Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Казалі, што мы вярнулі веру ў рыцарскія ўзнагароды». Халезін і Каляда пра тое, як Ордэн Брытанскай Імпэрыі дапаможа змагацца з дыктатурай


Сузаснавальнікі Беларускага свабоднага тэатру Натальля Каляда і Мікалай Халезін
Сузаснавальнікі Беларускага свабоднага тэатру Натальля Каляда і Мікалай Халезін

Сузаснавальнікі Беларускага свабоднага тэатру Натальля Каляда і Мікалай Халезін расказваюць, якія прывілеі дае тытул членаў ордэна Брытанскай Імпэрыі і да чаго абавязвае, якія творчыя, грамадзкія дзеяньні, зьвязаныя зь Беларусьсю, могуць стаць больш хуткімі і спрыяльнымі праз гэтыя тытулы.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

«Мы атрымалі як брытанскія грамадзяне»

— Ордэн Брытанскай Імпэрыі — рыцарскі ордэн, заснаваны каралём Георгам V у 1917 годзе. Яго ўручаюць за дабрачыннасьць, дзяржслужбу, унёсак у мастацтва і навуку, у тым ліку замежным грамадзянам — яны становяцца ганаровымі чальцамі ордэна. Ці першыя вы беларусы, якія атрымалі гэтую ўзнагароду?

Мікалай Халезін: Мы дакладна ня можам сказаць, хто зь беларусаў атрымліваў. Пакуль у сьпісах за мінулыя гады не знайшлі людзей беларускага паходжаньня. Мы атрымалі як брытанскія грамадзяне. Думаю, што варта яшчэ пашукаць, бо ў Брытаніі была дастатковая колькасьць вядомых беларусаў, у той жа сетцы крамаў Marks&Spencer Маркс — беларускага паходжаньня.

Натальля Каляда: Я думаю, што ўпершыню беларусы атрымалі. Знаходзячыся ў Брытаніі, атрымаць такі гонар у сфэры тэатру — гэта вельмі вялікае дасягненьне. Адразу скажу, што нягледзячы на тое, што гэта пэрсанальныя ўзнагароды, да іх мае дачыненьне кожны чалавек, які калі-небудзь працаваў і супрацоўнічаў са Свабодным тэатрам, а таксама ўсе пэрсанажы, чые гісторыі былі пастаўленыя Свабодным тэатрам. Гэта сумесная заслуга вялікай колькасьці людзей, якія працягваюць быць і будуць часткай тэатру.

«Нашы брытанскія сябры казалі, што мы ўласнаручна вярнулі веру ў рыцарскія ўзнагароды»

— Як вы даведаліся пра ўзнагароду? Што адчулі?

Мікалай Халезін: Мы вярнуліся зь вельмі працяглай паездкі, займаліся мэнтарствам людзей мастацтва ў Люксэмбургу, потым былі на Oslo Freedom Forum. Наташа адпачывала, а я паехаў у опэрны тэатар глядзець спэктакль, і калі вярнуўся, мяне агаломшылі навіной, што нас унесьлі ў сьпіс узнагароджаных. Потым высьветлілася, што гэта працягвалася даволі доўга, што нас намінавалі летась у верасьні. Мэханізм даволі складаны — камітэт і камісіі выбіраюць з вылучаных кандыдатураў на ўзнагароджаньне. Тэатральны камітэт выбраў нас, далей ідзе прадстаўленьне прэм’ер-міністру, а ён ужо — каралеўскай канцылярыі, тыя разгледзелі, потым даў згоду манарх. Такая доўгая працэдура, пра якую мы ня ведалі. Нас агаломшылі гэтай навіной, адчуваньне было, што гэта ня з намі адбываецца.

Натальля Каляда: У нас стаіць Google Alerts на кампутарах, што да нашай грамадзкай і тэатральнай дзейнасьці. Даведаліся празь яго. Я была дома і пачула, як наша малодшая дачка гучна крычыць: «Мама, тут такія навіны!» Гэта была практычна поўнач. На той момант не было ніякай рэакцыі, бо мы толькі вярнуліся з Осла, дзе працавалі кансультантамі і дарадцамі. А таксама быў боль і трагедыя, якія прыходзілася назіраць і перажываць апошнія дні нават на гэтым форуме. І гэта нягледзячы на тое, што з болем і трагедыямі мы сутыкаемся кожны дзень праз сытуацыі ў Беларусі з палітвязьнямі, зь бясконцымі арыштамі, з тым, што адбываецца з усімі нашымі сябрамі ва Ўкраіне. Гэта варʼяцкі паток болю. І ў такі момант вельмі складана зразумець, што адбылося.

На жаль, мы перасталі радавацца таму, што адбываецца з намі зь вялікага і добрага. Яно ўсё як гасьне на фоне бяды, што адбываецца на нашым геапалітычным вузьле. На наступны дзень прыйшло ўсьведамленьне, бо пачалі пісаць і званіць нашы брытанскія сябры, уключаючы сэра Тома Стопарда, баранэсу Гэлену Кенэдзі, усіх нашых апекуноў, якія казалі, што мы ўласнаручна вярнулі веру ў рыцарскія ўзнагароды. І паціху прыйшло ўсьведамленьне важнасьці гэтай падзеі. Была цяжкая рэакцыя маёй мамы. Яна проста плакала, што такі момант не пабачыў мой тата, які памёр летась. Не пабачылі бацькі Колі...

«Мы можам зьвярнуцца ў камітэт па геральдыцы і замовіць сямейны герб, хоць у сям’і Каляды ён ёсьць»

— Якія прывілеі дае гэты тытул і да чаго абавязвае?

Мікалай Халезін: Прывілеяў ня так шмат, хутчэй шмат абавязкаў. Пасьля твайго імя і прозьвішча цяпер у афіцыйных дакумэнтах і прадстаўленьнях пішацца MBE (скарот ад выразу: чалец ордэна Брытанскай Імпэрыі). Мы можам зьвярнуцца ў камітэт па геральдыцы і замовіць сямейны герб, хоць у сям’і Каляды ён ёсьць. Мы можам хрысьціць дзяцей і сьвяткаваць іх вясельлі ў саборы Сьвятога Паўла, нас будуць запрашаць на нейкія мерапрыемствы з удзелам каралеўскай сямʼі. Гэта абсалютна простая, дастаткова фармальная гісторыя ўшанаваньняў, якія табе аказваюцца. Так, увага вялікая. Так, усе мэдыя, датычныя мастацтва, напісалі пра гэта. Ты ня можаш зараз праяўляць нейкую слабасьць і толькі мусіш з падвоенай энэргіяй паказваць прыклад. Гэта хутчэй абавязвае, бо гэта надта вялікія званьні, якія даюцца дзяржавай. Гэта дзяржава прызнае тваю заслугу, і ты перад дзяржавай з гэтага моманту становісься больш адказным, чым проста атрымаўшы грамадзянства. Насамрэч гэта прымушае пра многае падумаць, пераасэнсаваць сваю працу, нашу працу агульную і наш шлях.

Натальля Каляда: Усе ўзнагароды і тытулы толькі дадаюць адказнасьці. Асабліва калі даюцца пэрсанальныя тытулы, ушанаваньні. Гэта індывідуальная адказнасьць перад грамадзтвам. Гэта падвойная адказнасьць — перад нашай краінай. Мы верым, што вырашыць сытуацыю ў гэтым геапалітычным вузьле можна толькі разьвязаўшы ўвесь вузел — і спыніць вайну ва Ўкраіне, і завяршыць дыктатуру ў Беларусі, дзеля таго каб можна было было разьвіваць новую дэмакратычную Беларусь.

Паколькі мы грамадзяне Вялікай Брытаніі, то гэта адказнасьць перад гэтай краінай. Людзі, якія займаюцца тэатрам, мастацтвам, — гэта тыя сталыя радары, якія шукаюць рашэньні і ставяць пытаньні. Рашэньні людзі мастацтва мала знаходзяць, але пытаньні задаюць вельмі сурʼёзныя, для таго каб грамадзтва і палітыкі маглі з гэтым сутыкацца і вырашаць.

«Вялікая тэма, якой мы займаемся, — рэпарацыі»

— Беларускі Свабодны тэатар быў заснаваны ў 2005 годзе ў Менску. The New York Times называе тэатар «адной з самых адважных і натхнёных андэграўндных труп на плянэце». За 18 гадоў у тэатру больш за 50 пастановак, паказаных больш як у 40 краінах сьвету. У Свабоднага тэатру шмат узнагародаў, у тым ліку прэмія Францускай Рэспублікі ў галіне правоў чалавека, прэмія Атлянтычнай Рады, прэмія імя Вацлава Гавэла за творчае дысыдэнцтва. У шэрагу іншых узнагародаў якое месца займае ордэн Брытанскай Імпэрыі?

Мікалай Халезін: Гэты ордэн адрозьніваецца тым, што гэта прызнаньне заслуг дзяржавай, а не арганізацыямі. Ты разумееш, што цябе вывучаюць пад мікраскопам, і гэты мікраскоп як бы сыгналізуе пра тое, наколькі твая рэпутацыя ўстойлівая, наколькі ты слушна ішоў гэтым маршрутам. Таму тут і больш адказнасьці.

— Якія творчыя рэчы, якія грамадзкія і палітычныя дзеяньні, зьвязаныя зь Беларусьсю, могуць стаць прасьцейшымі, больш хуткімі і спрыяльнымі праз гэтыя тытулы?

Наталя Каляда: Ня думаю, што штосьці моцна паскорыцца. Магу дакладна гэта казаць з досьведу атрыманьня ўсіх узнагародаў. Нічога не паскараецца, калі ты ня будзеш сам гэта рухаць і працягваць біцца за тое, ува што ты верыш. У размове з баранэсай Кенэдзі, якая нас віншавала, мы казалі, што наша ўзнагарода — дадатковая магчымасьць арганізаваць тэрміновыя слуханьні па Беларусі ў Лёндане. Гэта можа дапамагчы праз вынясеньне беларусаў на больш высокі ўзровень у брытанскім грамадзтве. Беларусаў, якія сталі грамадзянамі Брытаніі, якія працягваюць займацца тэмай дэмакратыі ў Беларусі. Я спадзяюся, што гэта зможа нам дапамагчы.

Другая вялікая тэма, якой мы займаемся, — рэпарацыі. Адпаведнае заканадаўства было прынятае наконт расейскіх грошай. Цяпер мы працуем з брытанскім парлямэнтам і асабліва з Палатай лордаў, каб стварыць падобную сыстэму ў Вялікай Брытаніі, каб ня толькі замарожваць грошы рэжыму, але і канфіскаваць іх на карысьць будучай Беларусі, дзеля дапамогі сем’ям усіх палітвязьняў і ўсяму дэмакратычнаму руху, каб пабудаваць новую свабодную краіну. Ясна, што адзін чалавек ня зможа зрабіць гэта, патрэбная сурʼёзная праца ўсіх дэмакратычных сілаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG