Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ўсё ж жывая і сэрца вытрымала». Палітзьняволеная Маёрава пра этап у гомельскую жаночую калёнію


Вольга Маёрава, архіўнае фота
Вольга Маёрава, архіўнае фота

Актывістку АГП Вольгу Маёраву, фігурантку «справы Мікалая Аўтуховіча» аб тэрарызьме, перавялі з горадзенскага СІЗА ў калёнію.

У першым лісьце сваякам з калёніі палітзьняволеная расказала пра выпрабаваньні этапу і першыя ўражаньні на новым месцы зьняволеньня.

«Вось і скончылася мая доўгая дарога ў гомельскую калёнію, якая ўяўлялася такой жахлівай. Не магу сказаць, што ўсё абышлося сапраўды лёгка. Магло быць значна горш», — піша Вольга Маёрава.

Пра тое, колькі дзён заняў этап з Горадні, якім маршрутам яе прывезьлі ў Гомель і што зазнала на этапе, палітзьняволеная на паведамляе. Лічыцца, што падобная інфармацыя забароненая і можа прывесьці да таго, што ліст проста ня дойдзе да адрасата. Зьвесткі пра этап ад Маёравай абмежаваныя апісаньнем яе эмоцый.

«Яшчэ і празь дзень мне дрэнна пасьля трасяніны ў аўтазаку і марш-кідкоў з цяжкімі торбамі. Стомленасьць вялікая. Але ўсё ж я жывая і сэрца вытрымала», — коратка напісала пра этап Вольга Маёрава. Таксама жанчына адзначыла, што вытрымаць выпрабаваньні этапу ёй дапамаглі некаторыя «добрыя людзі ў форме». «Іх болей, чым можа здацца збоку», — зазначыла Вольга Маёрава ў сваім лісьце.

Зь першых эмоцый у калёніі Вольга Маёрава адзначае наступныя.

«Тут неба бяз кратаў, можна выходзіць у дворык і гуляць, плюс даволі вялікае памяшканьне — у параўнаньні з замкнутасьцю цесных кельляў. Баюся, толькі цяпер змагу асэнсаваць, як я жыла апошнія амаль два з паловай гады». Пры гэтым Вольга Маёрава лічыць, што ўмовы ў горадзенскай турме яе пэўным чынам загартавалі, таму яна спадзяецца, што на новым месцы вытрымае ўсё, з чым сутыкнецца.

Адзін зь першых непрыемных сюрпрызаў — пры паступленьні ў калёнію ў палітзьняволенай забралі некаторыя рэчы.

«Дарэмна спадзявалася на парады спрактыкаваных арыштантаў», — прызнаецца Вольга Маёрава, але не паведамляе, якіх менавіта рэчаў яе пазбавілі.

У канцы ліста палітзьняволеная паведаміла, што на яе грашовым рахунку «апошнія 9 рублёў».

У «справе Аўтуховіча» разам зь Мікалаем асудзілі яшчэ 12 чалавек, сярод якіх былую актывістку АГП Вольгу Маёраву. Ёй прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня, у тым ліку за «ўдзел у злачыннай арганізацыі» і «заклікі да санкцый».

Палітзьняволеная сваёй віны не прызнала і абскардзіла вырак, але Вярхоўны суд адхіліў яе скаргу. У сярэдзіне траўня Вольгу Маёраву этапавалі з горадзенскай турмы ў гомельскую жаночую калёнію.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG