Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прыбыў у Пэкін, дзе яго сустрэў міністар замежных спраў Кітаю Цынь Ган, паведамляе Reuters. У праграме візыту — сустрэчы з высокапастаўленымі кітайскімі чыноўнікамі ў сфэры зьнешняй палітыкі. Ці будзе сустрэча са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, дасюль невядома.
Прыезд амэрыканскага высокапастаўленага чыноўніка мае на мэце вярнуць адносіны паміж Злучанымі Штатамі і Кітаем у канструктыўнае рэчышча пасьля месяцаў напружанасьці з прычыны кітайскага паветранага шара-шпіёна, які праляцеў над ЗША, зазначае тэлеканал CNN.
Афіцыйныя асобы абодвух урадаў заявілі аб невысокіх чаканьнях ад візыту, але Блінкен паабяцаў выказаць «нашу вельмі рэальную занепакоенасьць па некалькіх пытаньнях», у тым ліку што тычыцца вайны ва Ўкраіне.
Чакаецца, што візыт Энтані Блінкена падрыхтуе глебу для сустрэчы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цзіньпіна. Напярэдадні Байдэн заявіў, што спадзяецца сустрэцца з Сі ў найбліжэйшыя месяцы.
- Вашынгтон і Пэкін апошнім часам абменьваюцца рэзкімі заявамі наконт Тайваня. Кітай лічыць востраў сваёй тэрыторыяй і крытыкуе ЗША за прамыя кантакты амэрыканскіх чыноўнікаў і палітыкаў з тайваньскімі ўладамі. ЗША не прызнаюць Тайвань незалежнай дзяржавай, як і большая частка краін ААН, і выступаюць рэзка супраць пагрозаў Кітая сілай далучыць востраў. Згодна з заканадаўствам, Вашынгтон можа надаваць тэрыторыі ваенную дапамогу.
- Акрамя таго, ЗША і краіны Захаду баяцца, што Кітай можа пачаць пастаўкі Расеі зброі для вайны супраць Украіны. Блінкен заяўляў, што Пэкін дае Маскве несьмяротную ваенную дапамогу, а таксама разглядае магчымасьць паставак зброі. Улады КНР сьцьвярджаюць, што не пастаўляюць і не плянуюць пастаўляць узбраеньні ніводнаму з бакоў канфлікту.
- У гадавіну расейскага ўварваньня на тэрыторыю Украіны Кітай апублікаваў мірны плян па ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту. Кіеў і яго саюзьнікі лічаць, што плян не ўлічвае інтарэсаў Украіны. Кітай крытыкавалі за тое, што ён не заклікаў Расею вывесьці войскі з Украіны, як гэта зрабілі Кіеў і ўрады больш чым 100 краін.