Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выбух быў, як бомба ўпала». На Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце імаверна загінулі 3 чалавекі, 4 параненыя


Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота 2017 году
Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат, архіўнае фота 2017 году

На Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце 7 чэрвеня адбылося надзвычайнае здарэньне. паводле папярэдняй інфармацыі, сама меней 3 чалавекі загінулі, 4 атрымалі раненьні.

7 чэрвеня ратавальнікі атрымалі паведамленьні пра ўспышку газапаветранай сумесі без наступнага гарэньня на тэрыторыі Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату і выехалі на месца здарэньня, паведамілі ў МНС Беларусі. Паводле выданьня «Ранак», выбух на заводзе адбыўся прыкладна ў 15:30–15:40.

Падчас пошукава-выратавальных работ на месцы аварыі знойдзеныя парэшткі меркавана траіх чалавек, паведамляюць «Сьветлагорскія навіны» са спасылкай на начальніка Светлагорскага РАНС Андрэя Высоцкага. Разбор завалаў і пошукавыя работы працягваюцца.

Пры гэтым прадстаўнік СК Аляксандар Сухадольскі заявіў, што цяпер «гаварыць пра дакладную колькасьць загінулых і пацярпелых на заўчасна», пакуль толькі правялі «частковы візуальны агляд лякацыі здарэньня, на якой зьліквідавалі наступствы выбуху і знайшлі фрагмэнты чалавечых парэшткаў», але «частка тэрыторыі яшчэ недаступная для паўнацэннага агляду».

Крыніца Свабоды паведаміла, што гэта былі маладыя людзі, якія акурат працавалі на зьмене. Паводле яе, «цяпер да заводу прыехалі бацькі загінулых, але іх не пускаюць унутр».

Як паведаміла прэс-служба Мінздароўя, раненьні ў выніку выбуху атрымалі яшчэ 4 чалавекі (1985–1996 гадоў нараджэньня). «Ва ўсіх дыягнаставаныя павярхоўныя раны галавы і павярхоўныя апёкі рук. Брыгады хуткай мэдычнай дапамогі надалі ім дапамогу на месцы, ад шпіталізацыі пацярпелыя адмовіліся», — паведамляе прэс-служба Мінздароўя.

«Выбух быў чуваць у суседняй з заводам вёсцы Якімава Слабада. Людзі папужаліся вельмі», — расказала крыніца Свабоды.

Паводле інфармацыі іншай крыніцы, «узарваўся чан з талевай алівай». «Выбух быў такі, нібыта бомба ўпала. Дарэчы, той чан ужо ўзрываўся ў 2020 годзе, тады загінулі людзі», — дадала крыніца.

Паводле яе, у выніку «ўсе вокны вылецелі на заводзе», цяпер на камбінат паехалі калёны «хуткіх», міліцыі і ратавальнікаў.

Старшыня Сьветлагорскага райвыканкаму Дзьмітры Шабетнік паведаміў, што з 2 чэрвеня завод знаходзіўся на афіцыйным прыпыненьні і што «пры правядзеньні прафіляктычных і рамонтных работ у цэху выпаркі шкіпінару пры прамываньні цеплаабменьніка адбыўся выбух».

«Пагрозы для жыцьця і здароўя насельніцтва няма», — заявіў Дзьмітры Шабетнік у камэнтары выданьню «Светлагорскія навіны».

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па факце ўспышкі на Сьветлагорскім ЦКК паводле артыкула 302 Крымінальнага кодэксу (Парушэньне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бясьпекі на выбухованебясьпечных прадпрыемствах або ў выбухованебясьпечных цэхах або правілаў бясьпекі выбухованебясьпечных работ).

На прадпрыемстве працуе камісія для высьвятленьня прычын таго, што адбылося.

  • У 2020 годзе на ЦКК у выніку выбуху на чане талавай алівы загінуў чалавек — зваршчык Аляксандар Русіновіч. Тады Сьледчы камітэт паведамляў: «Пры выкананьні агнявых прац пры пракладцы трубаправоду адводу парапаветранай сумесі ад кляпанаў баку з талавай алівай адбыўся выбух і пачаўся пажар. Загінуў 40-гадовы зваршчык».
  • У 2012 годзе на базе цэлюлёзна-кардоннага камбінату пад Сьветлагорскам пачалі будаваць новы завод беленай цэлюлёзы. Падрадчыкам выступіла кітайская кампанія China CAMC Engineering Co. Адкрыцьцё заводу некалькі разоў пераносілі, а дабудоўваць яго давялося канцэрну «Беллеспаперапрам».
  • Кошт праекту складаў каля 850 мільёнаў даляраў, зь іх 654 мільёны прыпадала на крэдыт, выдзелены ўраду Беларусі Экспартна-імпартным і Індустрыяльна-камэрцыйным банкамі Кітая. 15 жніўня 2019 году канцэрн «Беллеспаперапрам» заявіў, што будзе завяршаць будаўніцтва заводу самастойна.
  • Тады ж кіраўніцтва Сьветлагорскага ЦКК пачало працэдуру разрыву кантракту з кітайскімі інвэстарамі. Прычынамі называлі будаўніцтва з адставаньнем, парушэньне нормаў, факты пастаўкі бракаванага абсталяваньня. Кантракт у выніку скасавалі.
  • Пасьля запуску заводу мясцовыя жыхары скардзіліся на непрыемны пах і адчуваньні. Плянавалася, што завод выйдзе на поўную магутнасьць у 2023 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG