Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі прыбыў на пераправу, празь якую ідзе эвакуацыя з затопленых тэрыторый Херсоншчыны


Эвакуацыя жыхроў у Херсонскай вобласьці. 7 чэрвеня 2023
Эвакуацыя жыхроў у Херсонскай вобласьці. 7 чэрвеня 2023

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведаў Херсонскую вобласьць, дзе правёў каардынацыйную нараду аб ліквідацыі наступстваў зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.

«Шмат важных пытаньняў: апэратыўная сытуацыя ў вобласьці, якая склалася ў выніку катастрофы, эвакуацыя насельніцтва з патэнцыйных зон затапленьня, ліквідацыя надзвычайнай сытуацыі, выкліканай падрывам дамбы, арганізацыя жыцьцядзейнасьці затопленых тэрыторый», — паведаміў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.

Уладзімір Зяленскі ў Херсоне. 8 чэрвеня 2023
Уладзімір Зяленскі ў Херсоне. 8 чэрвеня 2023

Украінскі прэзыдэнт лічыць важным падлічыць магчымыя страты і выдзеліць пацярпелым грамадзянам і прадпрыемствам кампэнсацыю.

У Херсоне Ўладзімір Зяленскі наведаў пераправу, празь якую вывозяць грамадзян з затопленых тэрыторый.

«Наша задача — максымальна абараніць жыцьцё і дапамагчы людзям. Дзякую ратавальнікам і валянтэрам. Дзякую ўсім, хто далучыўся да гэтай працы», — заявіў Зяленскі.

Украінскі бок не паведамляе колькасьці загінулых ці пацярпелых у выніку затапленьня падкантрольных населеных пунктаў пасьля зьнішчэньня Кахоўскай дамбы.

Расейскія акупацыйныя ўлады паведамілі аб мінімум пяці загінулых і 71 шпіталізаваным у захопленай і затопленай Кахоўцы. Вядома яшчэ пра нібыта траіх загінулых жыхароў гораду Алешкі. Аднак спраўдзіць гэтую інфармацыю немагчыма праз адсутнасьць доступу незалежных журналістаў на месца.

Аб разбурэньні Кахоўскай дамбы стала вядома 6 чэрвеня. Расея і Ўкраіна абмяняліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі ў яе падрыве.

Кахоўская ГЭС — ніжняя прыступка Дняпроўскага каскаду электрастанцый. Знаходзіцца ў Херсонскай вобласьці. Яе ўзводзілі шэсьць гадоў, пачынаючы з 1950 году. Цяпер станцыя не вырабляе электраэнэргіі і, адпаведна, не працуе ў складзе ўкраінскай энэргасыстэмы. У 2020 годзе ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб далейшай разбудове станцыі і будаўніцтве Кахоўскай ГЭС-2, але з прычыны вайны рэалізацыя праекту так і не пачалася.

Раней «Укргідроенерго» паведамляла, што Расея стварыла на ГЭС сваю вайсковую базу. Гідраэлектрастанцыя знаходзіцца за 5 км ад Новай Кахоўкі, таксама акупаванай расейцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG