Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна малая, на абцасах, крычыць». Расказваем пра адвакатку Юлію Юргілевіч, якую вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмізму»


Юлія Юргілевіч
Юлія Юргілевіч

Сярод падабаронных Юргілевіч былі музыка Ігар Банцэр і мастак Алесь Пушкін. Яна здолела пераканаць амапаўцаў адмовіцца ад пазову. Расказваем, чаму людзі рэжыму маглі баяцца Юлію і чаму яна заўсёды носіць абцасы.

Юліі Юргілевіч 42 гады. Яна нарадзілася і жыве ў Горадні. Паходзіць зь сям’і адвакаткі і кіроўцы. Скончыла юрфак Горадзенскага ўнівэрсытэту. Адвакацкі стаж амаль 18 гадоў. Абараняла палітвязьняў. Зь вядомых ейных падабаронных — музыка Ігар Банцэр, мастак Алесь Пушкін, студэнт-хімік Арцём Баярскі, сын сьвятара Андрэй Аўсіевіч.

23 лютага 2022 года Юлію выключылі са складу Горадзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сыстэматычныя парушэньні заканадаўства», хаця за папярэднія 18 гадоў прэтэнзіяў да ейнай працы не было.

Пасьля гэтага Юргілевіч выехала за мяжу. Затрымалі юрыстку ў канцы жніўня 2022 году, калі яна вярталася ў Беларусь з Польшчы. Больш за 9 месяцаў жанчына сядзіць у СІЗА горадзенскай турмы, яе вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмізму». Праваабаронцы прызналі юрыстку палітзьняволенай. Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Ляўра Крафт стала «хроснай» Юліі.

Маці Юліі, адвакатку Яніну Юргілевіч, некалькі разоў затрымлівалі пасьля 2020 году, але потым выпускалі.

«Яна малая, на абцасах, крычыць»

Юлія Юргілевіч абараняла гаспадыню горадзенскай крамы «Адметнасьць», дзе прадавалі тавары з нацыянальнай сымболікай, Вольгу Верамеенку. Два гады таму Верамеенку пасадзілі на трое сутак у горадзенскую турму нібыта за пікетаваньне ў краме. Юргілевіч двойчы наведвала яе за кратамі.

«Адвакат — гэта вельмі важна, істотна ў турме, сувязь з вонкавым сьветам, калі табе нельга ні чытаць, ні пісаць, ты ня ведаеш, на колькі цябе затрымалі», — выказвае думку Верамеенка.

Перад сустрэчай з адвакаткай ёй надзелі кайданкі, вывелі з камэры, але не сказалі, куды вядуць.

Адвакатка Юлія Юргілевіч і Вольга Верамеенка
Адвакатка Юлія Юргілевіч і Вольга Верамеенка

«Адчыняюцца дзьверы — і там Юля. Яна ўбачыла кайданкі. Сказала, каб мяне адчапілі. Яны ў яе перапыталі: „Вы ўпэўненыя?“, быццам я нападаць буду. Яна сказала: „Вядома, упэўненая“. Зь мяне зьнялі кайданкі. Я ад радасьці ледзь не заплакала, першы раз у турме. Але яна мне сказала: „Ціха, ціха, ціха“. Мне было вельмі радасна яе бачыць. Гэтыя дзьве гадзіны зь ёй для мяне былі вельмі важныя», — успамінае суразмоўца.

Потым Юргілевіч абараняла Верамеенку на судах. Кажа, што адвакатка моцна яе падтрымлівала, пераконвала, што ўсё будзе добра. Гаспадыня крамы думала, што ёй усё ж могуць на судзе прысудзіць арышт, таму сабрала з сабой вялікую торбу.

«Яна зь мяне рагатала: „Ты куды сабралася? У Сібір?“ Падсьмейвалася, але такім чынам падтрымлівала», — пераказвае Вольга.

Суд праходзіў закрыта, у будынку РАУС. На паседжаньне не пусьцілі нікога, апрача адвакаткі, хацелі і ёй забараніць быць на працэсе.

«У яе хацелі забраць тэлефон, але яна настаяла на тым, што пойдзе з тэлефонам, бо яна адвакат. Хацелі мяне ўвогуле безь яе забраць. Але яна выскачыла наперад мяне і сказала, што тады ніхто нікуды ня пойдзе. Так было сьмешна! Яна малая, на абцасах, крычыць: „Давайце мне сюды судзьдзю Пятрову!“. Як маленькая птушачка абараняе вялікага ката», — параўноўвае Верамеенка.

Суразмоўца зьдзіўляецца, што адвакатка заўжды лёгка хадзіла на высокіх абцасах. Прычына была ў ейным невысокім росьце.

«Яна заўсёды лятала, як верталёт. Калі я пыталася пра абцасы, яна казала: „Уяві, я яшчэ абцасы здыму, мяне ж зусім відаць ня будзе“», — расказвае Верамеенка.

Яна кажа, што Юлія і на судах яе моцна падтрымлівала, зь ёй было больш спакойна, хаця ў рэальнасьці, напэўна, не магла паўплываць на рашэньне суду. Тады Вользе далі штраф.

«Падчас абскарджаваньня рашэньня ў абласным судзе судзьдзя Заяц пайшоў у пакой, каб выносіць рашэньне. Мы яго доўга чакалі. Нам было дужа весела, мы рагаталі. Юля кажа: „Напэўна, ён заснуў“. Пакуль мы чакалі, яна паклала на калені сваю торбу і дастала адтуль здаравенны агурок, каб пасьмяшыць. Зноў сталі рагатаць», — успамінае Вольга пра падтрымку адвакаткі.

