Пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы ў Херсонскай вобласьці рака Дняпро вярнулася ў сваё прыроднае рэчышча, якое было да будаўніцтва на гэтым месцы гідраэлектрастанцыі, але пад вадой яшчэ застаюцца 19 населеных пунктаў.
«Падтопленымі застаюцца 2 населеныя пункты на правым беразе Дняпра і 17 — на часовай акупаванай Расеяй тэрыторыі», — паведамілі ў апэратыўным штабе па ліквідацыі наступстваў зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.
На падкантрольнай Украіне тэрыторыі ратавальнікі працягваюць адпампоўваць ваду і забясьпечваюць пітной і тэхнічнай вадой жыхароў пацярпелых раёнаў. Найгоршая сытуацыя зь пітной вадой у горадзе Нікапалі Днепрапятроўскай вобласьці.
Што адбываецца на захопленай Расеяй тэрыторыі, дакладна не вядома. Акупацыйныя ўлады паведамляюць толькі, што мясцовыя жыхары ў часе паводкі «праявілі гераізм і нават не спалохаліся».
Раней паведамлялася, што расейцы не дапамагалі жыхарам затопленых раёнаў эвакуавацца. Украінскія ўлады не выключалі, што на падкантрольнай Расеі тэрыторыі шмат жыхароў загінулі. Але і цяпер невядомыя дакладныя лічбы ахвяр зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.
Выпадкаў распаўсюджваньня халеры не зарэгістравалі
Эпідэміёлягі штодзень кантралююць стан вады ў басэйне ракі Дняпро і Чорным моры. Пакуль што небясьпечных інфэкцый ня выявілі. Міністэрства здароўя Ўкраіны заявіла, што паведамленьні аб нібыта ўспышцы халеры не адпавядаюць рэчаіснасьці.
У Чорным моры ля ўзьбярэжжа Адэсы дагэтуль фіксуюць перавышэньне ў тры разы «завіслых рэчываў», да якіх адносяць нафтапрадукты, нітраты, сульфаты, фасфаты.
У Міністэрстве турызму Баўгарыі паведамілі, што бяруць пробы вады ў Чорным моры на адлегласьці 1-1,5 кілямэтра ад берага.
«Кантралююцца тыя ж паказчыкі, што і на берагавых станцыях (мэталы, нафтапрадукты, радыянукліды, пэстыцыды і іншыя рэчывы). Дадзеных аб забруджваньні баўгарскіх тэрытарыяльных водаў у Чорным моры, паводле апошніх назіраньняў і аналізаў, няма», — паведамілі ў міністэрстве.
Узровень вады ў сажалках ЗАЭС стабільны
Нацыянальная дзяржаўная кампанія «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі атамнымі станцыямі ва Ўкраіне, паведаміла, што, нягледзячы на зьнішчэньне Кахоўскай дамбы, сытуацыя на Запароскай АЭС застаецца стабільнай і кантраляванай.
«На 10-ю раніцы 28 чэрвеня ўзровень вады ў сажалцы-ахаладжальніку Запароскай АЭС бязь зьменаў. Цяпер ён складае 16,58 мэтра. Гэтага дастаткова для забесьпячэньня патрэбаў станцыі», — адзначаецца ў паведамленьні кампаніі.
Дамбу Кахоўскай ГЭС разбурылі ноччу 6 чэрвеня. У выніку вада затапіла вялікія тэрыторыі ніжэй па плыні паабапал Дняпра, вадасховішча вышэй абмялела. Дзясяткі паселішчаў аказаліся пад вадой, больш затапіла акупаваны расейцамі правы бераг Дняпра.
Вядома пра гібель 10 чалавек, 42 асобы лічацца зьніклымі бязь вестак, палічыць усіх ахвяраў украінскія ўлады пакуль ня могуць. Загінула каля 300 жывёлаў з Кахоўскага заапарку, а таксама хатнія гадаванцы і дзікія зьвяры. Моцна забрудзілася вада ў басэйне Дняпра. Украіна ацэньвае шкоду ад разбурэньня Кахоўскай ГЭС у 1,5 мільярда даляраў.