Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тата ловіць беларускага дыназаўра». Хто такі гарадзенец Павал Мажэйка, які двойчы стаў палітвязьнем


Павал Мажэйка пасьля выхаду з горадзенскай турмы пад падпіску аб нявыезьдзе, сакавік 2021 году
Павал Мажэйка пасьля выхаду з горадзенскай турмы пад падпіску аб нявыезьдзе, сакавік 2021 году

25 траўня крымінальную справу горадзенскага журналіста Паўла Мажэйкі перадалі ў суд. Працэс над Паўлам Мажэйкам мае пачацца 10 ліпеня а 14:15 ў Горадзенскім абласным судзе.

Пра тое, як Павал пазнаёміўся з жонкай, чаму яго паважалі сукамэрнікі і палітычныя апанэнты і як ён тлумачыць дзецям, чаму не прыяжджае да іх, Свабодзе расказалі ягоныя родныя, калегі, сябры.

Гісторык, журналіст, выдавец, двойчы палітвязень

Паўлу Мажэйку 45 гадоў. Нарадзіўся і жыве ў Горадні. Скончыў гістфак горадзенскага ўнівэрсытэту. Працаваў журналістам у горадзенскіх незалежных газэтах «Пагоня», «Дзень», інфармацыйным агенцтве «БелаПАН», на польскай тэлевізіі TVP. Стажаваўся на Радыё Свабода. На пачатку 2000-х cтаў адным зь першых палітзьняволеных журналістаў.

З 2007 году працаваў на «Белсаце», вёў праграмы «Два на два», «Госьць Белсату», гістарычнае шоў «Intermarium». Калі рэжым Лукашэнкі прызнаў «Белсат» «экстрэмісцкім», Мажэйка спыніў зь ім супрацоўніцтва.

Падчас выбарчай кампаніі 2006 году быў за прэс-сакратара ў Аляксандра Мілінкевіча. Заснаваў кніжную сэрыю «Гарадзенская бібліятэка». Ладзіў гістарычныя канфэрэнцыі. Праводзіў «Гарадзенскія дыктоўкі». Стварыў у Горадні культурную пляцоўку «Цэнтар гарадзкога жыцьця». Трапіў у топ Свабоды асобаў апошняга дзесяцігодзьдзя, якія зрабілі Беларусь лепшай.

Мажэйку затрымлівалі ў сакавіку 2021 году ў сувязі з «справай аб карціне», па якой асудзілі мастака Алеся Пушкіна.

Пазьней Паўла адпусьцілі, справу супраць яго закрылі.

У 2022 годзе ён езьдзіў у Польшчу да жонкі і дзяцей. Калі ў жніўні 2022 году прыехаў у Беларусь, яго затрымалі і жорстка зьбілі. Вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

Расказваем 10 цікавых фактаў пра Паўла Мажэйку.

1. Прыйшоў у журналістыку ў 18 гадоў

Павал вучыўся на гістфаку, але настаўнічаў толькі падчас практыкі. Яшчэ студэнтам прыйшоў у Школу маладога журналіста. У 18 гадоў Павал ужо друкаваўся ў газэце «Пагоня». Аляксандар Мілінкевіч тады працаваў намесьнікам старшыні Горадзенскага гарвыканкаму, кантактаваў са СМІ. Рэдакцыя «Пагоні» месьцілася ў будынку гарвыканкаму.

«Паша пісаў добрыя рэчы. Яго цанілі ўжо тады. Бог даў яму такі дар, што зь ім было прыемна, цікава, хацелася размаўляць. Ён абаяльны. Ёсьць людзі, за якімі ідуць», — апісвае свайго будучага партнэра палітык.

Мажэйка супрацоўнічаў таксама з агенцтвам «БелаПАН», пісаў па 8–10 зацемак у дзень.

«Я ягонае імя запомніла. Думала, вельмі талкова напісаная інфармацыя», — успамінае жонка Паўла, журналістка Ірына Чарняўка.

Ірына Чарняўка і Павал Мажэйка, сакавік 2021 году, архіўнае фота
Ірына Чарняўка і Павал Мажэйка, сакавік 2021 году, архіўнае фота

2. З жонкай пазнаёміўся ў рэдакцыі

Калі ў 2001 годзе закрылі «Пагоню», Ірына Чарняўка разам з Анджэем Пісальнікам спрабавалі стварыць незалежную газэту «Рэпарцёр». Аднак улады яе не рэгістравалі. Каб зарабіць, у рэдакцыі набіралі тэксты за грошы. Павал надыктоўваў там сваю дыплёмную працу пра грамадзкія арганізацыі 1990-х гадоў у Горадні.

«Я сядзела сьпінай, слухала і думала: „Які разумны хлопец!“. Павярнулася: „Яшчэ і прыгожы!“ Тады я яго заўважыла», — успамінае Ірына.

Камунікаваць з Паўлам аказалася няпроста.

«Ён добразычлівы, усьміхаецца. Але твае спробы дазнацца пра яго больш тонуць у багне, разьбіваюцца аб усьмешку. Насамрэч Паша даволі закрыты чалавек», — камэнтуе Ірына.

Ірына Чарняўка, чэрвень 2023 году
Ірына Чарняўка, чэрвень 2023 году

Сустракацца яны пачалі ўвосень 2001 году падчас экскурсіі журналістаў у Косава.

«Я спазьнілася на аўтобус, і было толькі адно свабоднае месца — каля Пашы. Ён яго адмыслова трымаў. Едучы туды, ён мяне ўзяў за руку. Я ня памятаю, як было падчас гэтай паездкі, але памятаю гэты момант», — успамінае Ірына.

Пасьля экскурсіі Павал праводзіў яе дадому.

«Было паганае надвор’е: мароз толькі схапіўся, і дробны дождж. Я бяз шапкі. Паша даў мне сваю кепку. Уяўляю, што выглядала я зусім не фантан. Было даволі цёмна. Ты ідзеш па вуліцы і сьлізгаесься. Але Паша трымаў мяне за руку, і я была проста ўся ў ягонай далоні. І дагэтуль я адчуваю, што я ў гэтай надзейнай, цёплай, моцнай далоні», — кажа жонка Паўла.

3. На «хіміі» пілаваў дошкі

У 2002 годзе Паўла Мажэйку і рэдактара «Пагоні» Міколу Маркевіча асудзілі на «хімію» за «паклёп на Лукашэнку», які ўгледзелі ў матэрыялах газэты. Працэс быў гучны. «Пагоню» закрылі. Паўла накіравалі ў Жлобін.

Маладыя бачыліся і падчас зьняволеньня. Ірына прапанавала напісаць пра першых палітзьняволеных беларускіх журналістаў газэце «„Московский комсомолец“ в Беларуси». Яны пагадзіліся, далі пасьведчаньне.

Павал Мажэйка перад «хіміяй» у 2002 годзе, архіўнае фота
Павал Мажэйка перад «хіміяй» у 2002 годзе, архіўнае фота

«Начальнікі „хіміі“ мне ўсё паказалі. Я бачыла іхнія ложкі, кухню, пакойчык Паўла. Казалі: „Паглядзіце, як акуратна... У нас адбываюцца чэмпіянаты па футболе“. Мне тады ня трэба было дазволу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, МУС», — успамінае журналістка.

Мажэйка падчас «хіміі» працаваў на пілараме, варыў смалу, пілаваў дошкі. Адна сям’я ў Жлобіне ўзяла Паўла пад сваю апеку. Ён мог прыходзіць да іх выпіць гарбаты, папрацаваць на сваім кампутары. Гарадзенец беларусізаваў хлопцаў са свайго пакоя ў інтэрнаце.

«Хлопцы рамантавалі будынак, зь якога ў 1990-х зьнялі герб „Пагоня“ і паклалі ў падвал. Выразаная з дрэва „Пагоня“ на чырвоным тле. Яны яе падарылі Пашы. Паша з „хіміі“ прыехаў з „Пагоняй“. Даволі доўга тыя хлопцы яшчэ тэлефанавалі Пашу, перапісваліся. Брацтва ня зьнікла», — расказвае Ірына.

Яна некалькі разоў прыяжджала да Паўла на «хімію» ў госьці, пару разоў яго адпускалі за добрыя паводзіны дадому на выходныя. Праз 7 месяцаў ён выйшаў на волю па па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.

4. Працаваў прэс-сакратаром Мілінкевіча

У 27 гадоў Павал стаў прэс-сакратаром Аляксандра Мілінкевіча. Часова пераехаў у Менск.

Аляксандар Мілінкевіч і Павал Мажэйка. 2010 год
Аляксандар Мілінкевіч і Павал Мажэйка. 2010 год

«Я падумаў: ранавата, малады, можа, на яго ня прыйдуць дасьведчаныя журналісты. Але ён так хутка апанаваў гэтую працу, быў цікавы, здолеў адказваць на пытаньні журналістаў і безь мяне», — камэнтуе Мілінкевіч.

Ён адзначае, што Павал умеў «разруліць» напружаныя моманты на сустрэчах з выбарцамі, замежным журналістам было зь ім лёгка супрацоўнічаць.

«Ён быў абазнаны і заангажаваны. Яго слухалі. Уменьне Паўла паважаць розныя погляды, ягоная тактоўнасьць працавала. Уменьне аб’ядноўваць людзей», — апісвае паплечніка кандыдат у прэзыдэнты.

«Там была заля нагнаных казакоў, ідэолягаў. Мне падабалася, якая сыграная каманда была ў Пашы з Аляксандрам Уладзімеравічам. Мілінкевіч вытрымліваў любыя пытаньні, не адыходзіў ад свайго спакойнага, інтэлігентнага, добразычлівага тону, а Паша перарываў пытаньні, перадаваў слова іншаму. Быў „злым паліцэйскім“», — успамінае паездкі выбарчага штабу па рэгіёнах Ірына.

5. Пачаў насіць гарнітуры дзеля працы на «Белсаце»

Павал працаваў на тэлеканале «Белсат» ад моманту ягонага стварэньня. З дырэктаркай тэлеканалу Агнешкай Рамашэўскай яны пазнаёміліся два гады раней. У 2005 годзе ўлады Лукашэнкі раскалолі Саюз палякаў Беларусі, у сядзібу СПБ прыйшоў АМАП. Пад будынкам мітынгавалі гараджане. Рамашэўская прыехала туды як журналістка.

«Убачыла хлопца ў белай кашулі, падставіла яму мікрафон. Ён стаў гаварыць па-польску: „Вы, палякі, цяпер намі цікавіцеся, але потым Лукашэнка вам нешта дасьць, і вы пакінеце нас адных“. Я зьдзівілася», — успамінае знаёмства з Мажэйкам Рамашэўская.

Агнешка Рамашэўская і Павал Мажэйка
Агнешка Рамашэўская і Павал Мажэйка

Потым яны пачалі супрацоўнічаць і сябраваць. Дзеля ролі тэлевядоўцы Павал пачаў насіць гарнітуры.

«Дзіма Гурневіч (сувядоўца ў праграме. — РС) быў у гальштуку. Паўлу мы прыдумалі такі стыль: у расхрыстанай кашулі, бяз гальштука. Паша тады худнеў, прыдумаў, што будзе есьці кожныя 5 гадзін», — успамінае дырэктарка тэлеканала.

Павал у гарнітуры, архіўнае фота
Павал у гарнітуры, архіўнае фота

Яна адзначае, што быць шэфам Паўла было няпроста. Ён заўжды абіраў тое, што ўжо вырашыў, пераканаць на іншае яго было немагчыма. Калі сутыкаўся з канфліктам інтарэсаў на працы, то проста адступаў.

«Я нават злавалася на яго, казала: „Павал, змагайся!“ — „Не, я выходжу“. Ён быў катом, які ходзіць сваімі сьцежкамі. Ён ляяльны, але невядома, ці пойдзе ён той самай дарогай, што і ты. Ён любіў мець свой калектыў. Не любіў быць падуладным», — апісвае супрацоўніка дырэктарка тэлеканалу.

Павал шмат вазіў Агнешку па Беларусі, паказваў ёй месцы і людзей.

«У Пашы быў намер паказаць мне Беларусь. Паша вялікі патрыёт, хоць ён маласэнтымэнтальны чалавек. Ён ня быў, прабачце, тупым нацыяналістам, разумеў дасканала гісторыю гэтай зямлі. Вельмі лёгка навязваў кантакт зь людзьмі па дарозе: прадавачка ў краме, манахіня пры касьцёле, парт’е ў музэі. Вельмі рэдка Паша ўваходзіў у канфлікт», — успамінае Агнешка Рамашэўская.

6. Дома — некалькі тысяч кніг

У 2006 годзе Мажэйка быў адным з заснавальнікаў незалежнай кніжнай сэрыі «Гарадзенская бібліятэка». У сэрыі выйшлі дзясяткі кніг: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мэмуары, эпісталярная спадчына, гістарычная і сучасная проза, даведнікі па Горадні.

Павал Мажэйка зь Юркам
Павал Мажэйка зь Юркам

Дома ў сям’і цяпер некалькі тысяч кніг, расказвае жонка. Павал стараўся набываць усе навінкі беларускай літаратуры. Ён любіў чытаць і абмяркоўваць кнігі зь дзецьмі.

«Ён чытаў Нусі дзіцячыя кніжкі, потым усё больш дарослыя. Мы вельмі любілі, асабліва на вёсцы, выбраць кніжку і чытаць яе ўголас некалькі вечароў. Прыкладам, „Трое ў лодцы і пёс зь імі“. Рагаталі ўсе. Гэта заўсёды былі прынцыпова беларускамоўныя кніжкі», — расказвае Ірына.

7. Дбае пра традыцыі

Павал дасьледаваў свой род, дайшоў да XVII стагодзьдзя. Ягоныя продкі былі сялянамі, увесь час жылі на адным месцы, каля Горадні. Гарадзенец аднавіў там стогадовую бабуліну хату.

«Для яго прынцыпова было захаваць тое, што было, а ня зносіць і будаваць наноў. Ён зрабіў гэтую хату ад пачатку да канца», — расказвае Ірына.

Павал разам з сынам Юркам гаспадараць у вясковай хаце, 2020 год, архіўнае фота
Павал разам з сынам Юркам гаспадараць у вясковай хаце, 2020 год, архіўнае фота

Адзін зь беларускіх гісторыкаў ананімна расказаў Свабодзе, што на пачатку 2000-х гадоў Павал браў удзел у экспэдыцыі ў Пінскім раёне. Запісвалі ўспаміны пра прэм’ер-міністра ўраду БНР Рамана Скірмунта. Парадкавалі пахаваньні Скірмунтаў.

Павал сачыў за захаваньнем традыцый на сьвяты.

«Ён дбаў, каб было 12 страваў на Каляды, нават на „хіміі“. Мама зварыць куцьцю, Паша прывязе яе. Дбаў, каб былі аплаткі, каб зачыталі малітву», — расказвае жонка.

Блізкія адзначаюць, што Павал любіў зьесьці смачную ежу, выпіць добрага віна, таксама любіў гатаваць.

«Калі Паша пачынаў апавядаць, як і дзе ён паеў у падарожжы, я мусіла слухаць уважліва, бо гэта важна. Што яны там рабілі, было ня так важна», — расказвае Ірына.

Канцэрт Лявона Вольскага ў Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні, які адкрыў Павал Мажэйка, архіўнае фота
Канцэрт Лявона Вольскага ў Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні, які адкрыў Павал Мажэйка, архіўнае фота

«У гэтым была яшчэ адна прыемнасьць падарожнічаць з Паўлам. Мы прыдумлялі, што лепей зьесьці, якое віно купіць. Ён можа бяз гэтага абысьціся, але ён троху сыбарыт», — мяркуе Агнешка Рамашэўская.

Павал займаўся выхаваньнем дзяцей: Нінцы 11 гадоў, Юрку 4,5 года. Завозіў іх на заняткі, трэніроўкі, школкі.

«Паша вельмі добры бацька. Яны, бывала, дурэлі зь дзецьмі. Я забараняла ім дома гуляць у мяч. Паша казаў: „Мама сказала ня граць у мяч. Мы ня будзем граць у мяч“. А потым бачу, як ён з хітрай усьмешкай падкідае гэты мяч малой. Малая рагоча. Як толькі я на іх паглядзела, робяць сур’ёзныя вочы, нібыта нічога не адбывалася. Яны скалацілі банду Мажэйкаў», — расказвае Ірына.

Павал гуляе з дачкой Нінкай у мяч, 2020 год, архіўнае фота
Павал гуляе з дачкой Нінкай у мяч, 2020 год, архіўнае фота

8. Пры апошнім затрыманьні Паўла жорстка зьбілі

Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 году, калі ён прыехаў у Беларусь. У той дзень ён выйшаў з дому, каб ехаць на вёску пакасіць траву.

Як расказаў сваякам былы сукамэрнік Мажэйкі, Паўла пры затрыманьні моцна білі, выціскалі яму вочы. Сінякі з вачэй доўга не сыходзілі. Сьляды ад моцна заціснутых кайданкоў на руках заставаліся нават праз паўгода.

«Які сэнс гэтага зьбіцьця? Ён дакладна не супраціўляўся. Павал умее камунікаваць з органамі. Гэта чалавек, які ўмее дамовіцца з усімі», — кажа жонка.

Спэктакль у «Цэнтры» на фоне аўтазака ў верасьні 2020 году, архіўнае фота
Спэктакль у «Цэнтры» на фоне аўтазака ў верасьні 2020 году, архіўнае фота

У турме Павал вучыць італьянскую мову па турэмным падручніку. Займаецца спортам. У камэры ладзілі чэмпіянат па даміно, Павал выйшаў пераможцам. Яму сталі перадаваць прэсу. Ён хоча выпісаць часопіс па мастацтве. Не прапускае прагулкі ў дворыку, ужо загарэў.

9. Піша дзецям лісты з турмы

Павал перапісваецца зь дзецьмі з турмы. Прыдумляе для старэйшай дачкі тэсты. Сыну малюе малюнкі па клетачках, каб той дамалёўваў. Стварыў крыжаванку пра жыцьцё сваёй сям’і. Дзеці малююць яму малюнкі. Малы Юрка амаль палову свайго жыцьця ня бачыў бацькі, бо той ці ня год быў невыязны зь Беларусі, цяпер 9 месяцаў у турме.

Ірына Чарняўка зь Нінкай і Юркам, 2023 год
Ірына Чарняўка зь Нінкай і Юркам, 2023 год

«У Юркі быў пэрыяд, што ён з усімі штодня размаўляў пра тату: зь няняй, у садочку, зь сябрамі. Ён ніяк ня мог зразумець, чаму тата не прыяжджае. „Тады я сам да яго паеду, я сяду ў цягнік і паеду. Палячу на самалёце да таты“. Ці ідзем з садочку: „А тата ўжо дома?“ Ягоная сябровачка кажа: „Мой тата нас забярэ на машыне“. А Юрэц кажа: „А калі мяне тата забярэ на машыне?“», — пераказвае словы малога маці.

Яна кажа, што сыну цяжка патлумачыць, чаму тата ня можа прыехаць. Павал напісаў сыну з турмы сваю вэрсію.

«Тата сказаў, што ён паехаў у Беларусь, бо там у лесе ёсьць беларускія дыназаўры, а Юрка вельмі любіць дыназаўраў. Тата ловіць беларускага дыназаўра, і як толькі зловіць, то адразу прыедзе. Юрка стаў прасіць, каб тата прывёз дыназаўра да яго. У Юркавым сьвеце ўсе дыназаўры добрыя», — расказвае маці.

Павал гуляе ў футбол разам зь дзецьмі
Павал гуляе ў футбол разам зь дзецьмі

10. Працуе дзеля Горадні і Беларусі

Сэнс жыцьця Паўла Мажэйкі — працаваць дзеля Горадні, кажуць ягоныя сябры і паплечнікі.

«Паша знайшоў сябе ў тым, што жыве і працуе ў сваім родным горадзе. Ён у сябе дома. Працуе дзеля свайго гораду, дзеля свайго дома, дзеля людзей, якіх ведае і любіць», — кажа Ірына.

Жонка тлумачыць, што прынцыповым выбарам Паўла было жыць у Беларусі.

«Ён ня зьехаў і ня зьедзе. Ён ня зьехаў 20 год таму, хоць яму прапаноўвалі», — кажа Ірына.

Павал Мажэйка, сакавік 2021 году, архіўнае фота
Павал Мажэйка, сакавік 2021 году, архіўнае фота

Падчас крымінальнай «справы аб карціне» ў 2021 годзе жонка прасіла Паўла прыехаць і дапамагчы ёй зь дзецьмі, але ў яго была падпіска аб нявыезьдзе.

«Ён лагодна тлумачыў, што зьедзе толькі тады, калі ў яго на гэта будуць юрыдычныя правы. Уцякаць з краіны ня будзе. Я ведаю, што і цяпер, калі б здарыўся цуд і Пашу б вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе, ён ня зьедзе, бо ніхто яго са сваёй зямлі ня выганіць, бо ён ні ў чым не вінаваты, бо для яго невыносная была б сытуацыя, калі Беларусь для яго за непраходнай мяжой», — кажа жонка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG