Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія перадае Ўкраіне ўсе свае верталёты, — прэм’ер-міністар краіны


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Верталёт Mi-17 на латвійскай авіяцыйнай базе
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Верталёт Mi-17 на латвійскай авіяцыйнай базе

Латвія перадае Ўкраіне ўсе верталёты сваіх узброеных сіл, заявіў латвійскі прэм’ер-міністар Крышʼяніс Карыньш на міжнароднай канфэрэнцыі па аднаўленьні Ўкраіны ў Лёндане.

«У нас быў цэлы парк верталётаў. Усе гэтыя верталёты — апошнія цяпер перафарбоўваюць, каб яны маглі выкарыстоўвацца і добра выглядаць — мы адпраўляем ва Ўкраіну», — сказаў ён у сваім выступе на канфэрэнцыі, паведамляе «Настоящее время».

Колькі менавіта будзе перададзена верталётаў і ў якім яны стане, міністар не ўдакладніў.

Крышʼяніс Карыньш адзначыў, што Латвія «ніколі ня мела ілюзіяў» адносна Расеі і прыняла рашэньне перадаць Кіеву амэрыканскія пераносныя зэнітна-ракетныя комплексы «Стынгер» яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Яны прыбылі ва Ўкраіну — пасьля атрыманьня згоды ЗША — за дзень да пачатку вайны. Паводле міністра, Украіне перадалі ўсе комплексы «Стынгер», якія былі ў Латвіі.

З гэтага часу [з моманту перадачы «Стынгераў». — РС] урад Латвіі выдаткаваў больш за 1,3% ВУП на падтрымку Ўкраіны, сярод якіх 1% — забесьпячэньне ваенных патрэбаў Украіны на фронце, нагадаў латвійскі прэмʼер-міністар, дадаўшы, што неабходна павялічыць падтрымку Ўкраіны, а таксама інтэграваць яе ў Эўразьвяз і NATO.

Падчас сустрэчы са сваім украінскім калегам Дзянісам Шмыгалем Крышʼяніс Карыньш сказаў, што Латвія працягне падтрымліваць Украіну, у тым ліку мабілізуючы прыватныя сродкі. Паводле яго, вялікі ўнёсак могуць зрабіць латвійскія кампаніі.

21–22 чэрвеня ў Лёндане праходзіць міжнародная канфэрэнцыя па аднаўленьні Ўкраіны. Яе адкрылі прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (ён выступіў онлайн) і кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG