Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Ізраілю асудзілі напады габрэйскіх пасяленцаў на арабскія паселішчы


Адзін з блёк-постаў паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй
Адзін з блёк-постаў паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй

Кіраўнікі ізраільскіх службаў бясьпекі назвалі напады на палестынскія вёскі на акупаваным Заходнім беразе Ярдану «нацыяналістычным тэрарызмам», які заслугоўвае ўзмоцненых контрзахадаў.

Выказваньні з боку спэцслужбаў выклікалі гнеў ультраправых міністраў з ураду Бэньяміна Нэтаньягу, інфармуе Голас Амэрыкі.

Усплёск гвалту на мінулым тыдні на Заходнім беразе Ярдану ўключаў у сябе напады мноства ізраільскіх пасяленцаў на палестынскія гарады і вёскі, што выклікала міжнароднае асуджэньне і заклапочанасьць з боку Белага дому.

Па словах жыхароў, у суботу пасяленцы падпалілі як мінімум два дамы ў палестынскай вёсцы Ум-Сафа недалёка ад Рамалы. Ізраільскія вайскоўцы заявілі, што як мінімум адзін ізраільскі падазраваны арыштаваны. Міністар абароны Ёаў Галянт асудзіў гэты напад.

У сумеснай заяве кіраўнікі арміі, паліцыі і ўнутранай бясьпекі Ізраілю заявілі, што дзеяньні пасяленцаў ёсьць «нацыяналістычным тэрарызмам», зь якім яны паабяцалі змагацца.

Па іх словах, вайскоўцы нарошчваюць свае сілы ў гэтым раёне, каб прадухіліць гвалт, а служба ўнутранай бясьпекі Shin Bet пачне ўжываць арышты, у тым ліку «адміністрацыйнае затрыманьне», пры якім падазраваныя могуць утрымлівацца без прад’яўленьня абвінавачаньняў. Гэтая практыка ў асноўным выкарыстоўваецца Ізраілем супраць палестынскіх падазраваных у парушэньні бясьпекі і асуджаецца праваабарончымі групамі.

Міністар фінансаў Ізраілю Бэцалель Смотрыч раскрытыкаваў спэцслужбы за іх заяву, адзначыўшы, што нельга прыраўноўваць гэтыя акцыі да «забойчага арабскага тэрарызму».

Напады пасяленцаў на гэтым тыдні адбыліся пасьля інтэнсіўных перастрэлак у Джэніне, у выніку якіх загінулі 7 палестынцаў, палестынскай страляніны, у выніку якой загінулі 4 ізраільцяніны, і ізраільскага авіяўдару ў гэтым раёне па баевіках.

У суботу палестынскі баявік адкрыў агонь на ізраільскім кантрольна-прапускным пункце на Заходнім беразе і параніў ахоўніка, паведаміла паліцыя Ізраілю. Яны дадалі, што нападніка забілі на месцы здарэньня. Адказнасьць за ўзброены напад узяла на сябе «Брыгада пакутнікаў Аль-Аксы», узброеная групоўка, зьвязаная з партыяй ФАТХ прэзыдэнта Палестыны Махмуда Абаса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG