Паводле інфармацыі Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы па стане на 25 траўня, у польскіх навучальных установах зарэгістравана больш за 26 тысяч беларусаў, паведаміла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык.
У гэтай статыстыцы ня ўлічаныя студэнты ВНУ.
З гэтых 26 тысяч беларусаў
- 10,4 тысячы навучаюцца ў пачатковых школах,
- 8,7 тысячы — у паліцэальных школах (яны даюць магчымасьць атрымаць профільную прафэсійную адукацыю, нешта блізкае да беларускіх каледжаў і тэхнікумаў),
- 4,1 тысячы — у дашкольных установах,
- 2,8 тысячы — у агульнаадукацыйных школах.
Тэрытарыяльна — найбольш беларусаў навучаецца ў Мазавецкім ваяводзтве (8,65 тыс.), Ніжнесілезскім (3,21 тыс.), Падляскім (3,12 тыс.), Паморскім (3,11 тыс.) і Вялікапольскім (2,17 тыс.).
Для параўнаньня: 2021/2022 навучальны год у Польшчы скончылі 15 тысяч беларусаў.
- Паводле падлікаў дасьледчага цэнтру BEROC, за два гады толькі ў Польшчу зь Беларусі выехала 97–111,5 тысячы грамадзян.
- Як паведамілі Свабодзе ва Ўправе па справах замежных грамадзян Польшчы, з 2020 па сакавік 2023 году ў Польшчы выдалі 79 030 дазволаў на жыхарства для беларусаў. Сярод тых беларусаў, якія за тры гады пераехалі ў Польшчу на сталае месца жыхарства, большасьць складаюць людзі ва ўзросьце ад 18 да 34 гадоў.