мне здаецца, тут усё відавочна. Таму мы, вядома, усё адсочваем.
Безумоўна, на паўночным напрамку мы прымаем дадатковыя меры, але яны зьвязаныя ня столькі нават з ПВК «Вагнэр», колькі з агульнай сытуацыяй у Беларусі. Гэта значыць, мы выдатна разумеем, што Беларусь — ня сябар Украіны. Мы ж гэта ведаем. Менавіта Беларусь доўгі час дазваляла скарыстоўваць інфраструктуру, свае палігоны, раскансэрвавала тэхніку. Там увесь час у дысьлякацыі знаходзяцца расейскія вайскоўцы — пэрыядычна ад 3 да 10 тысяч чалавек. Мы ўсё гэта цудоўна разумеем, але будзем дадаткова адсочваць.
«Расея дакладна ня будзе фінансаваць базы ПВК Вагнэра ў Беларусі»
— Калі ПВК Вагнэра атабарыцца ў Беларусі, яе базы змогуць стаць цэльлю для Ўкраіны?
— Давайце адразу абазначым: мы не ваюем на тэрыторыі сумежных дзяржаў. Мы ж усё ж такі займаемся абарончай вайной і ўсе [абʼекты ворага] зьнішчаем на акупаваных тэрыторыях. Яшчэ раз падкрэсьліваю, ня бачу пакуль неабходнасьці ў ПВК Вагнэра рабіць базы ў Беларусі, таму што калі ты робіш там базу — гэта значыць, пад нейкія мэты і пад нейкае фінансаваньне. Насамрэч адзіны касьцяк, які застаецца ў Прыгожына, — гэта тыя актывы, якія ёсьць у Афрыцы, у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, у Малі, Чадзе, у Лібіі, у Сырыі. Там, дзе ў «Вагнэра» ёсьць нейкія рэсурсныя магчымасьці.
Калі ўзяць базы ПВК Вагнэра ў Беларусі, дык пад якія задачы і хто фінансуе? Расея дакладна ня будзе гэта фінансаваць, бо страх — ён і ў Афрыцы страх, асабліва перад Прыгожыным... У Расеі гэты страх будзе вельмі і вельмі высокі. Фінансаваць яны свой жа ўласны страх сапраўды ня будуць.
Ці будзе Беларусь мець магчымасьць фінансаваць ПВК у тым абʼёме, які неабходны для функцыянаваньня гэтай арганізацыі? Наўрад ці. Ці будзе ў ПВК Вагнэра мэта, якую будзе ставіць, напрыклад, Лукашэнка для таго, каб яны маглі сапраўды ствараць базы і гэтыя базы выкарыстоўваць па прамым прызначэньні? Наўрад ці.
— Лукашэнка зможа кантраляваць Прыгожына і яго байцоў?
— Лукашэнка дакладна ня здолее нікога кантраляваць. Я думаю, што 2020 паказаў слабасьці ягонай вэртыкалі. Нягледзячы на тое, што ён спрабуе там закручваць, арыштоўваць людзей і гэтак далей, насамрэч ён да гэтага часу знаходзіцца ў такім шокавым стане і разумее, што кантроль — гэта вельмі ўмоўнае паняцьце. І сапраўды, ты ня зможаш кантраляваць людзей, якія табе нічым не абавязаныя і з табой ня маюць ніякіх агульных спраў.
Таму гэта, канечне, для яго рызыкоўная гульня. Я не зусім пакуль разумею да канца, навошта ён у яе ўцягнуўся. Але ён і бяз гэтага валодае дастаткова слабымі аналітычнымі магчымасьцямі і, вядома, не прагназуе наступствы сваіх крокаў. Але ж у Лукашэнкі сытуацыя вельмі простая. Чым хутчэй упадзе Расея ў цяперашнім палітычным выглядзе, тым менш шанцаў у яго нешта кантраляваць. І нават калі ў яго будзе 500 вагнэраўцаў, яны наўрад ці яго абароняць ад уласнага народу.
Ведаеце, у Лукашэнкі ў чым праблема? З аднаго боку — гэта палітычная канструкцыя, якая на 90% дафінансуецца Расеяй, і гэта забясьпечвае яму каркасную ўстойлівасьць. А зь іншага боку, ён жа ўзяў перад сабой істотныя даўгі па выніках лета-восені 2020 году. Тады ж пратэст супраць Лукашэнкі быў мадэраваны не апазыцыяй, да якой ён прывык з 1994 году.
