Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіным пастаўшчыком у Беларусь забароненага раней алькаголю Aperol стала кампанія кіраўніцтва спраў Лукашэнкі


Пастаўкамі італьянскага алькагольнага напою Aperol, які ў Беларусі не прадавалі амаль 6 гадоў праз наяўнасьць у ім сынтэтычнага фарбавальніка Е110, цяпер займаецца «Беларусьгандаль», высьветліў Беларускі расьсьледніцкі цэнтар.

Эксклюзіўнае права прадаваць напой атрымала сетка WINE&SPIRITS.

«Забаронена было з 2017 году. А цяпер на рынку Беларусі мы адзіныя пастаўшчыкі. Хутчэй за ўсё, з наступнага месяца ён будзе даступны ў прынцыпе паўсюль у розьніцы, але пакуль эксклюзіўна ў нашых крамах», — расказалі БРЦ у адной з крамаў сеткі.

Літровая бутэлька напою ў крамах каштуе 64,9 рубля, 0,7 літра — 46,9 рубля.

Італьянскі Aperol зьнік з паліц беларускіх крамаў у 2017 годзе — ён трапіў пад забарону ў Беларусі праз наяўнасьць у ім сынтэтычнага фарбавальніка E110.

Фарбавальнік, як высьветліў БРЦ, усё яшчэ прысутнічае ў складзе Aperol — гэта пазначана на этыкетцы напою. Цяпер у беларускім рэестры небясьпечнай прадукцыі Дзяржстандарту згадак пра забарону Aperol журналісты не знайшлі. Пры гэтым да іншых тавараў, якія зьмяшчаюць Е110, у Дзяржстандарту і цяпер зьяўляюцца пытаньні — напрыклад, да арахісу, воцату або цукерак. Журналісту БРЦ у ведамстве не змаглі патлумачыць, чаму напой зноўку зьявіўся ў продажы.

На этыкетцы Aperol напісана, што алькаголь у Беларусь пастаўляе «Беларусьгандаль». Кампанія належыць кіраўніцтву спраў Лукашэнкі, якое да 2021 году ўзначальваў паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Агульная сума атрыманых «Беларусьгандлем» дзяржаўных кантрактаў за тры зь лішнім гады перавысіла 2 мільёны беларускіх рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG