У галоўным упраўленьні Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці паведамілі, што справы супраць мазыраніна Сяргея Калацэя, якога падазраюць у датычнасьці да забойстваў мірных жыхароў у горадзе Буча Кіеўскай вобласьці ў часе расейскай акупацыі, не закрылі і працягваюць яго вышук у сувязі тым, што ён хаваецца ад сьледзтва.
«Паведамляем, што сьледчы аддзел Бучанскага ўпраўленьня паліцыі ў Кіеўскай вобласьці ажыцьцяўляў дасудовае расьсьледаваньне ў асобным крымінальным вядзеньні паводле прыкмет крымінальных правапарушэньняў, прадугледжаных ч. 1 і ч.2 артыкулу 438 (парушэньне законаў і звычаяў вайны) Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, у часе якога падазраванага ўраджэнца Рэспублікі Беларусь абвясьцілі ў вышук у сувязі з тым, што ён хаваецца ад сьледзтва», — адзначаецца ў адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
Сяргея Калацэя ў гэтым адказе называюць не беларускім грамадзянінам, а менавіта ўраджэнцам Беларусі.
У той жа час паліцыя Кіеўскай вобласьці адмовілася адказаць на пытаньне, чым завяршылася паўторная праверка факту службы Сяргея Калацэя ў расейскіх войсках.
Кіраўніца аддзелу камунікацыі паліцыі Кіеўскай вобласьці Ірына Пранішнікава матывавала гэтую адмову заканадаўчай забаронай раскрываць зьвесткі дасудовага сьледзтва без дазволу сьледчага ці пракурора.
Летась у жніўні Кіева-Сьвятошынскі раённы суд Кіеўскай вобласьці падоўжыў дасудовае расьсьледаваньне справы Сяргея Калацэя да 2 лістапада 2022 году. Паколькі іншых рашэньняў суду аб падаўжэньні сьледзтва не публікавалі, пэўна, яго спынілі і абвясьцілі беларуса ў вышук, але справу, як вынікае з адказу паліцыі, не закрылі.
Што папярэднічала
Справу на Сяргея Калацэя завялі трэцяга красавіка 2022 году паводле ч. 1 і 2 артыкула 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны «Парушэньне законаў і звычаяў вайны, якое заключаецца ў жорсткім стаўленьні да цывільных, аб’яднаных з наўмысным забойствам». Гэта караецца пазбаўленьнем волі на 10–15 гадоў або пажыцьцёвым зьняволеньнем.
Мазыраніна ідэнтыфікавалі па відэазапісах з мазырскага аддзяленьня СДЭК, апублікаваных у красавіку, на якіх Сяргей Калацэй пакаваў для адпраўленьня пасылку.
Паводле сьледзтва, 18 сакавіка 2022 году на мяжы вуліц Назарыя Ярамчука і Яблунскай у горадзе Буча Кіеўскай вобласьці Сяргей Калацэй застрэліў па чарзе чатырох грамадзян Украіны.
Сьледзтва летась 2 траўня накіравала Сяргею Калацэю тэкст падазрэньня праз мэсэнджары Telegram і WhatsApp. Сьледчыя шэсьць разоў выклікалі беларуса на допыт, а пасьля таго, як ён не зьявіўся, суд ухваліў рашэньне аб ягоным завочным арышце і абвясьціў у вышук.
Сяргей Калацэй ад пачатку адмаўляе сваю віну, як і той факт, што нядаўна наведваў Украіну. Па словах Калацэя, ён мае толькі беларускі пашпарт і апошні час знаходзіўся ў Беларусі. У матэрыялах справы яго называюць грамадзянінам Расеі.
Тагачасная генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава заяўляла, што сьледчыя сабралі бясспрэчныя доказы аб датычнасьці да расстрэлу чатырох жыхароў Бучы ў Кіеўскай вобласьці, у тым ліку беларуса Сяргея Калацэя.
19 ліпеня 2022 году Вярхоўная рада Ўкраіны адправіла Ірыну Венядзіктаву ў адстаўку, а 28 ліпеня новым кіраўніком пракуратуры стаў Андрэй Косьцін. Ён быў выбраны ў Вярхоўную Раду Ўкраіны ад праўладнай партыі «Слуга народу» і да прызначэньня працаваў кіраўніком парлямэнцкага камітэту прававой палітыкі.