Гарадзенка апісвае сваю адвакатку як упартую і хуткую ў працы, упэўненую ў сабе.

«Думаю, некаторыя яе не любілі, але шмат хто да яе прыязна ставіўся. Гэта было відаць. Казалі: „Зноў вы!“, калі мы заходзілі ў РАУС. Дзяжурныя міліцыянты з павагай да яе ставіліся, зь цікаўнасьцю. Начальнікі ў РАУС, можа, не любілі, а можа, нават баяліся яе слова, вострага языка. Яна ўсё рабіла правільна. Ведала ўсе працэсуальныя рэчы, дзейнічала ў межах закону», — кажа Верамеенка.

«Любіць жыць на ўсю катушку»

Пасьля судовага працэсу Вольга зь Юляй сталі сябраваць.

«Калі мы сустракаліся зь Юляй, заўсёды рагаталі. Юля — гэта сьмех і жарты. Празь некалькі месяцаў будзе год, як яе затрымалі. Празь дзень-два Юля ў маёй галаве. Я вельмі за яе пераймаюся. Чакаю, калі яе выпусьцяць. Гэта адно з маіх моцных жаданьняў. Ведаючы Юлю, я спадзяюся, што ім там месца мала. З чалавекам, які ведае сваю справу, ім цяжэй», — мяркуе Верамеенка.

Яна расказвае, што Юлія любіць смачна паесьці.

«Любіць смажаныя каўбаскі, смачную рыбу. Любіць жыць на ўсю катушку, весела. Сабаку свайго любіць, выгульвала заўсёды яго. Нейкі малы сабака, ён паводле азначэньня ня можа быць у Юлі вялікім», — успамінае Верамеенка.

Адвакатка Юлія Юргілевіч і Вольга Верамеенка
Адвакатка Юлія Юргілевіч і Вольга Верамеенка

«Малая з выгляду, але гэта падманліва»

Яшчэ адзін даўні знаёмы Юліі Юргілевіч ананімна (дзеля ягонай бясьпекі. — РС) ахарактарызаваў адвакатку такім чынам:

«Малая з выгляду, але гэта падманліва. Ведзьма. Яна чаплялася за кожную магчымасьць з пункту гледжаньня права, за кожную коску. Казала: „Калі я абараняю чалавека, то ня важна, вінаваты ці не, мая задача абараняць“. Яна не баялася. Шмат увагі ўдзяляла ўмовам утрыманьня для сваіх падабаронных, намагалася палепшыць, як магла», — кажа суразмоўца.

Адвакатка Юлія Юргілевіч
Адвакатка Юлія Юргілевіч

Ён таксама падкрэсьліў, што Юргілевіч вясёлая ў жыцьці, надзейная, гатовая дапамагчы, любіць падарожнічаць.

Кліент Юліі Юргілевіч ананімна (дзеля ягонай бясьпекі. — РС) расказаў Свабодзе пра сваю адвакатку.

«Вельмі спачувала, гаваркая, жыцьцярадасная. Былі моманты, калі яна наказвала, што і як рабіць. „І безь мяне ні кроку не хадзіць!“ Вельмі мужна трымалася перад чыноўнікамі на судзе, пісала скаргі на іхныя дзеяньні, патрабавала дадатковых доказаў. Дзейнічала вельмі адважна», — мяркуе суразмоўца.

Пераканала амапаўцаў адмовіцца ад пазоваў

Юлія Юргілевіч вядомая тым, што пераканала некалькіх «пацярпелых» амапаўцаў адмовіцца ад свайго пазову на кампэнсацыю маральнай шкоды ў судзе. Гэта быў працэс над гарадзенцам Андрэем Сакалоўскім, якога судзілі ў самай масавай горадзенскай пратэставай справе з нагоды маршу 6 верасьня 2020-га. Пасьля пытаньняў адвакаткі міліцыянты, якія давалі паказаньні ў судзе ананімна, за шырмай, пад чужымі імёнамі, адмовіліся ад сваіх грашовых прэтэнзій да фігуранта.

Адной з апошніх кліентак Юліі Юргілевіч была 69-гадовая пэнсіянэрка Галіна Міхальчук з Ваўкавыску, якой далі 2,5 года калёніі агульнага рэжыму за камэнтары з абразай Лукашэнкі ў Telegram.

«Вядома, высокі суд, я б вельмі хацела ўбачыць гэтых асобаў (пацярпелых міліцыянтаў) у судовым пасяджэньні з аднае прычыны: хацелася б мне паглядзець ім у вочы. Як яны выконвалі свае службовыя абавязкі, як яны выходзілі на вуліцу, як яны выходзілі ў форменным абмундзіраваньні, як яны ажыцьцяўлялі патруль вуліц у тыя цяжкія для іх дні?

І як яны, такія мужныя людзі, якія ажыцьцяўлялі ахову нашай дзяржавы ў такі неспакойны час, маглі цяпер перажыць такія маральныя пакуты на 1000 беларускіх рублёў, якія яны просяць спагнаць з пэнсіянэркі, якая атрымлівае 538 рублёў пэнсіі?» — казала Юлія Юргілевіч падчас спрэчак на працэсе Галіны Міхальчук.

Справу Юліі Юргілевіч ужо перадалі ў суд, дата пачатку працэсу пакуль не вядомая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG