Як піша ВВС, права хадзіць топлес замацаванае каталёнскім законам аб роўнасьці ў 2020 годзе.
Аднак некаторыя муніцыпальныя басэйны не дапусьцілі гэтай практыкі з моманту ўвядзеньня заканадаўства, выклікаючы дзясяткі скаргаў кожнае лета.
Цяпер мясцовым уладам загадана забараніць любую форму дыскрымінацыі.
Забарона жанчынам хадзіць топлес «дыскрымінуе частку насельніцтва і парушае свабодны выбар кожнага чалавека ў дачыненьні да свайго цела», паведаміў дэпартамэнт каталёнскага ўраду ў пытаньнях роўнасьці і фэмінізму ў афіцыйным лісьце.
У дакумэнце адзначаецца, што мясцовыя ўлады павінны «абараняць ад дыскрымінацыі па любых матывах... у тым ліку па прыкмеце полу або гэндэру, рэлігійных перакананьняў або адзеньня».
Прадугледжваецца дазвол карміць грудзьмі, а таксама выкарыстоўваць купальныя строі на ўсё цела, у тым ліку мусульманскія «буркіні».
Прэс-сакратар Каталёнскага дэпартамэнту ў пытаньнях роўнасьці заявіў гішпанскім СМІ, што ліст быў проста «напамінам», але муніцыпалітэты абавязаны яму падпарадкоўвацца.
Рэгіянальны ўрад, які ўзначальваюць левыя каталёнскія рэспубліканцы (ERC), якія выступаюць за незалежнасьць, тэарэтычна можа аштрафаваць любую мэрыю, якая парушыць норму, да 500 000 еўра (430 000 фунтаў).
Многія са скаргаў, пададзеных супраць мэрый, дзе хадзіць топлес не было дазволена, былі накіраваныя актывістамі фэмінісцкай групы Mugrons Lliures («Вольныя смочкі»).
«Гэта пытаньне гэндэрнай роўнасьці: мужчыны маглі [хадзіць топлес], а жанчыны не маглі», — сказала Марыёна Трабаль, прэс-сакратарка групы.
«Мы ня ведаем, чаму яны так доўга чакалі, але мы вельмі шчасьлівыя», — дадала яна адносна ліста.