Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ня могуць вызначыць колькасьць ахвяр затапленьня пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы


Вада дайшла да вёскі Афанасьеўка Мікалаеўскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота
Вада дайшла да вёскі Афанасьеўка Мікалаеўскай вобласьці. Ілюстрацыйнае фота

У вадаёмах зафіксавалі значнае перавышэньне мікрабіялягічных паказьнікаў, таму купацца або выкарыстоўваць такую ваду для апрацоўкі харчовых прадуктаў забаранілі.

Сьпікер Херсонскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Талаконьнікаў заявіў, што пакуль немагчыма назваць дакладную колькасьць людзкіх ахвяр, выкліканых маштабным затапленьнем населеных пунктаў вобласьці пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.

«Вельмі шмат зь левабярэжжа паведамленьняў пра тое, што людзі зьніклі бязь зьвестак. Мы ня можам афіцыйна пацьвердзіць факты гібелі. Але вельмі шмат паведамленьняў, што людзі бачаць праз вокны ў некаторых будынках людзей, якія там ёсьць, якія загінулі. Таму мы чакаем найперш дапамогі міжнароднай супольнасьці, каб яны, магчыма, паспрыялі „зялёнаму калідору“, каб дапамагчы людзям, якія там яшчэ застаюцца, і, магчыма, правесьці эксгумацыю цел, якія там ёсьць», — сказаў Аляксандар Талаконьнікаў у эфіры ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Паводле яго, на падкантрольнай Украіне тэрыторыі загінулі 10 грамадзян, 20 атрымалі траўмы, 42 лічацца зьніклымі бязь зьвестак. Апроч таго, законны мэр акупаванага расейцамі горада Алешкі Яўген Рышчук паведаміў, што паводле яго зьвестак, у горадзе загінулі 9 грамадзян.

Вада забруднена, але інфэкцыі не зафіксавана

Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны паведаміла, што на 14 чэрвеня ва Ўкраіне не зарэгістравана ніводнага выпадку або падазрэньня на халеру, як аб гэтым паведамлялі напярэдадні некаторыя крыніцы.

Маніторынг рачной і марской вады ў пацярпелых ад затапленьня рэгіёнах — Адэскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцях — адбываецца ў 38 пунктах назіраньня.

У той жа час у міністэрстве паведамілі, што ў вадаёмах зафіксавалі значнае перавышэньне мікрабіялягічных паказьнікаў, таму купацца або выкарыстоўваць такую ваду для апрацоўкі харчовых прадуктаў нельга. Мэдыкі таксама паведамілі аб забароне лоўлі і спажываньня рыбы з забруджаных вадаёмаў.

Разам з тым, у міністэрстве падкрэсьлілі, што ў мэдычных установах стварылі дадатковыя месцы на выпадак інфэкцыйных успышак.

Узровень вады зьніжаецца

У штабе ліквідацыі наступстваў зьнішчэньня Кахоўскай дамбы заявілі, што затопленымі на падкантрольнай Украіне тэрыторыі застаюцца 28 населеных пунктаў. Эвакуавалі амаль тры тысячы грамадзян.

Паводле зьвестак кампаніі «Укргідроенерго», Кахоўскае вадасховішча страціла каля 70% аб’ёму вады. Падзеньне ўзроўню вады прагназуюць і далей — кожную гадзіну на 1-10 сантымэтраў. У сувязі з гэтым гідраагрэгаты Дняпроўскай ГЭС вымушаны працаваць з абмежаваньнямі.

Кахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцый. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці. Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы. У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС-2, але з прычыны вайны рэалізацыя праекту так і не пачалася.

Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя знаходзіцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG