Як піша БЕЛТА, абвінавачанымі праходзяць сем службовых асоб прадпрыемстваў, а таксама віцэ-старшыня рады дырэктараў швайцарскай кампаніі Swiss Trading Group AG SWITG. Іх вінавацяць у атрыманьні і даваньні хабару ў асабліва буйным памеры.
Віцэ-старшыню рады дырэктараў швайцарскай кампаніі Сяргея Іёкава вінавацяць у даваньні хабару ў асабліва буйных памерах.
Па вэрсіі сьледзтва, атрымальнікамі гэтага хабару былі намесьнік гендырэктара МТЗ Сяргей Сіроценка, намесьнікі тэхнічнага дырэктара МТЗ Сяргей Ганчароў і Анатоль Кандратовіч, галоўны тэхноляг МТЗ Аляксандар Лебедзеў.
На БелАЗе хабар ад прадстаўніка швайцарскай кампаніі, як заяўляе сьледзтва, атрымлівалі начальнік інструмэнтальнай вытворчасьці Валеры Гулакоў, інжынэр па інструмэнце пакупнога бюро інструмэнтальнай вытворчасьці Сьвятлана Радзівіл, генэральны канструктар — начальнік навукова-тэхнічнага цэнтру Алег Сьцяпук.