Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі паведамілі, што на вайне ва Ўкраіне паранілі аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Кадырава


Адам Дэлімханаў. Архіўнае фота
Адам Дэлімханаў. Архіўнае фота

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Адам Дэлімханаў кіраваў чачэнскімі вайскоўцамі пры штурме Марыюпалю.

Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі Адам Дэлімханаў, які зьяўляецца адным з найбліжэйшых паплечнікаў кіраўніка Чачэнскай рэспублікі Рамзана Кадырава, атрымаў цяжкія раненьні ва Ўкраіне.

Як паведаміла расейскае інфармацыйнае агенцтва РБК, Адам Дэлімханаў паранены, але жывы.

Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў паведаміў у сваім Telegram, што зьвярнуўся да «ўкраінскай выведкі» па інфармацыю пра свайго паплечніка.

«Я сам не магу ніяк выйсьці на Адама Дэлімханава. На сувязь ён не выходзіць. Прашу ўкраінскую выведку даць інфармацыю, па якім менавіта месцы і па якіх пазыцыях нанесьлі ўдар, каб усё ж я змог знайсьці майго дарагога брата. Узнагароджаньне абяцаю шчодрае і вельмі прашу пасадзейнічаць», — напісаў Кадыраў.

Чым вядомы Адам Дэлімханаў

Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну Адам Дэлімханаў кіраваў чачэнскімі вайскоўцамі пры штурме Марыюпалю.

Ён рэгулярна запісваў пастановачныя відэаматэрыялы з вайскоўцамі нібыта ў часе баявых дзеяньняў. За гэтыя ролікі ва Ўкраіне чачэнскія падразьдзелы пачалі называць «тыкток-войскамі».

26 красавіка 2022 году Ўладзімір Пуцін узнагародзіў Адама Дэлімханава званьнем Героя Расеі і ўручыў мэдаль «Залатая зорка».

Адам Дэлімханаў пэўны час займаў пасаду намесьніка кіраўніка ўраду Чачэніі, а потым яго выбралі дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расеі паводле сьпісаў партыі «Адзіная Расея».

Расейскія ЗМІ паведамляюць, што дэпутат вярнуўся на вайну ва Ўкраіну ў верасьні мінулага году.

13 чэрвеня стала вядома аб гібелі 10-га расейскага генэрала ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG