Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бандыты з бандытамі распраўляюцца». Як заходнія палітыкі адрэагавалі на мяцеж Прыгожына


Сэнатар-дэмакрат Бэн Кардзін. Архіўнае фота.
Сэнатар-дэмакрат Бэн Кардзін. Архіўнае фота.

Сабралі некаторыя рэакцыі на падзеі ў Расеі заходніх палітыкаў, многія зь якіх лічаць, што спроба ўзброенага мяцяжу паказвае «сапраўдныя расколіны» ва ўладзе Пуціна.

У ЗША сэнатар-дэмакрат Бэн Кардзін заявіў, што ўзброенае паўстаньне групы «Вагнэр» зьяўляецца прыкметай таго, што ўлада прэзыдэнта Пуціна слабее.

У інтэрвію тэлеканалу Fox News Sunday Кардзін указаў на паўстаньне ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына як на сьведчаньне зьніжэньня даверу да Пуціна, нават сярод яго даўніх саюзьнікаў:

«Пуцін страціў давер уласнага народу. Яго тлумачэньне таго, чаму ён пайшоў ва Ўкраіну, цяпер выклікае сумнеў, я думаю, у грамадзкай думцы і ў самой Расеі», — адзначыў Кардзін.

«Гэта бандыты з бандытамі распраўляюцца», — сказаў ён. Ён падкрэсьліў, што «вельмі важна, каб ЗША працягвалі падтрымліваць Украіну і не бянтэжыліся тым, што адбываецца ў Расеі, калі гаворка ідзе пра патрэбы ўкраінцаў».

У сваю чаргу сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм выказаў упэўненасьць, што і Пуцін, і Прыгожын павінны паўстаць перад судом у Гаазе:

«Сапраўдны марш да справядлівасьці» ў Расеі заканчваецца ў Гаазе як для Пуціна, так і для Прыгожына», — напісаў у твітэры Ліндсі Грэм.

Як раней паведамляў «Голас Амэрыкі», дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў, што спроба дзяржаўнага перавароту ў Расеі паказвае «сапраўдныя расколіны» ва ўладзе Пуціна:

«Сам Прыгожын падчас усяго гэтага інцыдэнту падняў глыбокія пытаньні наконт саміх перадумоў расейскай агрэсіі супраць Украіны, заявіўшы, што Украіна або НАТА не ўяўляюць пагрозы для Расеі, што зьяўляецца часткай наратыву (прэзыдэнта) Пуціна. І гэта быў прамы выклік уладзе Пуціна. Такім чынам, гэта выклікае глыбокія пытаньні. Гэта паказвае сапраўдныя расколіны», — сказаў Блінкен CBS News.

Высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што бунт «Вагнэра» паказаў, што вайна ва Ўкраіне «падрывае расейскую моц»:

«Тое, што адбылося ў гэтыя выходныя, паказвае, што вайна супраць Украіны падрывае моц Расеі і ўплывае на яе палітычную сыстэму», — заявіў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЭЗ.

«Дрэнна бачыць, што такая ядзерная дзяржава, як Расея, можа трапіць у фазу нестабільнасьці. Гэта таксама неабходна ўлічваць», — сказаў Бурэль журналістам.

Паводле яго, «найважнейшая выснова заключаецца ў тым, што вайна супраць Украіны, распачатая Пуціным, і монстар, якога Пуцін стварыў з „Вагнэрам“», цяпер павярнуліся супраць расейскага кіраўніка:

«Пачвара дзейнічае супраць свайго стваральніка, палітычная сыстэма дэманструе крохкасьць, а вайсковая моц дае расколіну», — сказаў Бурэль.

Міністар замежных спраў Швэцыі Тобіяс Більстрэм заявіў, што беспарадкі зьяўляюцца «ўнутранай справай» Расеі. Паводле яго, цяпер «самае галоўнае» — падтрымаць Украіну, каб яна магла адваяваць сваю тэрыторыю.

Нядаўнія падзеі ў Расеі сьведчаць аб «масіўных расколінах» унутры расейскай палітычнай сфэры, заявіла міністар замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак, дадаўшы, што Нямеччына ня будзе ўмешвацца ў тое, што яна назвала «ўнутрыпалітычнымі пытаньнямі»:

«Мы назіраем масавыя расколіны ў расейскай прапагандзе», — сказала Бэрбак, дадаўшы, што заходнія саюзьнікі будуць працягваць падтрымліваць Украіну ў вайне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG