Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Кіеве скасаваў арышт рахункаў кампаніі, заснаванай Кіраўніцтвам спраў Лукашэнкі


Рэзэрвуары з нафтапрадуктамі каля горада Мазыра. «БЗТ-Україна» гандлявала гэтымі нафтапрадуктамі ва Ўкраіне, 2015. Ілюстрацыйнае фота
Рэзэрвуары з нафтапрадуктамі каля горада Мазыра. «БЗТ-Україна» гандлявала гэтымі нафтапрадуктамі ва Ўкраіне, 2015. Ілюстрацыйнае фота

Раней кампания «БЗТ-Україна» ужо зьвярталася ў суд па скасаваньне арышту рахункаў, але тады суд адмовіў.

Падольскі раённы суд Кіева скасаваў арышт рахункаў кампаніі «БЗТ-Україна», бо ўжо адсутнічаюць падставы для такіх абмежаваньняў.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, па скасаваньне абмежаваньняў у суд зьвярнуўся прадстаўнік кампаніі, якая назвала арышт рахункаў «беспадстаўным і неабгрунтаваным».

У заяве прадстаўнік «БЗТ-Україна» адзначыў, што кампанія «ажыцьцяўляе гаспадарчую дзейнасьць згодна з заканадаўствам Украіны, ня мела і ня мае намеру адпраўляць грашовыя сродкі ні ў Расею, ні ў Беларусь».

Апроч таго, ад арышту рахункаў у прадпрыемства зь беларускімі каранямі ўтварылася запазычанасьць у падатках і сацыяльных плацяжах. У прыватнасьці, «БЗТ-Україна» завінавацілася дзяржаўнаму бюджэту 1,2 мільёна грыўняў унёскаў у Фонд сацыяльнага і пэнсійнага страхаваньня.

Згодна зь дзяржаўным рэестрам Украіны, цяпер кіраваньне кампаніяй ажыцьцяўляюць агульныя сход і дырэктар прадпрыемства, а таксама Нацыянальнае агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях выяўленьня, вышуку і ўпраўленьня актывамі, атрыманымі ў выніку карупцыйных і іншых злачынстваў.

Раней «БЗТ-Україна» ужо зьвярталася ў суд па скасаваньне арышту рахункаў, але тады суд адмовіў.

Карпаратыўныя правы ў выглядзе статутнага капіталу, транспартныя сродкі, а таксама банкаўскія рахункі з наяўнымі на іх грашыма кампаніі «БЗТ-Україна» арыштавалі 10 траўня 2022 году.

Адразу пасьля арышту Служба бясьпекі Ўкраіны завяла справу паводле ч. 1 артыкулу 111-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дапамогу дзяржаве-агрэсарцы, узброеным фармаваньням акупацыйных адміністрацый, учыненыя грамадзянінам Украіны, іншаземцам ці асобай без грамадзянства з мэтай нанясеньня шкоды Ўкраіны). Гэтыя дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў з пазбаўленьнем права на 10-15 гадоў займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю з або без канфіскацыі.

Цяпер пракуратура расьсьледуе справу паводле ч. 5 артыкула 191 (прысвойваньне або растрата чужой маёмасьці; караецца пазбаўленьнем волі на 7-12 гадоў з канфіскацыяй) і паводле ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу або захопу ўлады; караецца пазбаўленьнем волі на 5-7 гадоў з канфіскацыяй, а таксама забараняе займаць адказныя пасады цягам трох гадоў).

Што вядома аб кампаніі

«БЗТ-Україна» — даччыная кампанія падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Белазамежгандаль». У Беларусі яно было створана ў 2014 годзе Кіраўніцтвам спраў прэзыдэнта, «дачка» ва Ўкраіне пачала працаваць са студзеня 2017 году.

Гэтая кампанія мае шырокую сфэру дзейнасьці. Нафтапрадукты не адзіная сфэра яе інтарэсаў. Яна гандлюе яшчэ і запчасткамі для аўтамабільнага транспарту, збожжам, гароднінай, бытавой тэхнікай, лесам, будаўнічымі матэрыяламі, хімічнай прадукцыяй і гэтак далей.

У 2020 годзе кампанія атрымала 8,6 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (менш за 0,5 мільёна даляраў у эквіваленце), а яе актывы вымяраюцца 127,1 мільёна грыўняў (эквівалент 4,5 мільёна даляраў).

У 2022 годзе ва ўмовах вайны кампанія атрымала даход у памеры 319,7 мільёнаў грыўняў (8,7 мільёна даляраў у эквіваленце). Чысты прыбытак склаў 812 тысяч грыўняў (22,2 тысячы даляраў). Актывы ў 2022 годзе склалі 154,8 мільёна грыўняў (4,2 мільёнаў даляраў).

У сваіх статутных дакумэнтах кампанія выдаліла матчыную кампанію «Белазамежгандаль» з бэнэфіцыярных уласьнікаў, але сярод заснавальнікаў тая засталася.

Кампанію «БЗТ-Україна» узначальвае Аляксандар Камароў. У 2019 годзе кампанія была прызнана ва Ўкраіне лідэрам галіны году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG