Сярэдні месячны расход беларусаў, у пераліку на адну хатнюю гаспадарку (сям’ю), па выніках сьвежага дасьледаваньня Белстат, — 1803,9 рубля. Большасьць выдаткаў — гэта спажывецкія тавары. То бок ежа, адзеньне, камунальныя паслугі. На гэта сыходзіць 73% даходаў. На ежу, згодна з гэтымі дадзенымі, беларусы трацяць 40,4% даходаў. Паводле зьвестак за 2022 год, на ежу беларусы трацілі менш — 39,7% даходаў.
Іншыя выдаткі беларусаў у 2022 годзе выглядалі так:
- Харчаваньне — 39,7%
- Алькаголь і тытунёвыя вырабы — 2,5%
- Адзеньне і абутак — 6,5%
- Камунальныя паслугі — 6,5%
- Ахова здароўя — 6,3%
- Транспарт — 10,1%
- Культура і адпачынак — 3,6%
Глядзім, колькі ідзе на гэтыя ж патрэбы ў іншых краінах.
Польшча
У 2022 годзе ў Польшчы адна хатняя гаспадарка траціла штомесяц 65,6% ад сваіх даходаў (у Беларусі — 95%). Агулам у адсотках ад даходу траты палякаў выглядалі наступным чынам:
- Ежа і безалькагольныя напоі — 26,7%
- Алькаголь і тытунёвыя вырабы — 2,5%
- Адзеньне і абутак — 4,2%
- Аплата камунальных паслуг — 19%
- Ахова здароўя — 5,5%
- Транспарт — 9,8%
- Культура і адпачынак — 6,1%
Літва
У Літве статыстыка выдаткаў даступная толькі за 2021 год, аднак па эўрапейскіх краінах гэтыя лічбы з году ў год мяняюцца ня надта значна. У 2021 годзе статыстыка выдаткаў літоўцаў у адсотках да сярэднямесячнага даходу выглядала наступным чынам.
- Харчаваньне — 30%
- Алькаголь і тытунь — 2,9%
- Адзеньне і абутак — 6,1%
- Аплата камунальных паслуг — 15,7%
- Ахова здароўя — 6,6%
- Транспарт — 12%
- Культура і адпачынак — 3,7%
Расея
У Расеі апошнія дадзеныя па расходах грамадзян таксама датуюцца 2021 годам. Траты ад агульнай колькасьці даходаў выглядаюць наступным чынам:
- Харчаваньне — 30,4%
- Алькаголь і тытунь — 3%
- Адзеньне і абутак — 7,8%
- Аплата камунальных паслуг — 11,4%
- Ахова здароўя — 4,2%
- Транспарт — 14,2%
- Культура і адпачынак — 5,6%
Нямеччына
Для параўнаньня мы паглядзелі, колькі на розныя катэгорыі тавараў і паслуг трацяць у эканамічна разьвітай Нямеччыне. На прадукты там ідзе менш за 15%. А траты агулам выглядаюць так:
- Харчаваньне (уключна з тытунём) — 15,3%
- Адзеньне і абутак — 3,7%
- Аплата камунальных паслуг — 36,8%
- Ахова здароўя — 4,4%
- Транспарт — 12,3%
- Культура і адпачынак — 9,7%