Пра гэта паведамляе сайт суду .
Кабуга быў галоўным спонсарам прапагандысцкага «Радыё тысячы пагоркаў», якое заклікала забіваць прадстаўнікоў племені тутсі. Акрамя таго, ён фінансаваў праўрадавае апалчэньне, якое чыніла генацыд. Кабуга, якому цяпер 89 гадоў, быў адным з найбагацейшых людзей Руанды.
Заснаванае ім «Радыё тысячы пагоркаў» распальвала нянавісьць да племені тутсі (тутсі і хуту — два асноўныя этнасы, якія насялялі Руанду). Апроч заклікаў зьнішчыць усіх тутсі, радыё распаўсюджвала імёны і зьвесткі пра месцазнаходжаньне людзей, якіх патрабавала забіць у першую чаргу. Пасьля 1994 году Кабуга ўцёк з краіны і жыў па падробленых дакумэнтах спачатку ў Афрыцы, затым у Францыі.
У 1997 годзе Міжнародны трыбунал па Руандзе прад’явіў яму абвінавачаньні ў падбухторваньні да генацыду і злачынствах супраць чалавечнасьці. Кабуга хаваўся 23 гады і быў арыштаваны ў 2020 годзе ў Парыжы. Падчас генацыду тутсі ў Руандзе было зьнішчана, паводле розных ацэнак, ад 500 тысячаў да 1 мільёна чалавек. Гэта прыкладна тры чвэрці ўсіх тутсі. Таксама былі забітыя шматлікія хуту, якія хавалі ў сябе тутсі.
У 2022 годзе ў Гаазе над Кабугам пачаўся суд, аднак прысуд яму вынесены ня будзе. Суд ААН, грунтуючыся на інфармацыі ад мэдыкаў, прыняў рашэньне, што праз дэмэнцыю 90-гадовы абвінавачаны больш ня здольны ўдзельнічаць у пасяджэньнях.
Пасяджэньні суду працягнуцца для вызначэньня ісьціны і ступені віны падсуднага, але прысуд вынесены ня будзе.