Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што спроба мяцяжу расейскай ПВК «Вагнэр» супраць Крамля — часткай барацьбы ўнутры расейскай сыстэмы, і што ЗША і іх саюзьнікі ня маюць да яе ніякага дачыненьня. Пра гэта інфармуе Голас Амэрыкі.
«Мы ясна далі зразумець, што мы ня ўдзельнічалі, што мы ня маем да гэтага ніякага дачыненьня», — сказаў Байдэн у панядзелак у сваіх першых камэнтарах з нагоды падзей, якія мелі месца ў мінулыя выходныя.
«Гэта было часткай барацьбы ўнутры расейскай (палітычнай) сыстэмы, — падкрэсьліў Байдэн. — Мы будзем працягваць ацэньваць наступствы падзеяў, якія адбыліся ў гэтыя выходныя, і іх наступствы для Расеі і Ўкраіны».
Пытаньне аб спробе мяцяжу ў Расеі Джо Байдэн закрануў, выступаючы на мерапрыемстве ў Белым доме. Прэзыдэнт паведаміў, што даручыў сваёй камандзе ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі інфармаваць яго пра сытуацыю «кожную гадзіну» і падрыхтавацца да шэрагу сцэнарыяў.
Спэцслужбы РФ высьвятляюць, ці адыгралі заходнія шпіёнскія агенцтвы якую-небудзь ролю ў спробе мяцяжу, паведаміла ў панядзелак расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС са спасылкай на кіраўніка МЗС краіны Сяргея Лаўрова.
Прэзыдэнт Байдэн расказаў, што ён пагутарыў з ключавымі саюзьнікамі ў рэжыме відэаканфэрэнцыі, каб пераканацца, што ўсе каардынуюць свае дзеяньні і згодныя па асноўных праблемах, зьвязаных з тым, што адбываецца.
«Яны пагадзіліся са мной, што мы не павінны дазволіць Пуціну атрымаць падставу абвінаваціць у гэтым Захад і NATO», — растлумачыў Байдэн.
Кіраўнік Белага дому, які ў нядзелю пагутарыў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, таксама паведаміў, што пагаворыць зь ім зноў пазьней у панядзелак або раніцай у аўторак.
«Я сказаў яму, што незалежна ад таго, што адбылося ў Расеі... мы, Злучаныя Штаты, будзем працягваць падтрымліваць абарону Ўкраіны, яе сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць», — падкрэсьліў Байдэн, дадаўшы, што ён будзе ў пастаянным кантакце зь Зяленскім і саюзьнікамі ЗША.
Па словах Байдэна, ён і яго каманда працягнуць аналіз наступстваў здарэньня.
«Пакуль рана рабіць канчатковыя высновы пра тое, да чаго гэта прывядзе, — сказаў кіраўнік Белага дому, дадаўшы, што «важна, каб мы цалкам каардынавалі свае дзеяньні».
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.