Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін расказаў, колькі патрацілі на ўтрыманьне ПВК «Вагнэр» зь дзяржаўнага бюджэту Расеі


Уладзімір Пуцін падчас свайго звароту да расейцаў. Скрыншот зь відэазапісу ад 24 чэрвеня 2023 году. Масква, Расея
Уладзімір Пуцін падчас свайго звароту да расейцаў. Скрыншот зь відэазапісу ад 24 чэрвеня 2023 году. Масква, Расея

«Спадзяюся, што ў часе гэтых прац ніхто нічога ня скраў або, скажам так, скраў меней», — дадаў Уладзімір Пуцін і паабяцаў з гэтым разабрацца.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што на ўтрыманьне прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» з траўня 2022 году па травень 2023 году зь дзяржаўнага бюджэту Расеі выдзелілі 86,2 мільярда расейскіх рублёў (больш за адзін мільярд даляраў у эквіваленце. — РС).

Як паведаміла расейскае інфармацыйнае агенцтва РБК, з гэтай сумы 70,3 мільярда рублёў пайшло на грашовае забесьпячэньне вайскоўцаў-наймітаў і 15,8 мільярда рублёў — на стымуляваньне ўдзелу ў ПВК.

Яшчэ 110,1 мільярда расейскіх рублёў пайшлі на страхавыя выплаты вагнэраўцам і іхным сем’ям, а 80 мільярдаў рублёў склалі даходы кампаніі «Конкорд», уласьнікам якой зьяўляецца Яўгеній Прыгожын, за выкананьне вайсковых заказаў па арганізацыі харчаваньня войска.

«За год уласьнік кампаніі „Конкорд“ праз „Военторг“ атрымаў, зарабіў ад дзяржавы за пастаўку прадуктаў харчаваньня і паслуг па харчаваньні ў арміі, 80 мільярдаў рублёў», — працытавала агенцтва словы Ўладзіміра Пуціна.

«Утрыманьне [групы „Вагнэр“] цалкам узяла на сябе дзяржава, а частка вось гэтай усёй групы — кампанія „Конкорд“ — у той жа час зарабіла 80 мільярдаў рублёў», — адзначыў расейскі прэзыдэнт.

«Спадзяюся, што ў часе гэтых прац ніхто нічога ня скраў або, скажам так, скраў меней», — дадаў Уладзімір Пуцін і паабяцаў з гэтым разабрацца.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG