Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі тэрмінова зьвярнуўся да ўкраінскага народу і міжнароднай супольнасьці: «Расея рыхтуе тэракт на Запароскай АЭС»


Запароская АЭС. Архіўнае фота
Запароская АЭС. Архіўнае фота

«Расея разглядае сцэнар тэрарыстычнага акту на Запароскай АЭС — тэрарыстычнага акту з выкідам радыяцыі. Яны ўсё падрыхтавалі для гэтага. Мы перадаём усю наяўную інфармацыю нашым партнэрам, кожнаму ў сьвеце», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Расея пасьля тэракту на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі рыхтуе новы тэракт, на Запароскай АЭС.

«Я нагадваю тым, хто забыўся: гэта найбольшая атамная станцыя ў Эўропе. Усе ў сьвеце — МАГАТЭ, усе краіны, усе лідэры — дакладна ведаюць, што там адбываецца. Расея выкарыстоўвае Запароскую АЭС як элемэнт сваёй агрэсіі. Трымае там зброю і вайскоўцаў», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт спаслаўся на зьвесткі, атрыманыя выведкай і спэцслужбамі Ўкраіны.

«Расея разглядае сцэнар тэрарыстычнага акту на Запароскай АЭС — тэрарыстычнага акту з выкідам радыяцыі. Яны ўсё падрыхтавалі для гэтага. Мы перадаём усю наяўную інфармацыю нашым партнэрам, кожнаму ў сьвеце. Усе доказы. Эўропа, Амэрыка, Кітай, Бразылія, Індыя, арабскі сьвет, Афрыка — усе краіны, абсалютна ўсе павінны гэта ведаць», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, назваў заяву Ўладзіміра Зяленскага аб падрыхтоўцы тэракту на ЗАЭС «чарговай хлусьнёй».

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. Цяпер усе яе блёкі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.

Запароская АЭС папаўняла аб’ём вады, неабходнай для сыстэм бясьпекі, з Кахоўскага вадасховішча. Раніцай 6 чэрвеня стала вядома аб разбурэньні дамбы Кахоўскай ГЭС. У яе падрыве ўкраінскія ўлады абвінавацілі расейскія акупацыйныя войскі, якія захапілі і кантралявалі ГЭС з 24 лютага 2022 года. Расейскія акупацыйныя ўлады, наадварот, заяўляюць, што менавіта ўкраінскія вайскоўцы абстралялі і пашкодзілі дамбу Кахоўскай ГЭС.

Ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом», якая ажыцьцяўляе кіраваньне ўсімі атамнымі электрастанцыямі ва Ўкраіне, заявілі, што падрыў дамбы на Кахоўскім вадасховішчы стварае дадатковыя пагрозы для бясьпекі акупаванай расейцамі Запароскай АЭС.

Расея неаднаразова заяўляла, што Ўкраіна абстрэльвае станцыю. Але экспэрты МАГАТЭ гэтага не пацьвярджалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG