Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NATO і Пэнтагон пракамэнтавалі прыезд Прыгожына ў Беларусь і магчымае разьмяшчэньне байцоў ПВК «Вагнэр»


Ілюстрацыйнае фота. Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын выяжджае з Растова-на-Доне пасьля спыненьня мяцяжу, 24 чэрвеня 2023
Ілюстрацыйнае фота. Кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын выяжджае з Растова-на-Доне пасьля спыненьня мяцяжу, 24 чэрвеня 2023

NATO будзе назіраць за Яўгеніем Прыгожыным і ягонай прыватнай вайсковай кампаніяй «Вагнэр» у Беларусі, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг па выніках сустрэчы 27 чэрвеня ў Гаазе з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў краін NATO.

«Я лічу, што яшчэ занадта рана рабіць якія-небудзь канчатковыя высновы аб наступствах таго, што Прыгожын пераехаў у Беларусь і што, хутчэй за ўсё, частка яго сіл таксама будзе знаходзіцца ў Беларусі. Занадта рана гаварыць. Але мы будзем маніторыць і забясьпечым пастаянную гатоўнасьць абараняць кожнага саюзьніка па NATO, асабліва саюзьнікаў, якія мяжуюць зь Беларусьсю», — падкрэсьліў Столтэнбэрг падчас прэс-канфэрэнцыі.

Паводле Столтэнбэрга, яшчэ занадта рана гаварыць і пра доўгатэрміновыя наступствы мяцяжу Прыгожына, у тым ліку для NATO, але Альянс уважліва сочыць за разьвіцьцём падзей і «ўжо павысіў боегатоўнасьць і ваенную прысутнасьць ва ўсходняй частцы NATO». Далейшыя рашэньні для ўмацаваньні калектыўнай абароны ён паабяцаў прыняць на саміце NATO, які адбудзецца «ўсяго празь некалькі дзён».

Як заявіў Столтэнберг, альянс накіраваў Маскве і Менску «выразны сыгнал аб тым, што NATO існуе для абароны кожнага саюзьніка, кожнай цэлі на тэрыторыі NATO».

«Мы робім гэта не для таго, каб справакаваць канфлікт, а для таго, каб прадухіліць яго», — падкрэсьліў генсакратар NATO.

У Пэнтагоне, камэнтуючы выезд Прыгожына ў Беларусь, заявілі, што пакуль не фіксуюць ніякай дадатковай вайсковай дзейнасьці, зьвязанай з ПВК «Вагнэр» у краіне.

«Што тычыцца Беларусі, мы добра ведаем, што Беларусь і Расея падтрымліваюць адносіны. На гэты момант мы ня бачым ніякіх указаньняў на якую-небудзь дадатковую ваенную дзейнасьць, якая прадухіляла б пагрозы або ўяўляла б пагрозы», — сказаў прэс-сакратар амэрыканскага абароннага ведамства Пэт Райдэр, адказваючы на пытаньне, ці ўяўляе зьяўленьне ПВК «Вагнэр» у Беларусі пагрозу для NATO.

Райдэр падкрэсьліў, што «не зьбіраецца спэкуляваць» на прадмет магчымай дзейнасьці ПВК «Вагнэра» ў Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны.

Таксама прэс-сакратар Пэнтагону заявіў, што падразьдзяленьні ПВК «Вагнэр» усё яшчэ застаюцца ва Ўкраіне. «Мы ведаем аб тым, што войскі „Вагнэра“ знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны», — сказаў ён.

27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі і атрымаюць у сваё распараджэньне закінутую вайсковую частку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG