Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тытунёвы кароль» Беларусі. Рэжым Лукашэнкі і кантрабанда цыгарэтаў


Аляксандар Лукажэнка, кантрабата цыгарэтаў і прыбытак ад яе. Каляж.
Аляксандар Лукажэнка, кантрабата цыгарэтаў і прыбытак ад яе. Каляж.

Эўразьвяз увёў новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. У ліку тых, хто трапіў пад санкцыі, — бізнэсовец Аляксей Алексін. Аўтары расьсьледаваньняў сьцьвярджаюць, што Алексін за апошнія гады ўзяў пад кантроль кантрабанду беларускіх цыгарэт, а прыбытак ад яе трапляе ў кішэню Аляксандра Лукашэнкі.

Журналістка расейскай службы Радыё Свабода Марыя Кугель, якая працуе ў Латвіі, паспрабавала разабрацца, як працуе дзяржаўная тытунёвая кантрабанда ў Беларусі.

Другая хваля кантрабанды

У 2013 годзе Латвія была лідэрам па кантрабандзе цыгарэт у Эўропу. 80% выкрытых на сухапутнай мяжы кантрабандных цыгарэт былі беларускага паходжаньня. Амаль усе яны былі зробленыя на найбуйнейшай у Беларусі Горадзенскай дзяржаўнай тытунёвай фабрыцы «Нёман» і мелібеларускія акцызныя маркі, то бок прызначаліся толькі для ўнутранага спажываньня. Гэта так званая «белая» кантрабанда — цыгарэты, вырабленыя легальна, але незаконна прадаваныя на пэўным рынку.

У Дзьвінску (Даўгаўпілсе), дзе асядала вялікая частка нелегальнага грузу, сем зь дзесяці спажываных цыгарэт былі кантрабанднымі, а па ўсёй Латвіі іх доля ў агульным аб’ёме спажываньня амаль дасягнула 30%. Гэта быў год, калі беларускія цыгарэты склалі 60% нелегальнага абароту, упершыню апярэдзіўшы расейскую прадукцыю.

За мінулыя гады намаганьнямі латвійскіх мытнікаў і памежнікаў абʼёмы нелегальнага гандлю цыгарэтамі зьнізіліся і ў 2019 годзе дасягнулі дзесяцігадовага мінімуму — 14,1%, паводле зьвестак кампаніі KPMG (Nielsen налічыла 16,8%). Кампаніі вядуць падлік па цыгарэтных пачках, якія зьбіраліся каля сьметніцаў. Доля беларускай кантрабанды была па-ранейшаму высокая — 73% ад агульнага абʼёму нелегальнага рынку, прыкладна 197 млн цыгарэт, але ў цэлым па Эўропе паток «белай» кантрабанды з-за межаў Эўразьвязу стабільна скарачаўся.

Аднак у мінулым годзе доля кантрабанды раптам зноў узьляцела (паводле дадзеных Nielsen) да 20,4% ад агульнага абʼёму рынка. Беларускія цыгарэты склалі 67,2% нелегальнага абароту, прадукцыя Горадзенскай фабрыкі — 61%. У Літве мытня таксама затрымала ўдвая больш незадэкляраваных тытунёвых вырабаў, чым у 2019 годзе. Кожная чацьвёртая выкураная цыгарэта была кантрабанднай — гэта найвышэйшы паказчык з 2014 году. Аналітыкі зьвязваюць гэты скачок з павышэньнем акцызу і забаронай у Эўропе мэнтолавых цыгарэт, а таксама з падзеньнем даходаў жыхароў падчас пандэміі.

Мытня ловіць ня ўсё

Абʼём нелегальнага цыгарэтнага трафіку зь Беларусі ў Латвію істотна павялічыўся, а спосабы яе ўпакоўкі і загрузкі зьмяніліся, сьведчыць намесьніца дырэктара Ўпраўленьня мытні Службы дзярждаходаў Латвіі Сандра Каркліня-Адміне. У мінулым годзе было канфіскавана больш за 72 млн незадэкляраваных цыгарэт, што на 23,7% больш, чым у 2019-м. Зь іх больш за 40 млн цыгарэт, ці 55%, былі выяўленыя на латвійска-беларускай мяжы. Але нават і на латвійска-расейскай мяжы, па словах чыноўніцы, лавілі цыгарэты зь беларускімі акцызнымі маркамі.

У 2019 годзе на гэты ўчастак мяжы прыйшлося ўсяго 10.7 мільёнаў цыгарэтаў з канфіскаваных у цэлым 58 млн. У гэтым годзе паток кантрабанды зьменшыўся: за першыя пяць месяцаў было канфіскавана 17,6 млн цыгарэт, у тым ліку на беларускай мяжы — 8,3 млн. Аднак на мытні зьвязваюць гэта не са зьніжэньнем актыўнасьці кантрабандыстаў, а са скарачэньнем чыгуначных грузаперавозак з Беларусьсю.

Памежны пункт на тэрыторыі Латвіі
Памежны пункт на тэрыторыі Латвіі

Уся прадукцыя аздобленая беларускімі акцызнымі маркамі і ў асноўным зробленая на «Нёмане». Найбольш буйныя партыі вязуць фурамі. Амаль 23 млн цыгарэт у 2020 годзе былі канфіскаваныя на аўтадарожным прапускным пункце Патэрніекі. Адну з самых вялікіх партый — 8,1 млн цыгарэт — выявілі ў скрынях з сланечнікавым семкамі. У іншым грузе ў мяхах з вуглём знайшлі больш 4,2 млн цыгарэт. «Можна меркаваць, што нарыхтоўкі робяцца там, дзе тавары пакуюцца», — кажа Сандра Каркліня-Адміне.

Фуры, у якіх знаходзяць кантрабанду, вязуць тавары латвійскім кампаніям ці едуць праз Латвію транзытам. Вельмі шмат кантрабанды знаходзяць у машынах, якія едуць у Калінінград як праз беларускую, так і праз расейскую мяжу. Тая кантрабанда, што пранікае на латвійскую тэрыторыю, звычайна выгружаецца на мытных і звычайных складах ці ў іншых месцах і застаецца ў краіне, а фуры едуць далей па прызначэньні. Але нейкая частка кантрабанды потым перагружаецца ў машыны, якія накіроўваюцца далей у Эўропу. «Напрыклад, яны могуць ісьці ў Скандынавію, таму што ў Вэнтспілскім порце мы часта знаходзім цыгарэты зь беларускімі акцызнымі маркамі, якія вязуць у Швэцыю», — кажа Каркліня-Адміне.

Аднак асноўны шлях — чыгунка. Не выпадкова найбольш важкая частка нелегальнага спажываньня прыпадае на Дзьвінск (Даўгаўпілс). У гэтым горадзе знаходзіцца буйны чыгуначны вузел, куды накіроўваюцца таварныя цягнікі з Беларусі. Часьцей за ўсё кантрабанду знаходзілі ў мінулым годзе ў таварных вагонах на прапускным пункце Індра: амаль 200 выпадкаў, усяго прыкладна на 15 млн цыгарэт.

«Цыгарэты могуць быць схаваныя і ў канструкцыях вагонаў, і ў вагонах паміж таварамі, — удакладняе Каркліня-Адміне. — Мабыць, іх туды хаваюць пры пагрузцы, выкарыстоўваючы спэцыфіку грузаў. Праўда, бываюць выпадкі, калі цыгарэты проста закопваюцца ў розныя сыпкія матэрыялы ўжо пасьля пагрузкі». Кантрабанда, якая ўдала абмінула мяжу, выгружаецца ў горадзе, а часьцей нават на пад’ездах да яго. Хіба што, калі груз схаваны глыбока, яго імкнуцца атрымаць ужо пасьля таго, як ён прайшоў мытныя працэдуры.

Частка кантрабанды прасочваецца зь Літвы. «Часам грузы выяўляліся ўжо на тэрыторыі Латвіі паліцыяй, — распавядае чыноўніца. — Адзначалася, што гэтыя цыгарэты былі ўвезены зь Літвы і мелі беларускія акцызныя маркі, і ў ролі арганізатараў кантрабанды часам выступалі літоўцы». Суразмоўніца Радыё Свабода прызнае, што праваахоўнікі наўрад ці здольныя выявіць больш за палову кантрабанды, таму што праверыць усе грузы немагчыма.

Сандра Каркліня-Адміне пацьвярджае, што падвышэньне акцызу ў Латвіі спрыяе росту нелегальнага спажываньня: «Чым больш розьніца цэн на цыгарэты ў Латвіі і Беларусі, тым больш выгадна кантрабандыстам пакідаць іх у нас, не клапоцячыся пра тое, каб прасунуць іх далей у Заходнюю Эўропу, дзе яны каштуюць яшчэ даражэй». Сярэдняя цана пачкі цыгарэт у Беларусі — каля 0,70 эўра, у Латвіі — 3,60 эўра.

Перарваны экспарт

У лістападзе 2020 года Служба дзярждаходаў Латвіі прыняла ўдзел у міжнароднай апэрацыі мытных службаў па прадухіленьні нелегальнага гандлю цыгарэтамі. Праваахоўнікі з 15 краінаў ЭЗ і Вялікабрытаніі ў супрацоўніцтве з Эўраполам і OLAF (Эўрапейскае бюро па барацьбе з махлярствам) аб'ядналіся, каб выкрыць міжнародную злачынную сетку, якая выкарыстала наступную схему. Тавар быў увезены ў Эўразьвяз легальна і выпушчаны ў свабоднае абарачэньне, гэта значыць атрымаў статус прадукцыі, вырабленай у ЭЗ. Гэта значыць, што прадавец мае права выплаціць акцызны збор і ПДВ з гэтага тавару не адразу, а калі ён дасягне пакупніка.

Паводле дакумэнтаў, цыгарэты прызначаліся на экспарт або для паставак унутры ЭЗ. Аднак яны не пакідалі тэрыторыю мытні Эўразьвязу і не дастаўляліся эўрапейскім атрымальнікам, адпаведна, падаткі і мыта не выплачваліся. Замест гэтага цыгарэты папросту зьнікалі з поля зроку афіцыйных органаў, разыходзіліся па ўсім ЭЗ і прадаваліся на чорным рынку.

У выніку апэрацыі ўсяго за 11 дзён было арыштавана 17 чалавек, канфіскавана 67 млн цыгарэт і 35,82 тоны тытуню на суму каля 36 млн эўра. 88% канфіскаваных цыгарэт былі зроблены ў Беларусі. Больш за ўсё кантрабанды (28.750.000 цыгарэт) быў канфіскаваны ў Літве, 9 млн — у Вялікабрытаніі, 6 млн — у Польшчы, 3,5 млн — у Ірляндыі, 2,2 млн — у Румыніі, 0,5 млн — у Швэцыі, 0,74 млн — у Латвіі і 0,15 млн — у Харватыі.

Зрэшты, легальна гэтыя цыгарэты маглі трапіць на тэрыторыю Эўразьвяз хіба што праз Грузію ці Азэрбайджан. Менавіта туды ідзе вялікая частка афіцыйнага беларускага тытунёвага экспарту. Яго агульны абʼём, паводле зьвестак Арганізацыі эканаміцнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, складае ўсяго некалькі мільёнаў эўра, і ў Эўропу наўпрост амаль нічога не прадаецца. Ва ўсякім выпадку, у Літву ў 2020 годзе легальна нічога не пастаўлялася, а ў Латвію было ўвезена цыгарэт усяго на 10 тысяч эўра (і гэта першы прэцэдэнт за ўвесь час, за які даступная статыстыка – з 2007 году!).

У самой Беларусі дадзеныя аб тым, колькі тытунёвай прадукцыі прадаюць за мяжу, у статыстыцы зьнешняга гандлю адкрыта не публікуюць з 2016 году. Але газэта «Белорусы и рынок», прааналізаваўшы магчымасьці фабрык і сумарны экспарт, выказала здагадку, што абʼём экспарту цыгарэт адкрытымі і ценявымі спосабамі ў ЭЗ і Расею ў 2020 годзе склаў ня менш за 690 млн даляраў.

А што там у беларусаў?


Да нядаўняга часу ў Беларусі было два вытворцы тытунёвых вырабаў: дзяржаўная фабрыка «Нёман» у Горадні (70-80% рынку) і прыватная «Тытунь-Інвэст» у Менску (каля 20% рынку), якая належыць Паўлу Тапузідзісу і Віктару Пятровічу. У 2008-2013 гадах абʼёмы выпуску цыгарэт у Беларусі штогод прырасталі ў сярэднім на 11%.

Спачатку іх прадукцыя выцясняла кантрабанду і «шэры» імпарт з айчыннага рынку, затым выплюхнулася за мяжу. Паводле зьвестак KPMG, з 30 млрд цыгарэт, якія маглі быць выраблены ў Беларусі ў 2014 годзе, 7,25 млрд былі нелегальна вывезены ў краіны Эўропы, прычым у спажываньні лідэрамі былі Польшча, Вялікабрытанія і Нямеччына. Пры гэтым афіцыйны экспарт складаў 10,197 млн штук.

Сыстэма квотаў, якая дзейнічае на тытунёвым рынку Беларусі, мае дзіўную асаблівасць: вытворчая квота для ўнутранага рынку істотна перавышае яго рэальную патрэбу. Напрыклад, у 2017 годзе пры ёмістасьці рынку ня больш за 20 млрд цыгарэт абʼём квоты складаў звыш 29 млрд: больш за 22 млрд цыгарэт прыпадалі на долю фабрыкі «Нёман» і 7 млрд – на долю «Тытунь-Інвэст».

Пры гэтым акцызная нагрузка на танныя цыгарэты, насуперак сусьветнай практыцы, у 2-3 разы ніжэйшая, чым на астатнюю прадукцыю. Доля цыгарэт ніжняга коштавага сэгмэнту складае 70%. У гэтым сэктары пераважаюць маркі фабрыкі «Нёман» (80%).

Аляксандар Лукашэнка публічна заяўляў, што мае намер стрымліваць цэны на цыгарэты дзеля папаўненьня бюджэту. Аднак зусім ня танныя маркі, а больш дарагія міжнародныя забясьпечвалі больш за палову бюджэтных паступленьняў.

Пакункі з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі
Пакункі з кантрабанднымі цыгарэтамі зь Беларусі

Пандэмія не кранула фабрыкі «Нёман»: у мінулым годзе выручка ад рэалізацыі нават вырасла і перавысіла 200 млн эўра, а чысты прыбытак склала амаль 60 млн эўра. Фабрыка афіцыйна амаль нічога не экспартуе: паводле справаздачы за 2019 год, асноўным рынкам рэалізацыі з выручкай больш 185 млн эўра была Рэспубліка Беларусь, краіны СНД забясьпечылі каля 1 млн эўра выручкі, іншыя краіны – каля 30 млн.

У 2014 годзе фабрыка вырабіла 27,82 млрд цыгарэт, пры гэтым яна працавала на поўную магутнасьць. З тых часоў статыстыка як на сайце кампаніі, так і ў дзяржаўных базах з 2017 года старанна зьнішчалася.

З імем уладальніка «Тытунь-Інвэст» Паўла Тапузідзіса, апальнага цяпер «кашалька» Лукашэнка, зьвязвалі кантрабанду цыгарэтаў зь Беларусі да 2017 году. Пры ім квітнелі вельмі вынаходлівыя схемы «белай» кантрабанды, калі цыгарэты цалкам законна прадаваліся разнастайным пасярэднікам і траплялі ў «няўлічаны экспарт». «Белая» кантрабанда ў той час складала траціну нелегальнага спажываньня ў Эўразьвязе, і галоўнай яе крыніцай была Беларусь.

Яшчэ больш выгады

У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка задумаў стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для рэалізацыі тытунёвых вырабаў на ўнутраным і зьнешнім рынку. Ён казаў: «Калі хтосьці прапануе сёньня схемы, па якіх мы будзем працаваць у вытворчасьці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў, яны неадкладна будуць рэалізаваныя. Але прынцып адзін: гэта павінна быць выгадней, чым дзейная цяпер схема». У 2019 годзе ён ужо заявіў: «У нас гэтая сфэра жорстка рэгулюецца: ёсьць інвэстар, які ў свой час узяўся за рэалізацыю тытунёвых вырабаў нашых прадпрыемстваў».

Гэты інвэстар — Аляксей Алексін, былы галоўны спэцыяліст дэпартамэнту энэргарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі «Белзьнешгандальсэрвіс» Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта РБ.

Анатацыя да ягонага імя ў санкцыйным сьпісе абвяшчае: «Аляксей Аляксін — адзін з найбуйнейшых бізнэсоўцаў Беларусі з інтарэсамі ў нафтавым і энэргетычным сэктары, нерухомасьці і дэвэлампэнце, лягістыцы, тытунёвай прамысловасьці, розьнічным гандлі, фінансах і іншых галінах. Ён падтрымлівае цесныя сувязі з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ягоным сынам і былым дарадцам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Віктарам Лукашэнка. Ягонай кампаніі належыць нерухомасьць у [пасёлку] „Александрыя-2“ у Магілёўскай вобласьці, які называюць рэзыдэнцыяй прэзыдэнта».

У жніўні 2018 кампанія Алексіна «Энэрга-Оіл» атрымала аднаасобнае права на продаж тытунёвых вырабаў Горадзенскай фабрыкі оптам і ў розьніцу, на ўнутраным рынку і за мяжой. Алексін пераняў яе шапікі «Тытунь» і права на ўстаноўку ўласных шапікаў «Табакерка», якія сталі зьяўляцца па ўсёй краіне. Затым кампанія пашырыла вытворчасьць у Горадні: дзьве новыя лініі абышліся ў 40 млн эўра. І нарэшце, была адкрыта новая тытунёвая фабрыка «Інтэр Табака», трэцяя ў краіне, дзеля якой Лукашэнка асабіста загадаў перасунуць мяжу Менску. Сёньня «Энерга-Оіл», згодна з інфармацыі з сайту кампаніі, зьяўляецца лідэрам на ўнутраным рынку тытунёвых вырабаў. Ёй належаць 40% рынку і звыш 10 тысяч гандлёвых кропак.

Аляксей Алексін
Аляксей Алексін

Беларускі апазыцыйны журналіст, мастацкі кіраўнік «Беларускага свабоднага тэатру» Мікалай Халезін, які жыве ў Лёндане, расьсьледуе дзейнасьць «кашалькоў» Аляксандра Лукашэнкі — бізнэсоўцаў, набліжаных да беларускага кіраўніка. Журналіст сьцьвярджае, што ў ланцужку ценявога збыту не засталося пасярэднікаў: «Краіна па-іншаму цяпер абсталявана. За апошнія гады ўвесь дробны „шэры“ бізнэс зьнік, створаныя манаполіі ва ўсіх сфэрах. Дробных кантрабандыстаў адлоўлівае ўжо сама дзяржава, таму што яна забрала сабе іх функцыі. Усё ідзе цяпер выключна ў прамысловых маштабах пад эгідай дзяржавы. У бізнэсе „кашалькоў“, афіляваных з Лукашэнкам, не існуе аўдытаў, праверак, кантролю. Гэта зусім іншы ўзровень карупцыі».

Аляксею Алексіну разам з двума іншымі набліжанымі да Лукашэнкі бізнэсоўцамі — Аляксандрам Зайцавым і Мікалаем Вераб’ём — належыць кампанія «Брэміна Груп». У яе два мытна-лягістычных цэнтры на польскай мяжы і адзін на расейскай, і статус нацыянальнага транзытнага апэратара. Тэрыторыі яе галоўнага тэрмінала «Брэміна — Ворша» прысвоены статус асаблівай свабоднай эканамічнай зоны. Такі ж узровень прэферэнцый мае толькі кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень».

«Гэтая кампанія, фактычна манапаліст, займаецца ўсім грузавым транзытам праз Беларусь, — тлумачыць Мікалай Халезін. — Ёй Лукашэнка аддаў функцыі дзяржаўнага „Белмытсэрвісу“. Спэцыяльна пад яе адну створана афшорнай зона ў Воршы».

Журналісты тэлекампаніі «Белсат» выявілі, што «Брэміна Груп» выкарыстоўваецца для вываду даходаў ад транзыту ў афшоры ў Арабскіх Эміратах. Афіляваныя зь ёй фірмы «Газ венчур» і «Транспетрол Балтык» былі заўважаныя ў разнастайнай кантрабандзе, ад польскіх яблыкаў і турэцкага адзеньня ў Беларусь да «санкцыёнкі» у Расею.

Юрыдычны адрас абедзьвюх знаходзіцца ў будынку, у якім разьмяшчаецца адзін з офісаў «Энэрга-Оіл», а таксама кампанія «Легаўтатранс» з холдынгу «Белнафтагаз». Гэта кампанія Аляксея Алексіна, яшчэ ў пачатку году ён лічыўся ў ёй заснавальнікам. «Белнафтагаз» зьяўляецца нацыянальным апэратарам сыстэмы маніторынгу транзытных перавозак «БНГарант» і наўпрост зьвязаная з распрацоўшчыкам праекту электроннага плямбаваньня фур «Сынэзіс Стыгма» (цяпер «Стыгма Софт»). Гэта значыць, што пад кантролем Алексіна знаходзіцца перасоўваньне па Беларусі ўсіх транзытных грузаў.

