Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 гадоў абяцаньняў. Як улады мадэрнізавалі Сьветлагорскі завод цэлюлёзы і што з гэтага атрымалася


Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы
Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы

Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат вырашылі абнавіць у 2010 годзе. Там зьбіраліся наладзіць вытворчасьць сыравіны для паперы.

2010 год. Пачатак мадэрнізацыі

Доўгі час Беларусь імпартавала беленую цэлюлёзу — гэта важная сыравіна для вытворчасьці паперы. На базе Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату вырашылі наладзіць сваю вытворчасьць беленай цэлюлёзы.

У кастрычніку 2010 году ўлады Беларусі падпісалі кантракт з кітайскай фірмай САМСЕ на будаўніцтва заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы. 85% сумы на будаўніцтва новага заводу на базе Сьветлагорскага ЦКК — гэта кітайскі крэдыт у 800 мільёнаў даляраў. Плянавалася, што новае прадпрыемства пачне працу ў 2015 годзе.

«Нягледзячы на тое што яшчэ ідзе будаўніцтва заводу, Сьветлагорскі ЦКК ужо актыўна працуе над рынкамі збыту новага прадукту. На прадпрыемстве пабывалі найбуйнейшыя трэйдары, якія прадаюць цэлюлёзу па ўсім сьвеце. Маюць цікавасьць да беларускай цэлюлёзы і кітайскія кампаніі. Яны ўжо пацьвердзілі свае намеры на закупкі», — так апісвала ў 2015 годзе пэрспэктывы заводу прэс-сакратар канцэрну «Беллеспрам», у які ўваходзіць камбінат, Ружэна Навіцкая.

2016–2018 гады. Велізарныя страты і праблемы з экалёгіяй

У 2016 годзе Сьветлагорскі ЦКК увайшоў у дзясятку самых стратных кампаній краіны, заняўшы ў ёй другое месца (на першым апынуўся «Гомсельмаш»).

Завод яшчэ не запусьцілі, а мясцовыя жыхары з 2017 году пачалі скардзіцца на смурод і кепскае самаадчуваньне ад яго.

«Удыхаючы забруджанае паветра, якое паступае з заводу беленай цэлюлёзы з канца 2017 году, — апісвалі мясцовыя жыхары сытуацыю з заводам, — мы адчуваем недамаганьне, дзярэньне ў горле, галаўны боль, крывацёк з носу, ваніты, алергію, стомленасьць. Апроч смуроду, мы назіраем, як нейкія вадкія хімічныя рэчывы праз стары прамысловы канал прадпрыемства „Хімвалакно“ скідваюць у раку Бярэзіну, пра што сьведчаць бура-чорны колер вады і вялікая колькасьць брудна-шэрай пены і мёртвай рыбы».

Чыстыя страты Сьветлагорскага ЦКК за 2018 год склалі 206 795 700 рублёў і павялічыліся ў параўнаньні з 2017 годам у 4 разы. Таксама завод стаў рэкардсмэнам у здарэньнях: рабочы атрымаў апёкі ў кіслотным цэху, у адным з карпусоў абваліўся дах.

Міністэрства экалёгіі і прыродных рэсурсаў у адказ на скаргі мясцовых жыхароў абавязала кіраўніцтва заводу разабрацца з парушэньнем нормаў экалёгіі. А кітайскія інвэстары ў 2018 годзе пакінулі завод.

2019 год. Разрыў кантракту з кітайскімі інвэстарамі

У 2019 годзе кіраўніцтва Сьветлагорскага ЦКК пачынае працэдуру разрыву з кітайскімі інвэстарамі. Прычыны: будаўніцтва з адставаньнем, парушэньне будаўнічых нормаў, факты пастаўкі бракаванага абсталяваньня. А кітайскія падрадчыкі адмаўляюцца ўводзіць завод у эксплуатацыю. Кантракт у выніку скасавалі і даводзіць завод да ладу давялося ўжо беларусам, а не кітайскім падрадчыкам.

Вось што казаў пра завод тагачасны кіраўнік ураду Сяргей Румас:

«Задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы аб уводзе ў эксплюатацыю гэтага заводу ў IV квартале, безумоўна, будзе выкананая».

У сярэдзіне 2019 году завод працуе ў рэжыме досьледна-прамысловай эксплуатацыі з загрузкай каля 60%.

Да верасьня 2019 году высьветлілася, што для заводу так і не распрацавалі мэтодыку вымярэньня шкодных выкідаў.

2020 год: І зноў здарэньні на заводзе

У ліпені двое рабочых заводу атрымалі раненьні ў выніку аварыі. Зваршчыка даставілі ў лякарню з апёкамі 90% цела, другога рабочага шпіталізавалі зь меншай колькасьцю апёкаў.

19 кастрычніка на заводзе адбыўся выбух, загарэўся рэзэрвуар з паліўнай алівай, ад выбуху загінуў рабочы заводу. Яго адкінула выбуховай хваляй.

У 2020 годзе новы завод увялі ў эксплуатацыю, але ён так і не выйшаў на праектныя магутнасьці, якія абяцалі яшчэ ў 2015 годзе.

Чыстыя страты заводу за 2020 год — 72 мільёна рублёў.

2021 год. «Завод запрацуе на поўную магутнасьць толькі ў 2023-м»

Вывесьці завод на поўную магутнасьць у 2021 годзе зноў не ўдалося. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка сёлета ў ліпені.

«Задача нумар 1 — вывесьці вытворчасьць беленай сульфатнай цэлюлёзы на праектную магутнасьць у 400 тысяч тон у 2023 годзе. Гэта складаная тэхналягічная вытворчасьць. Вядомая перадгісторыя, чаму не атрымалася рэалізаваць праект у вызначаныя тэрміны. У цяперашні час праца наладжаная, прадпрыемства выпускае парадку 270 тысяч тонаў», — заявіў Раман Галоўчанка.

Таксама прэм’ер прапанаваў стварыць на базе заводу кластар і выпускаць крафтавую паперу і ўпакоўку.

Фінансавай справаздачнасьці Сьветлагорскага ЦКК за першыя месяцы гэтага году на партале фінансавага рынку пакуль няма. Але ёсьць інфармацыя аб угодзе зь «Беларусбанкам» аб закладзе тавараў з мэтай выкананьня абавязаньняў у крэдыце памерам 4,6 мільёна рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG