Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі на спэцыяльным брыфінгу 22 чэрвеня абвясьціла аб памілаваньні заснавальніка апазыцыйнай тэлекампаніі «Мтавары Архі» («Галоўны канал») Нікі Гварамія. 23 чэрвеня ён выйшаў на волю.
У траўні мінулага году гарадзкі суд Тбілісі вынес журналісту вырак: 3 гадоў 6 месяцаў пазбаўленьня волі за растрату і прысваеньне сродкаў тэлекампаніі «Руставі-2». Вэрдыкт гарадзкога суду пазьней пацьвердзілі апэляцыйныя судовыя інстанцыі.
Гварамія не прызнаваў сябе вінаватым і называў крымінальную справу супраць сябе «выключна палітычнай». Прадстаўнікі краін Захаду, у тым ліку дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту, а таксама Дзярждэпартамэнт ЗША неаднаразова казалі, што турэмнае зьняволеньне мэдыямэнэджара і журналіста «несумяшчальнае з інтэграцыяй у Эўразьвяз».
Раней Грузіі быў дадзены статус «краіны, якая валодае эўрапейскай пэрспэктывай». Для пераходу на больш высокі ўзровень інтэграцыі з ЭЗ Брусэль выставіў 12 умоў па правядзеньні глыбінных дэмакратычных рэформаў, у першую чаргу ў судовай сфэры.
Пасьля выхаду на волю з турмы ў горадзе Руставі Гварамія заклікаў Саламэ Зурабішвілі памілаваць былога прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі. Але яна адмаўляецца гэта зрабіць, заяўляючы, што пасьля такога рашэньня Саакашвілі ўсё роўна застанецца ў турме з прычыны вылучаных супраць яго абвінавачаньняў па іншых крымінальных справах.