Інфармацыяй пра перамяшчэньні транспарту з цыгарэтнай кантрабандай Мікалая Халезіна забясьпечваюць былыя беларускія сілавікі, якія звольніліся з дзяржструктураў з-за нязгоды з палітыкай Лукашэнкі і якія стварылі грамадзкую ініцыятыву BYPOL. Наладжана супрацоўніцтва з праваахоўнікамі Польшчы, Літвы і Латвіі.

«Алексіну даступная любая лягістыка на ўзроўні дзяржаўных карпарацый, напрыклад, прадпрыемства "Беларуськалій", — распавядае Халезін. — Вядома, да яго транспартных сетак да гэтага часу ніхто доступу ня меў. Але ў выніку Лукашэнка даў дабро, і яны сталі пакаваць цыгарэты ў вагоны з каліем. Уварваецца ўнутр кантэйнэр — гэтага не можа зрабіць ніякі саматужнік. і, больш за тое, гэты вагон стаіць у дэпо і „ўпісваецца“ ў сярэдзіну эшалёну. Ці ў харчовых таварах кампаній, якія іх пакуюць. Таксама выкарыстоўваюцца вагоны-лесавозы. Там лягчэй укладваць кантрабанду, выгарадка робіцца з самой драўніны. Усё гэта ідзе праз дзяржаўныя сыстэмы і вялікія лягістычныя кампаніі, фармальна не дзяржаўныя, але па сутнасьці яны належаць Лукашэнку. Кіраўнікі гэтых кампаній — некаторыя былыя чыноўнікі. Вось нядаўна, напрыклад, нам паведамілі: машына, у якой цыгарэт на 1,4 млн эўра, заходзіць у Літву, мяняе там нумары. Дровы, якія яны вязуць, едуць на Калінінград, а цыгарэты перагружаюць і вязуць у Латвію. Мала таго, цыгарэты перакідваюць праз мяжу дронамі і сплаўляюць на пенапляставых „крыгах“ па рэках. Мы паведамляем памежнікам, і яны пасьпяваюць зьняць робат на камэру. Аб’ёмы гэтай кантрабанды — мільёны цыгарэт у месяц. Часам нам шанцуе, і „адлоў“ ідзе на 7 або 8 млн эўра за тыдзень».

Санкцыі і Латвія

У сьнежні 2020 году кампанія «Сынезіс» трапіла ў трэці пакет санкцый Эўразьвязу. У Брусэлі лічаць, што распрацаваная ёю плятформа назіраньня Kipod «робіць кампанію адказнай за рэпрэсіі беларускага дзяржаўнага апарату ў адносінах да грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі». Аляксей Алексін і ягоная жонка Іна выйшлі са складу яе заснавальнікаў. У студзені 2021 гады сам Алексін быў уключаны ў сьпіс асоб, прапанаваных для ўвядзеньня супраць іх пэрсанальных санкцый Эўразьвязу. Гэта заахвоціла яго перадаць свае акцыі «Энэрга-Оіл» і «Белнафтагаз» сынам Дзьмітрыю і Віталю.

Аднак Алексіну пашанцавала: яго імя ў апошні момант выкрасьлілі са сьпісу — па просьбе латвійскай дэлегацыі. Тлумачыцца гэта, магчыма, тым, што ён зьяўляецца буйным інвэстарам у самы дэпрэсіўны рэгіён Латвіі — Латгалію.

У Даўгаўпілсе зь яго імем зьвязаныя дзьве кампаніі. Адна зь іх — Mamas D — валодае вытворчасьцямі біядызэлю, соладу, рапсавага алею, у тым ліку харчовага, кацельні на прыродным газе, лініяй па перапрацоўцы збожжа, праектам аквакультурнага комплексу па вырошчваньні ласося або фарэлі. Карыстаецца дзяржаўнай падтрымкай. У 2017 годзе з абаротам у 15 млн эўра яна ўвайшла ў топ-10 кампаній рэгіёну. У 2019 годзе працавала са стратамі, у 2020 годзе, згодна з паведамленьнем праўленьня, з усіх відаў дзейнасьці засталіся толькі аптовы гандаль соладам і вытворчасьць цяпла і электраэнэргіі, спынены экспарт у Расею. Другая кампанія Алексіна, піўзавод Latgales Alus D, у тым ліку экспартуе піва ў Беларусь.

Паводле зьвестак парталу дзелавой інфармацыі Crediweb.lv, цяпер абедзьве кампаніі належаць старэйшаму сыну Алексіна Дзьмітрыю і жыхару Даўгаўпілсу Аляксандру Грахоўскаму. Аляксей Алексін узначальваў праўленьне абедзьвюх фірмаў з 2008 па 2012-13 гады, калі іх асноўным уладальнікам (80%) была беларуская кампанія Neonafta. Яна належала экс-партнэру Алексіна па нафтавым бізнэсе і былому галоўнаму «кашальку» Лукашэнкі Юрыю Чыжу.

Па іроніі лёсу займець латвійскія актывы Алексіну ўдалося дзякуючы першаму пакету санкцый супраць уладаў Беларусі. У 2011 годзе ў сьпіс унесьлі Юрыя Чыжа, Эўразьвяз замарозіў яго сродкі і забараніў уезд на сваю тэрыторыю, і ён перадаў свой пакет членам сям’і Алексіна. У выніку падзелу бізнэсу той таксама атрымаў нафтатрэйдэрскія кампаніі «Энэрга-оіл», «Белнафтагаз» і «Неанафта».

Даўгаўпілскія кампаніі — не адзіны інтарэс Алексіна ў Латвіі. У сакавіку 2020 году ў Беларусі зьявіўся новы экспартэр нафтапрадуктаў — ЗАТ «Новая нафтавая кампанія» (ННК). Гэта адзіная прыватная кампанія з правам гандляваць прадукцыяй дзяржаўных НПЗ. У Эўразьвязе лічаць, што гэта індыкатар цесных сувязей з уладамі і высокага ўзроўню прывілеяў.

Кампанія належыць Мікалаю Вараб'ю, які не пазьбег санкцый Эўразьвязу ў 2020 годзе. Аднак Алексін таксама згадваўся ў СМІ як яе сузаснавальнік. Паводле зьвестак беларускіх СМІ, ННК уяўляе сабой альтэрнатыву дзяржаўнай «Беларускай нафтавай кампаніі», да нядаўняга часу — адзінага прадаўца беларускіх нафтапрадуктаў на зьнешніх рынках. Новы трэйдар адразу пачаў гандляваць буйнымі партыямі прадукцыі Мазырскага НПЗ і Наваполацкага заводу «Нафтан» праз Рыскі порт.

Ці зрынуць санкцыі Лукашэнку?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:40:50 0:00
Наўпроставы лінк

Паводле расьсьледаваньня «Белсату», у Варабʼя ёсьць партнэр у Эстоніі — Аляксей Чулец. Ён, па дадзеных Crediweb, да красавіка гэтага году лічыўся бенэфіцыярам нафтавага тэрміналу B.L.B. Baltijas Terminals (цяпер дадзеныя аб заснавальніку схаваныя). Мікалай Халезін сьцьвярджае, што да ННК маюць дачыненьне Аляксей Алексін і расейскі бізнэсовец Міхаіл Гуцэрыеў, на якога таксама распаўсюджваюцца новыя санкцыі Эўразьвязу ў сувязі зь ягонымі цеснымі сувязямі з рэжымам Лукашэнкі. «Мы адсочваем па палётах іх джэтаў падпісаныя кантракты», — тлумачыць журналіст.


«Брэміна» і ННК трапілі ў новы санкцыйны сьпіс Эўразьвязу як кампаніі, якія атрымліваюць выгаду ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Мікалай Халезін кажа, што санкцыі, магчыма, пакладуць канец бізнэсу Аляксея Алексіна як у Беларусі, так і ў Латвіі — як гэта здарылася зь ягоным папярэднікам Юрыем Чыжом. Аднак ніякія санкцыі ня спыняць тытунёвай кантрабанды. «Таму мая задача, каб любы вагон, любая фура, пра якую я ведаю, заяжджала ў Літву ці Латвію, і іх бралі мясцовыя ўлады», — кажа Халезін.

Спробы Радыё Свабода зьвязацца з Аляксеем Алексіным, каб атрымаць ад яго камэнтар, аказаліся марнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG