Крымінальныя справы
За мінулы год у Беларусі асудзілі 38 206 чалавек. Усяго суды разгледзелі 34 864 справы. Амаль палова зь іх былі зьвязаныя са злачынствамі супраць уласнасьці — такіх 15 383. Традыцыйна вельмі нізкі адсотак апраўдальных прысудаў — толькі 33, ці 0,09% ад усіх справаў.
За «злачынствы супраць грамадзкага парадку» суды разгледзелі 3198 спраў. Якраз у гэтую колькасьць увайшлі многія палітычныя справы, бо за пратэсты судзілі паводле артыкулу 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).
- У агульнай колькасьці спраў гэта 9,1%.
- У 2020-м такіх справаў было 2206 (6,8% ад усіх).
- У 2021-м — 2731 справа (8,2%).
Атрымліваецца, што з 2020 году 8135 справаў былі зьвязаныя са «злачынствамі супраць грамадзкага парадку». Магчыма, ня ўсе яны зьвязаныя з палітыкай. Аднак праваабаронцы маюць зьвесткі пра амаль 4 тысячы судовых справаў, зьвязаных з выбарамі 2020 году і пратэстамі пасьля іх.
«На люты 2023 году было 3650 чалавек, асуджаных у справах, зьвязаных з палітыкай. Там шырокі спэктар катэгорый абвінавачаньняў, але вялікая частка датычыцца якраз грамадзкага парадку. Пра апраўдальныя прысуды ў палітычных справах нам невядома. Час ад часу пакараньні, якія выносілі суды, станавіліся больш жорсткімі. Гэта адбывалася хутчэй бессыстэмна: часам выракі паводле 342-га артыкулу досыць мяккія, часам наадварот», — расказвае юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка.
Што дакладна зьмянілася з 2020 году, дык гэта магчымасьць доступу палітычна асуджаных да адвакатаў, гаворыць Сапелка.
«Сытуацыя і з адвакатурай, і з адвакатамі нездавальняльная. Ад рэпрэсій болей за 100 адвакатаў перасталі мець магчымасьць працаваць. Іх пазбавілі ліцэнзіі ці выключылі з калегіі адвакатаў. У сувязі са зьменамі для працы яшчэ некалькі соцень адвакатаў пакінулі адвакатуру. Катэгорыя палітычных справаў стала ўспрымацца адвакатамі як прамы шлях страціць магчымасьць працаваць. Ды і ў цэлым магчымасьці адвакатаў цяпер істотна абмежаваныя», — кажа Павал Сапелка.
Таксама праваабаронцам вядома пра 4310 фактаў крымінальнага перасьледу за пратэсты. Гэта пацьверджаныя выпадкі канкрэтных людзей (імёны, крымінальныя справы). Сьледчы камітэт даваў зьвесткі пра 5500 крымінальных справаў, зьвязаных з пратэстамі. Больш за 1500 чалавек прызналі палітычнымі вязьнямі.
Напал рэпрэсій у Беларусі не зьмяншаецца з 2020 году, кажа Павал Сапелка.
«Гаварыць аб зьніжэньні колькасьці справаў не даводзіцца. Мяняецца склад асуджаных, мяняецца характар абвінавачаньняў. Колькасьць жа не зьніжаецца», — гаворыць юрыст.
Летась беларускія суды вынесьлі 9889 прысудаў, зьвязаных з абмежаваньнем свабоды, і гэта траціна ад усіх выракаў.
Што да колькасьці асуджаных, то ў параўнаньні з 2019 годам, калі не было масавых пратэстаў, іх колькасьць ня вырасла. Тады агулам асудзілі 38 726 чалавек, у 2022 — 38 206, на 520 чалавек болей.
Адміністрацыйныя справы
219 512 — столькі адміністрацыйных спраў разгледзелі беларускія суды ў 2022 годзе. У 2021 такіх справаў было 214 272, а больш за ўсё за тры гады палітычнага крызісу іх было ў 2020 годзе — 298 861. Менавіта тады лік затрыманых за адміністрацыйныя парушэньні за палітыку ішоў на дзясяткі тысяч чалавек.
Найбольш адміністрацыйных справаў летась было за расьпіцьцё алькагольных напояў — 38 375. Другая вялікая катэгорыя — «дробнае хуліганства» (18 359 адміністрацыйных справаў). Якраз у гэтай катэгорыі найчасьцей судзілі затрыманых за пратэсты.
У 2021 годзе такіх справаў у судах было 16 978, у 2020-м — 17 709.
Па зьвестках праваабаронцаў, адміністрацыйны перасьлед за палітычную дзейнасьць у Беларусі працягваецца, толькі за травень затрымалі 105 чалавек. Арыштавалі на «суткі» зь іх 57 чалавек, агулам на 733 дзён.