У Менскім абласным судзе ў выязным судовым пасяджэньні ў памяшканьні суду Менскага раёну 22 траўня пачынаецца паседжаньне над 33-гадовым Эдуардам Бабарыкам, сынам былога банкіра і прэтэндэнта на прэзыдэнцтва, палітзьняволенага Віктара Бабарыкі.
Эдуарда Бабарыку інкрымінуюць некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
Палітзьняволенага абвінавачваюць сярод іншага ў легалізацыі («адмываньні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дапамозе Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці, а таксама ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на працягу каля дзесяці гадоў (з 2012 па 2022 год), паведамляе БелТА.
Эдуард Бабарыка на судзе не прызнаў абвінавачваньняў
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Эдуард нібыта аказваў садзейнічаньне Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
«Ціханоўскі і іншыя асобы, знаходзячыся, у прыватнасьці, у Гомлі і Менску ў 2019-2020 гадах з мэтай павелічэньня колькасьці асоб, гатовых удзельнічаць у пратэстах, росту сацыяльнай напружанасьці, дыскрэдытацыі дзяржорганаў, нарошчваньня антыдзяржаўных настрояў праз інтэрнэт распаўсюджвалі матэрыялы дэструктыўнага характару. Пры гэтым выкарыстоўвалася дапамога паліттэхнолягаў, псэўдаабаронцаў.
Пры гэтым Бабарыка, будучы абазнаным аб характары размяшчанай інфармацыі і мэтах яе разьмяшчэньня, з дапамогай плятформаў „Вулей“ і „Мола-мола“ арганізаваў разьмяшчэньне адпаведных дэструктыўных праектаў з названай інфармацыяй і збор зь няпэўнага кола асоб сродкаў у падтрымку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў», — перадае БелТА вэрсію абвінавачаньня.
Эдуард Бабарыка не прызнаў абвінавачваньняў у поўным аб’ёме.
Ён заявіў, што не разумее сутнасьці выстаўленага яму абвінавачаньня. Таксама ён падкрэсьліў, што асабіста ня быў знаёмы зь Ціханоўскім.
Таксама Эдуард Бабарыка, як адзначаюць праваабаронцы, на судзе вырашыў даваць паказаньні:
«Я не зьдзяйсьняў ніводнага злачынства, у якіх мяне абвінавачваюць. Сьледзтвам не было здабыта ніводнага доказу маёй віны», — заявіў палітзьняволены.
Ён у тым ліку распавёў, што 1,8 мільёна рублёў, якія фігуруюць у справе і лічацца атрыманымі незаконным шляхам, падарылі яму бацькі.
Паводле інфармацыі каманды Віктара Бабарыкі, Эдуарду пагражае да 20 гадоў зьняволеньня.
Эдуарда трымалі пад вартай без суду амаль тры гады — яго затрымалі разам з бацькам Віктарам Бабарыкам 18 чэрвеня 2020 году, калі яны ішлі ў ЦВК здаваць сабраныя подпісы для ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта.
Затрымліваў іх Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю. У той жа дзень Эдуарда Бабарыку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ, а ў канцы лістапада 2021-га зьявілася інфармацыя аб пераводзе Эдуарда ў СІЗА № 1 Менску.
Палітвязень адбыў рэкордны тэрмін у зьняволеньні без суду, 1068 дзён. Скаргаў на незаконнасьць падаўжэньня тэрміну ўтрыманьня пад вартай не задавальняюць.
Эдуард Бабарыка быў кіраўніком ініцыятыўнай групы свайго бацькі як прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта. Затрымалі яго 18 чэрвеня 2021 года. Паўгода палітзьняволены знаходзіўся ў СІЗА КДБ, пасьля яго перавялі ў менскае СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.
Бацьку Эдуарда Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пакараньне яго накіравалі адбываць у Наваполацк, нядаўна яго шпіталізавалі з калёніі, але дакладнай інфарамцыі пра ягоны стан здароўя і месца знаходжаньня дагэтуль няма.