Кіраўнік ураду Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што ад заходніх санкцый пацярпела чвэрць беларускай эканомікі, страціўшы свае традыцыйныя рынкі ў суседніх краінах.
«Разьлік быў на тое, што эканоміка павінна „легчы“. У сьціслыя тэрміны выбудавалі антыкрызіснае кіраваньне эканомікай. На вонкавым контуры галоўная ўвага была скіравана на падтрымку экспартэраў, лягістыку і сыстэму разьлікаў. Унутры краіны ўвалілі неабходныя рашэньні для забесьпячэньня бесьперабойнай працы прадпрыемстваў», — сказаў Раман Галоўчанка на Эўразійскім кангрэсе, які адбываецца ў Сочы (Расея).
Паводле яго, беларуская эканоміка адаптавалася да санкцый цягам шасьці месяцаў. Раман Галоўчанка заявіў, што пераадолець уплыў санкцый дапамагла «інтэграцыя» з Расеяй і ў рамках Эўразійскай эканамічнай супольнасьці.
«Фактычна прырост у гандлі з ЭАЭС зраўняў экспарт зь недружалюбных краін, які выпаў. І гэта галоўны адказ на пытаньне, што дае нашым краінам сяброўства ў ЭАЭС», — перакананы Раман Галоўчанка.
Кіраўнік ураду Беларусі таксама заявіў, што мінімізаваць наступствы санкцый для беларускай эканомікі дапамагло перанакіраваньне Расеяй лягістыкі гандлёвых патокаў.
«Актыўна выкарыстоўваецца больш за 20 партоў Расеі замест раптоўна закрытых для нас портавых магутнасьцяў Прыбалтыкі і Ўкраіны. Для Беларусі ў гэтай сувязі эўразійская інтэграцыя мае прыярытэтны характар», — падкрэсьліў Раман Галоўчанка.
Паводле яго, для далейшай эўразійскай інтэграцыі ключавым зьяўляецца стварэньне «транспартнага калідору Поўнач — Поўдзень, які стыкуецца з большасьцю эўразійскіх транспартных калідораў».
«Мы бачым, якое значэньне надае Расейская Фэдэрацыя гэтаму калідору, і ўсімі тымі краінамі, якія завязаныя ў гэты лягістычны ланцужок. Мы цалкам падтрымліваем гэтыя высілкі і лічым, што разьвіцьцё транспартна-лягістычнай інфраструктуры, арыентаванай на поўдзень і паўднёвы ўсход, спалучэньне існых чыгуначных шляхоў і аўтамабільных магістраляў — гэта фундамэнтальны кірунак нашай супольнай працы ў гэтай галіне. Мы не гаворым пра тое, што забываем калідор Захад — Усход. Не. Мы павінны збалянсаваць гэтыя калідоры і зрабіць іх даступнымі і выгаднымі для ўсіх краін супольнасьці», — патлумачыў ён.
Яшчэ адным кірункам, у якім неабходна інтэнсыфікаваць супрацу ў межах ЭАЭС, Раман Галоўчанка назваў прамысловую каапэрацыю і яе фінансавую падтрымку за кошт бюджэту арганізацыі.
У 2022 годзе ВУП Беларусі зьнізіўся на 4,7%. На 2023-і прырост гэтага паказьніка заплянаваны на ўзроўні 3,8%.
Паводле зьвестак Белстату, амаль 4% беларусаў жывуць за рысай беднасьці, 40% усіх прыбыткаў ідзе на харч.
3,9% беларусаў маюць прыбытак, ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму — нормы, якую дзяржава лічыць дастатковай для мінімальных патрэб грамадзяніна на месяц. Цяпер гэты бюджэт складае 341 рубель на месяц. Гэта ў 5 разоў менш за сярэдні заробак. Людзей зь мінімальным даходам найбольш у Магілёўскай вобласьці — 5,9%, а найменш у Менску — 1,4%.
- За апошнія некалькі гадоў дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненьні да Беларусі мноства абмежавальных мераў — пераважна з прычыны парушэньня Мінскам правоў чалавека.
- Санкцыі ўводзіліся за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае задушэньне распачатых пасьля іх пратэстаў, прымусовую пасадку самалёта Ryanair і наступны арышт апазыцыянэраў, якія ляцелі на ім, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ і дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.