Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у першым чытаньні прыняла праект закону «Аб змяненьні закону „Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь“».
Выступіў міністар інфармацыі Ўладзімір Пярцоў, з судакладам — сябра камісіі адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў Марына Васько.
Асноўныя палажэньні праекту накіраваны на пашырэньне:
- пераліку падстаў для перарэгістрацыі выдаўцоў і вытворцаў друкаваных выданьняў;
- пераліку падстаў для прыпыненьня і спыненьня дзеяньня пасведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў і распаўсюднікаў друкаваных выданьняў;
- паўнамоцтваў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку пры прыняцьці рашэньняў аб спыненьні дзеяньня пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў друкаваных выданьняў.
Беларускія незалежныя кнігавыдаўцы адзначаюць наяўнасьць фактычнай дзяржаўнай цэнзуры, заявіў прадстаўнік Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» (Літва) Аляксей Ластоўскі 24 траўня ў Варшаве на прэзэнтацыі дасьледаваньня «Незалежнае кнігавыданьне Беларусі: выклікі і магчымасьці».
Гаворачы пра ціск з боку дзяржавы, Ластоўскі падкрэсьліў: «Калі параўноўваць з 2020 годам, амаль усе выдавецтвы закрыліся. Засталіся адзінкі, якія па-ранейшаму працуюць».
Рэпрэсіі супраць незалежных кнігавыдаўцоў у Беларусі
- Рэпрэсіі ў Беларусі зазналі шэраг прыватных выдаўцоў. Выдавецтва «Янушкевіч» у судовым парадку пазбавілі ліцэнзіі ў Беларусі сёлета ў студзені.
- У дзень адкрыцьця, 16 траўня 2022 году, адбыўся ператрус у менскай краме выдавецтва — «Кнігаўка». Янушкевіча і супрацоўніцу крамы — літаратуразнаўцу і блогера Насту Карнацкую — затрымалі і некалькі разоў запар арыштоўвалі (усяго на 28 і 23 дні адпаведна). Янушкевіч пасьля гэтага пакінуў краіну.
- Яшчэ летась 22 сакавіка арэндадаўца запатрабаваў ад выдавецтва вызваліць офіс. У выніку выдавецтва «Янушкевіч» з прычыны палітычнага перасьледу пераехала зь Беларусі ў Польшчу, дзе аднавіла працу летась у кастрычніку.
- У красавіку і траўні 2022 году Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыніла дзейнасьць выдавецтваў «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыус» і «Кнігазбор», якія выдавалі кнігі толькі на беларускай мове.
- Эканамічны суд Менску на падставе пазову Міністэрства інфармацыі 10 траўня 2023 году зьліквідаваў Выдавецкі дом Зьмітра Коласа.