24 чэрвеня прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што пасьля спробы мяцяжу кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын «сыдзе ў Беларусь».
«Два прэзыдэнты сапраўды дамовіліся, што прэзыдэнт Лукашэнка будзе аказваць пасярэдніцкія намаганьні ва ўрэгуляваньні сытуацыі. Справа ў тым, што Аляксандар Рыгоравіч даўно асабіста знаёмы з Прыгожыным, каля 20 гадоў, і гэта была яго асабістая ініцыятыўная прапанова, якая была ўзгоднена з прэзыдэнтам Пуціным», — сказаў Пяскоў.
Перад гэтым стала вядома, што спыніць рух вайсковай калёны на Маскву Прыгожына ўгаварыў Лукашэнка. Пра гэта паведаміў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі «Пул першага». Кіраўнік ПВК «Вагнэр» пацьвердзіў гэтую інфармацыю. Разьбіраемся, што можа зьвязваць Лукашэнку зь Яўгеніем Прыгожыным.
Знаёмства ў рэстаране New Island
Яўгеній Прыгожын пачынаў свой бізнэс з адкрыцьця сеткі продажу хот-догаў яшчэ ў 1990-х. У 1996-м ён вырашыў заняцца рэстаранамі для эліты. Тады ж адкрыў рэстаран «Старая таможня» ў Пецярбургу. У 1998-м купіў стары цеплаход «Масква-177» і адкрыў на ім плывучы рэстаран New Island. Там жа Прыгожын і мог пазнаёміцца з Лукашэнкам. Справа ў тым, што ў той момант у Пецярбургу гэта было папулярнае месца для сустрэч палітычнай і бізнэс-эліты. У гэтым рэстаране ў чэрвені 1999-га тагачасны расейскі прэм’ер Сяргей Сьцяпашын сустракаўся з кіраўніком МВФ Мішэлем Камдэсю. Там жа Пуцін прымаў францускага прэзыдэнта Жака Шырака.
Як запэўніў колішні кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Аляксандар Зімоўскі, Лукашэнка і Прыгожын пазнаёміліся ў 2002 годзе, адбылося гэта якраз у плывучым рэстаране New Island. Там жа прысутнічаў, па яго словах, і Зімоўскі.
«Аляксандар Лукашэнка падчас свайго візыту ў Расею ў 2002 годзе вырашыў паабедаць у кампаніі з прэзыдэнтам Расеі ў Санкт-Пецярбургу ў плывучым рэстаране New Island. Гэты плывучы рэстаран, шалёна папулярны сярод фінансавай і палітычнай эліты, належаў тады менавіта Яўгенію Прыгожыну. І ён быў прадстаўлены беларускаму прэзыдэнту. Лукашэнку абед спадабаўся, за што ён асабіста падзякаваў Яўгенію Прыгожыну і паціснуў яму руку», — расказаў Зімоўскі выданьню aif.ru.
Затрыманьне 33 вагнэраўцаў і ўзаемныя камплімэнты
Зьвестак пра кантакты паміж Лукашэнкам і Прыгожыным падчас 20-гадовага знаёмства вельмі мала. У 2020 годзе напярэдадні выбараў у Беларусі затрымалі 33 вагнэраўцаў. Тады беларускія дзяржаўныя мэдыя паведамлялі, што байцы падкантрольнага Прыгожыну ПВК нібыта плянуюць удзельнічаць у беспарадках на тэрыторыі Беларусі. Тады расейскія ўлады сьцьвярджалі, што гэта «правакацыя трэцяй краіны», а пазьней абвінавацілі ў гэтай «правакацыі» Ўкраіну.
Украіна ж настойвала на выдачы ёй вагнэраўцаў, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе. Байцоў ПВК «Вагнэр» затрымалі ў Беларусі 29 ліпеня, а ўжо 14 жніўня стала вядома пра іх вяртаньне ў Расею. Лукашэнка тады казаў, што ягоны старэйшы сын Віктар езьдзіў выбачацца перад імі, перш чым перадаць вагнэраўцаў расейскім уладам.
Яўгеній Прыгожын не крытыкаваў Лукашэнку за затрыманьне ягоных байцоў, а наадварот, хваліў.
