Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Сьвятлана Любецкая і Аляксандр Амельянюк спрабавалі аспрэчыць санкцыі, якія Эўрапейскі зьвяз наклаў на іх 21 чэрвеня 2021 года. Эўрапейскі суд у Люксэмбургу пастанавіў адхіліць пазоў і абавязаў заяўнікаў аплаціць выдаткі пазванага.
Любецкую і Амельянюка прадстаўляў адвакат Адвакацкай палаты Парыжу Дзьмітры Ліцьвінскі. Яны трапілі ў санкцыйны пакет Эўразьвязу 21 чэрвеня 2021 году ў сувязі з тым, што ўзначальвалі Пастаянную камісію заканадаўства і ўдзельнічалі ў распрацоўцы і прыняцьці рэпрэсіўнага заканадаўства ў дачыненьні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў.
Прадстаўнікі Нацыянальнага сходу хацелі зьняць у адносінах да сябе санкцыі і патрабавалі аплаціць выдаткі, зьвязаныя з судом. Яны матывавалі гэта тым, што санкцыі носяць характар калектыўнай адказнасьці, нясуць памылковую ацэнку і парушаюць прынцып суразмернасці. Акрамя таго, падчас слуханьняў заяўнік удакладніў, што ня меў намеру заяўляць аб парушэньні свабоды слова, што было адзначана ў пратаколе слуханьня.
Рада Эўразьвязу, якая выступала як пазваны бок у судзе, прадставіла довады, якія абгрунтоўваюць уключэньне старшыні Пастаяннай камісіі заканадаўства Палаты прадстаўнікоў Сьвятланы Любецкай і яе намесьніка Аляксандра Амельянюка ў санкцыйны сьпіс. Менавіта яны займаліся распрацоўкай абноўленага Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які ўключыў шэраг новых артыкулаў, якія ўзмацняюць адказнасьць у дачыненьні да апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі.
Суд Эўразьвязу стаў на бок пазванага і 24 траўня 2023 года адхіліў пазоў Любецкай і Амельянюка. Згодна з пастановамі (1 і 2) Пятай палаты Суду Эўрапейскага зьвязу, Любецкай і Амельянюку прадпісана аплаціць, у дадатак да іхных уласных расходаў, расходы, панесеныя Радай Эўрапейскага зьвязу.