Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандуючы аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны — пра тое, якім чынам кіраўніцтва Беларусі абмежавала вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй


Сяргей Наеў
Сяргей Наеў

Беларусь абмяжоўвае ваеннае супрацоўніцтва з Расеяй пастаўкамі зброі, боепрыпасаў, а таксама прадастаўленьнем палігонаў для падрыхтоўкі мабілізаваных. Пра гэта заявіў камандуючы абʼяднанымі сіламі Ўзброеных сілаў Ўкраіны Сяргей Наеў у інтэрвію Укрінфарму, характарызуючы ваенную сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю. Прыводзім фрагмэнты інтэрвію.

— Колькі расейскіх і беларускіх вайскоўцаў і тэхнікі цяпер каля мяжы Украіны? Як часта адбываецца ратацыя расейскіх мабілізаваных, якія праходзяць зборы ў Беларусі? Ці можна сказаць, што там зьмяніўся іх колькасны і якасны склад?

— Сёньня ніякіх прыкметаў фармаваньня наземных ударных груповак на тэрыторыі Беларусі і Расеі няма. Аднак праціўнік працягвае задзейнічаць дзьве групы аховы дзяржаўнай мяжы, якія дыслякаваныя на поўдні Беларусі і на тэрыторыі Бранскай, Курскай і Белгарадзкай абласьцей РФ, агульнай колькасьцю каля 18 тысяч чалавек. На аэрадромах Беларусі працягваюць дыслякавацца самалёты і верталёты Паветрана-касьмічных сілаў Узброеных сілаў Расеі, якія працягваюць выконваць задачы па вядзеньні разьведкі і дэманстрацыі гатоўнасьці да ўжываньня на ўкраінскім напрамку.

Што тычыцца расейскага кантынгенту Рэгіянальнай групоўкі войскаў на тэрыторыі Беларусі, то яго асноўная частка пасьля падрыхтоўкі перакінутая ў Растоўскую вобласьць і ўжо вядзе баявыя дзеяньні на ўсходзе нашай краіны ў Данецкай вобласьці. У цэлым цыкль падрыхтоўкі расейскіх падразьдзяленьняў, цалкам укамплектаваных мабілізаванымі, доўжыцца да двух месяцаў.

— Расейскія самалёты, якія бамбавалі Ўкраіну, некаторы час выкарыстоўвалі беларускія аэрадромы. Як вы лічыце, чаму з тэрыторыі Беларусі практычна няма ўзьлётаў самалётаў і беспілётнікаў?

— Яны не ляцяць таму, што пасьля няўдалага ўварваньня расейскага войска з тэрыторыі Беларусі, наступных няўдач на нашым усходзе і поўдні кіраўніцтва Беларусі абмежавала супрацоўніцтва з Расеяй пастаўкамі зброі, боепрыпасаў, а таксама забесьпячэньнем палігонаў для мабілізаваных.

Аднак не варта забываць, што ў сьнежні 1999 года Расея і Беларусь падпісалі дамову аб стварэньні «Саюзнай дзяржавы», якая мела на мэце абʼяднаньне абедзьвюх краінаў. У мэтах праверкі магчымасьці сумеснага ўжываньня авіяцыйнай групоўкі Расеі і Беларусі праведзенае сумеснае патруляваньне яе паветранай прасторы, у тым ліку для дэманстрацыі краінам NATO гатоўнасьці да дзеяньняў у адказ.

Да 6 красавіка гэтага года на тэрыторыі Беларусі знаходзіліся тры самалёты МіГ-31К з аэрабалістычнымі ракетамі «Кінжал». Цяпер на тэрыторыі Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца 13 самалётаў: Су-34 — 8 адзінак, Су-30СМ — 3 адзінкі, Су-24МР — 2 адзінкі. Там жа мы назіраем 12 верталётаў Мі-8, Мі-24, Мі-28Н Паветрана-касьмічных сілаў Расеі.

— Зараз з новай сілай пачаліся размовы аб пэрспэктывах уцягваньня Беларусі ў вайну ва Ўкраіне з-за нестабільнага стану здароўя Лукашэнкі. Як бы вы ацанілі падрыхтоўку ўкраінскіх абаронцаў з поўначы да сустрэчы з ворагам у выпадку неабходнасьці?

— На сёньня «супрацоўніцтва» расейцаў і беларусаў зводзіцца да ўсебаковай падтрымкі абаронна-прамысловага комплексу і груповак узброеных сіл Расеі, якія забясьпечваюць і вядуць баявыя дзеяньні на тэрыторыі Украіны.

Пры гэтым мы пралічылі ўсе магчымыя варыянты дзеяньняў праціўніка, разгледзелі ўсе сцэнары разьвіцьця падзей, у тым ліку найбольш пагрозьлівыя, і прымаем неабходныя меры. У прыватнасьці, створаныя дастаткова магутныя групоўкі, сплянаваныя і падрыхтаваныя да ўжываньня адпаведныя рэзэрвы, вядзецца пастаянны маніторынг сытуацыі, у тым ліку па інфармацыі краінаў-партнэраў,

У памежных раёнах падрыхтаваныя і пастаянна ўдасканальваюцца доўгатэрміновыя ўмацаваньні, даведзеная да належных нарматываў шчыльнасьць мініраваньня тэрыторыі памежных палос.

Як бачыце, мы не спыняемся на дасягнутым і працягваем адпаведную работу. Узровень укамплектаванасьці і бясьпекі, маральна-псыхалягічны стан асабовага складу ў поўнай меры забясьпечвае гатоўнасьць сіл абароны да актыўных баявых дзеяньняў на паўночным напрамку.

— Ці сочыце вы за заявамі беларускага Генштаба і ці адбылася за апошні час зьмена рыторыкі?

— Так, вядома, мы адсочваем заявы Генэральнага штабу Беларусі і адзначаем некаторую зьмену ў рыторыцы, у першую чаргу, зьвязаную з адсутнасьцю посьпехаў Расеі ў вайне з Украінай і адпаведнай кансалідацыяй заходняга сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG