Касмэтоляг Вольга (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) адзначае, што касмэталёгія — гэта пра лячэньне, сьвядомае спажываньне касмэтычных прадуктаў, перадухіленьне захворваньняў, а не пра эстэтыку, зморшчыны і вусны як у качкі. Сонца — адзін з самых галоўных ворагаў чалавека, кажа спэцыялістка.
«Раней, здаецца, пра гэта гаварылі мала. Пачуць, што ўльтрафіялет шкодны, мы маглі толькі ад доктара. Цяпер дзякуючы інтэрнэту пра гэта гавораць усе! І гэтыя „ўсе“ ня хлусяць. Наша сонейка вельмі рознабаковае і падступнае».
Спачатку трэба разабрацца ў відах выпраменьваньня. Іх тры, тлумачыць касмэтоляг.
- UVC — доўгахвалевае выпраменьваньне, вядомае пад назвай «гама-промні». Гама-промні амаль цалкам паглынаюцца кіслародам, азонавым слоем і парай яшчэ пры праходжаньні праз атмасфэру. Дзякуючы гэтаму яны практычна не нясуць небясьпекі. Небясьпечныя яны будуць, толькі калі вы апыняцеся ў космасе.
- UVВ — сярэдняхвалевае. Таксама паглынаецца атмасфэрнай абалонкай плянэты, на паверхню трапляе 10% промняў. Менавіта UVB-промні стымулююць утварэньне мэляніну ў скуры і адказваюць за «хуткі» загар. Яны ж правакуюць сонечныя апёкі і могуць стаць прычынай раку скуры.
- UVА — кароткахвалевае выпраменьваньне. Гэтыя промні даходзяць да паверхні зямлі, але бясьпечныя для жывых істот. Праходзяць праз аблокі і шкло, не выклікаюць апёкаў, але небясьпечныя для здароўя, бо пранікаюць глыбока ў дэрму. Гэтыя промні вельмі падступныя, яны разбураюць каляген і пашкоджваюць ДНК клетак, выклікаюць новаўтварэньні і прыводзяць да заўчаснага старэньня скуры.
Правіла запалкі
«Важна разумець, што чым вышэй сонца, тым больш інтэнсіўнае ўльтрафіялетавае выпраменьваньне. Ёсьць „правіла запалкі“: калі цень, які адкідае запалка, стоячы вэртыкальна, становіцца меншы, чым даўжыня самой запалкі, то трэба пакінуць сонечнае месца і перайсьці ў цень. Таксама ў летнія месяцы параўнальна бясьпечна быць на сонцы да 10 раніцы і пасьля 5 вечара», — кажа суразмоўца.
Спэцыялістка дадае, што, паводле статыстыкі, 25% усіх сонечных ваннаў у сваім жыцьці чалавек атрымлівае ў першыя 18 гадоў.
«На 80% павышаецца рызыка ўзьнікненьня мэляномы ў падлеткаў, якія з 15 да 20 гадоў атрымлівалі пяць і больш сонечных апёкаў скуры. На 78% меншая рызыка захварэць на рак скуры ў людзей, якія ў першыя 18 гадоў жыцьця карысталіся сонцаахоўнымі прэпаратамі».
Сонцаахоўным крэмам трэба карыстацца і зімой, і летам, падкрэсьлівае Вольга.
«Адзінае, зімой сонца зьяўляецца значна пазьней і зьнікае значна раней, таму прамежак, калі трэба карыстацца крэмам, невялікі. Улетку большы, прыкладна з 10 гадзіны раніцы да 5 вечара, магчыма нават раней. Лепш за ўсё глядзець у інтэрнэце на УФ-індэкс, па ім можна зразумець, ці трэба наносіць цяпер сонцаахоўны крэм. Калі на вуліцы няма сонца (яно ёсьць, але за аблокамі), то ўсё роўна абавязкова наносім сонцаахоўны крэм».
Калі вы працуеце ў памяшканьні побач з вакном, у якое сьвеціць сонца, вам таксама абавязкова трэба ахоўваць скуру крэмам, адзначае Вольга.
«Мне здаецца, усе бачылі фатаздымак дальнабойніка, які ўвесь час езьдзіў у машыне, і адзін бок твару быў пад сонцам. І адзін бок увесь у пігмэнтацыі, а другі досыць сьвежанькі. Таму трэба карыстацца сонцаахоўным крэмам, калі раптам вы седзіце каля вакна».
«У Беларусі ўлетку патрэбен SPF-50»
У складзе сонцаахоўных сродкаў могуць быць як фізычныя фільтры, так і хімічныя.
«Фізычныя — гэта дыяксыд тытану, аксыд цынку. Такія фільтры цалкам бясьпечныя, прымяняюцца ў сонцаахоўных крэмах для дзяцей. Але ёсьць момант — яны вельмі моцна выбельваюць твар, таму ня вельмі камфортныя для прымяненьня дарослымі людзьмі. Таму, як правіла, фізычныя фільтры зьмешваюць з хімічнымі».
Існуюць хімічныя фільтры старога пакаленьня, якія ня вельмі добра сябе зарэкамэндавалі — авабэнзон і октакрылен. Яны ня вельмі стабільныя, таму цяпер ня надта ўжываюцца ў сонцаахоўных сродках, кажа суразмоўца.
«На зьмену такім фільтрам прыйшлі добрыя хімічныя стабільныя фільтры. Акрамя таго, у рэцэптуру сонцаахоўных сродкаў часта цяпер уключаюць антыаксыданты і супрацьзапаленчыя агенты, і нават санскрыны-імунамадулятары. Таму, з пункту гледжаньня вытворчасьці, сонцаахоўная касмэтыка — адна з самых складаных катэгорый касмэтычных сродкаў, якая патрабуе вялікага досьведу. Але цяпер у нас на рынку дастатковая колькасьць клясных прадуктаў, таму выбраць для сябе нешта цяпер нескладана», — перакананая Вольга.
Атрымліваецца, для дзяцей прымяняюцца біяфільтры — фізычныя. А для дарослых — хімічныя, або хімічныя зь фізычнымі ў сумесі, для больш камфортнага нанясеньня, кажа касмэтоляг.
«На дадзены момант у Беларусі летам патрэбны SPF-50 [сонцаахоўны фактар] абавязкова, бо сонца зьяўляецца вельмі рана і вельмі позна заходзіць, яно досыць небясьпечнае. Узімку, у прынцыпе, хапае SPF-30».
Колькасьць сонцаахоўнага крэму вельмі важная
«Па правілах, на адзін участак цела трэба наносіць палову чайнай лыжкі. Значыць, на твар трэба нанесьці палову чайнай лыжкі крэму і разьмеркаваць яго. Можна гэта ў два этапы рабіць: частку нанёс, крэм „сеў“, потым другую частку. Можна і адразу ўсё наносіць».
Калі нанесьці крэму меней, чым палову чайнай лыжкі, то ён ня будзе «выпрацоўваць» увесь свой час, папярэджвае суразмоўца.
«Калі крэму нанесьці гарошыну, то наогул няма ніякага сэнсу ў выкарыстаньні SPF. Можна мераць яшчэ і двума пальцамі [крэм наносіцца па ўсёй даўжыні ўказальнага і сярэдняга пальцаў, з унутранага боку. — РС], але тады палоска павінна быць ня тоненькая, а тоўстая, добрая на адным і на другім пальчыку».
Сонцаахоўны крэм трэба абнаўляць
«Праз 2 гадзіны, дапусьцім, SPF-50 перастаў працаваць. Калі маеце нейкія сурвэткі вільготныя, то трэба прамакнуць стары слой і нанесьці новы слой сонцаахоўнага крэму і хадзіць далей яшчэ 2 гадзіны. Таксама ёсьць пудры мінэральныя з SPF, якія не «забіваюць» поры, добра «паводзяць» сябе на твары, матуюць яго і яшчэ ахоўваюць ад сонца. Адзінае, у такіх пудрах, як правіла, SPF-25, то бок малы прамежак часу, калі яны будуць працаваць.
Ёсьць яшчэ сонцаахоўныя спрэі, але важны момант — іх нельга ні ў якім выпадку ўдыхаць. Прымяняць іх ня вельмі камфортна, таму лепш за ўсё наносіць крэм, кажа спэцыялістка.
Што рабіць пры сонечным апёку?
«У вас дома заўсёды павінен быць пантэнол, нейкі ўвільгатняльны крэм. Пантэнол увільгатняе, супакойвае нашу скуру, якая падгарэла. Увогуле трэба памятаць, што галоўная ахова ад сонца — гэта цянёк, кепачкі і панамы, льняныя рэчы. Такім чынам, найлепшая ахова ад сонца — каб скура была цалкам закрытая ад сонечных промняў».