Тады гэта былі шчырыя пратэставыя працэсы беларускага грамадзтва, і, адпаведна, ён зашмат даўгоў перад гэтым грамадзтвам мае за кошт зьбіваньняў, масавых арыштаў і гэтак далей. І ён гэта падсьвядома разумее, што ўсе гэтыя даўгі ніхто ня будзе сьпісваць, як былі сьпісаныя даўгі за 2010 год ці нават раней. Таму я думаю, што ён цудоўна разумее, што яго ніхто не абароніць, акрамя самога Лукашэнкі.
«Лукашэнка баіцца ўсяго і не дазволіць мець канцэнтраваны лягер»
— У вас ёсьць інфармацыя ад выведкі, дзе менавіта лягер ПВК Вагнэра ў Беларусі?
— Яны пакуль паказваюць, што гэта Асіповічы, Асіповіцкі раён у асноўным, гэта значыць Магілёўская вобласьць. Я, шчыра кажучы, ня думаю, што гэта будуць нейкія істотныя абʼёмныя лягеры. Гэта хутчэй будуць офісы ў Менску, якія будуць дазваляць знаходзіцца пэўнай частцы каманднага складу. Але гэта, напэўна, будуць яшчэ і трэніровачныя лягеры, напрыклад, у той жа Марʼінай Горцы, дзе часткі спэцназу і дзе будуць праводзіцца пэўныя трэнінгі інструктараў ПВК Вагнэра для беларускіх спэцназаўцаў.
Мне падаецца, што Лукашэнка, яшчэ раз паўтараю, настолькі сацыяпатычны, настолькі ён баіцца ўсяго, што не дазволіць мець недзе канцэнтраваны лягер, дзе будзе, дапусьцім, сабрана 5-6 тысяч вагнэраўцаў, якія нікому ня будуць падпарадкоўвацца і ў той жа час увесь час будуць варыцца ва ўласным соку. Лукашэнка разумее, што ў нейкі момант у іх можа там з галавой нешта зноў адбыцца, і яны палічаць, што ён не зьяўляецца належным лідэрам Беларусі, і маршам рушаць на Менск. Я, шчыра кажучы, не зусім уяўляю, што будзе рабіць Лукашэнка, калі такая ж сытуацыя, як у Маскве, адбудзецца ў Менску. І тут Масква наўрад ці ўмяшаецца. Перагаворшчыка адтуль дакладна ня будзе. А марш Прыгожына з Асіповічаў і, дапусьцім, да Менску зойме нават менш за 5-6 гадзінаў... Я думаю, што тут Лукашэнка зробіць правільную работу з пункту гледжаньня ўласнай бясьпекі.
«Беларусь дакладна будзе інтэграваная ў адзіную эўрапейскую прастору»
— Амбасадара Ўкраіны ў Беларусі звольнілі, новага яшчэ не прызначылі. Па-вашаму, Украіне патрэбен амбасадар у РБ?
— Добрае пытаньне. Мне здаецца, што нашы адносіны знаходзяцца ў вельмі замарожаным стане, таму што — і вуснамі прэзыдэнта Ўкраіны, і мы ўвесь час пра гэта гаворым — мы выразна фіксуем, што Беларусь сёньня займае выключна прарасейскую, агрэсіўную пазыцыю. Беларусь не зацікаўленая ў сяброўскіх адносінах з Украінай. Беларусь ня мае ніякіх стасункаў з Украінай. Там ні бізнэсу, ні культурных, ні інфармацыйных, ніякіх адносін. І дыпляматычныя адносіны тут патрэбныя хутчэй толькі як магчымасьць забіраць тых ці іншых людзей зь Беларусі, калі яны выказалі такое жаданьне і знаходзяцца пад рэпрэсіямі. Але гэта консульскі складнік, ня больш за тое.
Мне здаецца, што гэтая вайна цалкам перафарматуе ня толькі Расею, але і Беларусь, і цалкам перафарматуе нашы адносіны зь Беларусьсю, таму што я ўсё ж значна цяплей стаўлюся да Беларусі па зразумелых прычынах і лічу, што гэта эўрапейская краіна, за выключэньнем некаторых рэгіёнаў, дзе Расея мае больш дамінуючую прысутнасьць. І, адпаведна, Беларусь дакладна будзе інтэграваная ў эўрапейскую адзіную прастору. Можа, ня так хутка, як беларусам хацелася б, але дакладна будзе аддзелена ад Расеі.
Расея ж ператворыцца ў краіну непрыкаянага тыпу, якая будзе нікому не патрэбная. Ну, неяк крышку будзе плаціць рэпарацыі, крышку будзе аддаваць сыравіну па дэмпінгавых цэнах і, адпаведна, паступова галець, галець і галець.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.