Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіліся новыя зьвесткі пра затрыманьні кіроўцаў ля мяжы з Расеяй


Мытны выбарачны транспартны кантроль на мяжы Беларусі і Расеі. Траса М1 (траса Е30). Архіўнае фота
Мытны выбарачны транспартны кантроль на мяжы Беларусі і Расеі. Траса М1 (траса Е30). Архіўнае фота

Пачасьціліся затрыманьні кіроўцаў на трасе М1 у Дубровенскім раёне, паведамляюць праваабаронцы.

У Дубровенскім раёне за апошні месяц пачасьціліся затрыманьні кіроўцаў, якія рухаюцца транспартам па трасе М1 з боку Расеі альбо ў адваротным кірунку, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

У грамадзян Беларусі правяраюць тэлефоны, шукаюць «экстрэмісцкія» падпіскі ў тэлеграм-каналах і чатах. Некаторых затрымліваюць і адвозяць у Дуброўна, дзе заводзяць адміністрацыйныя справы і судзяць па арт. 19.11 КаАП.

Вядома, што 21 траўня затрымалі жыхара Магілёва. Яму прысудзілі штраф у памеры 1110 рублёў і канфіскавалі тэлефон.

А 24 траўня затрымалі яшчэ дваіх беларусаў і асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту кожнага.

5 траўня Беларусь увяла памежны кантроль на сухапутнай мяжы з Расеяй. У тых, хто ўяжджае ў краіну на аўтамабілях, пачалі правяраць дакумэнты і багажнікі машын.

Старшыня КДБ Іван Тэртэль 1 чэрвеня пракамэнтаваў праверкі на межах Беларусі, падчас якіх у людзей правяраюць тэлефоны і дапытваюць:

«Гэтая мера рэалізуецца цяпер па ўсім пэрымэтры беларускай мяжы. Яна накіравана на своечасовае выяўленьне і лякалізацыю дзейнасьці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненьні ў адносінах да Беларусі», — сказаў старшыня КДБ.

Паводле яго, КДБ «атрымлівае інфармацыю аб наяўнасьці рэальных плянаў сярод асоб з баявых груп, сфармаваных на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, некаторых іншых краін, аб учыненьні тэрактаў у Беларусі».

  • Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 22 лютага 2022 году.
  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG