Яго абвінавачваюць у «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці», «арганізацыі масавых беспарадкаў», «легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам» і «ўхіленьні ад выплаты падаткаў».
Пад вартай Эдуарда ўтрымліваюць больш за тры гады.
28 чэрвеня пракурор Аляксандар Кароль запрасіў для яго 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведаміла «Вясна».
Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць, сярод іншага, у легалізацыі («адмываньні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на працягу каля дзесяці гадоў (з 2012 па 2022 год). Гаворка пра краўдфандынгавыя плятформы «Вулей» і «Мола-мола».
Паводле абвінавачаньня, Эдуард Бабарыка нібыта дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці, паведамляе БелТА.
Судзьдзя Ўладзімер Арэшка агучыць прысуд 5 ліпеня.
Віктар Бабарыка на судзе над сваім сынам так і не зьявіўся, хоць улады распаўсюджвалі такую інфармацыю. Гэта яшчэ больш узмацніла падазрэньні ў грамадзтве аб праблемах Бабарыкі-старэйшага са здароўем.