«У мяне няма сумневаў, што КДБ Беларусі і Аляксандар Рыгоравіч разьбяруцца ў сытуацыі. Ён дастаткова патрабавальны, але ў выніку заўсёды прымае правільныя рашэньні. Магу з упэўненасьцю сказаць, што я і мае сябры заўсёды ставіліся і ставімся да Аляксандра Рыгоравіча з павагай, як да чалавека, блізкага па духу і характары. Зычу яму толькі дабра», — сказаў тады Прыгожын.
«Цацка ў чужых руках»
6 жніўня 2020 году, за тры дні да выбараў, Лукашэнка даў інтэрвію ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону. У размове ён згадаў Прыгожына.
«Ці вы кажаце „Вагнэр“. Мы ж ведаем, хто ўзначальвае структуру, Жэня Прыгожын. Я яго так і называю, Жэня. У нас зь ім найлепшыя адносіны. Блізкія», — сказаў тады Лукашэнка.
Тады ж ён заявіў, што Прыгожын — «цацка ў чужых руках».
«Мне, вядома, вельмі прыкра, што вось гэтыя вагнэраўцы зь ім зьвязаныя. Але, з другога боку, ён жа цацка ў чужых руках. Ня ён жа прымае рашэньні. Так, ён гэта арганізоўвае, у яго бізнэс, ён плаціць ім, мусіць. Ну ня ён гэта. Крыху вышэй. Намесьнікі міністраў. Некаторыя па Беларусі пабегалі — не атрымалася. І вось ім трэба даказаць, што мы вось Беларусь цёпленькую прынясём і кінем да нейкай крамлёўскай вежы», — гаварыў Лукашэнка, прыгадваючы затрыманьне 33 вагнэраўцаў у Беларусі.
Прыгожын тады пацьвердзіў словы Лукашэнкі пра іх знаёмства і цёплыя адносіны.
«Ды сапраўды я вельмі добра і цёпла стаўлюся да Аляксандра Рыгоравіча і цудоўна разумею ягоны стан, калі перад сурʼёзнымі падзеямі ў жыцьці яго краіны і яго народу на яго аказваецца калясальны ціск з усіх бакоў. Многія заходнія дзяржавы спрабуюць маніпуляваць ім», — заявіў тады Прыгожын у адказ на словы Лукашэнкі.
А ў траўні 2021-га, калі ў Менску прымусова пасадзілі самалёт Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце, Прыгожын пахваліў Лукашэнку, бо той «ня даў с**ць яму ў твар».
«Слава, слава Лукашэнку! Паважаю, схіляюся, усім сэрцам падтрымліваю. Вялікі чалавек, які спыніў падонкаў і ня даў с**ць яму ў твар... Яшчэ раз, Аляксандар Рыгоравіч, з павагай, Прыгожын», — апублікавала тады камэнтар бізнэсоўца прэс-службаў ягонай кампаніі «Канкорд».
Такую цытату апублікавала выданьне openmedia.io, «Московская газета» ды іншыя выданьні, першакрыніца цяпер выдаленая.
Бізнэс-інтарэсы
Бізнэс-інтарэсы Прыгожына ў Расеі — гэта грамадзкае харчаваньне, клінінг, будаўніцтва вайсковых аб’ектаў, мэдыя, «фабрыка троляў», будоўля ды інш. Пра філіялы ягоных кампаній у Беларусі невядома. Пра дзейнасць ПВК «Вагнэр» у Беларусі таксама вядома няшмат. Паводле непацьверджанай інфармацыі, баевікі гэтай арганізацыі маглі праходзіць падрыхтоўку ў адной зь беларускіх частак Сіл спэцыяльных апэрацый.
У лютым 2021 году ФБР абвесьціла Прыгожына ў росшук і прызначыла ўзнагароду за дапамогу ў ягоным арышце 250 тысяч даляраў. Прычына — умяшаньне ў амэрыканскія выбары.
Апошні раз Яўгеній Прыгожын быў заўважаны ўвечары 25 чэрвеня ў Растове. Пра яго прыбыцьцё на тэрыторыю Беларусі па стане на 13 гадзінаў 26 чэрвеня нічога не вядома.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.