Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясельле сваяка Лаўрова ў Грузіі адмянілі ў выніку пратэстаў


Акцыя пратэсту ў Кахэціі ля гатэля Kvareli Lake Resort.
Акцыя пратэсту ў Кахэціі ля гатэля Kvareli Lake Resort.

У Грузіі актывісты арганізавалі акцыю пратэсту супраць правядзеньня ў краіне вясельля сваяка міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова.

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі днём у суботу заявіла, што вясельле брата зяця Лаўрова, якое, паводле зьвестак СМІ, павінна было прайсьці ў курортным гатэлі Kvareli Lake Resort у Кахэціі, не адбудзецца, а расейцы — госьці вясельля, якія прыехалі ў Грузію, ужо зьехалі з краіны. Сьцьвярджаецца, што іх было некалькі дзясяткаў.

Пра тое, што на вясельле прыехала, у тым ліку, дачка Лаўрова Кацярына Вінакурава, паведаміў напярэдадні грузінскі апазыцыйны тэлеканал «Мватары». Ён жа апублікаваў відэа, на якім паказаная цырымонія шлюбу ў Тбілісі — жаніхом, як сьцьвярджаецца, зьяўляўся брат мужа Вінакуравай і зяця Лаўрова Аляксандра Вінакурава. У суботу ў Kvareli Lake Resort павінен быў адбыцца вясельны банкет, аднак яго, як паведамілі грузінскія ўлады, адмянілі. Прэзыдэнтка Грузіі назвала гэта «перамогай грамадзтва».

У суботу ля гатэля прайшла акцыя пратэсту. Былі затрыманыя як найменей 16 удзельнікаў акцыі. Па дадзеных СМІ, актывісты сталі закідваць яйкамі мікрааўтобусы, якія выяжджаюць з гатэля, выкрыкваючы: «Расейцам ня месца ў Грузіі!»

Зурабішвілі таксама заклікала ўрад неадкладна ўвесьці санкцыі супраць грамадзян Расеі, якія трапілі ў санкцыйныя сьпісы краін Захаду. Дачка Лаўрова ўключаная ў гэтыя сьпісы.

Меркаваны прыезд у Грузію сваякоў Лаўрова супаў з аднаўленьнем авіязносін паміж гэтай краінай і Расеяй. Напярэдадні ў Тбілісі адбыліся акцыі пратэсту супраць гэтага. Прэзыдэнтка Зурабішвілі паабяцала, што ня будзе карыстацца паслугамі авіякампаніі Georgian Airways да таго часу, пакуль яна будзе лятаць у Расею.

Грузія лічыць самаабвешчаныя Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй. Улады краіны, аднак, адмаўляюцца ўводзіць супраць Масквы санкцыі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну. Апазыцыя абвінавачвае ўрад у прарасейскіх сымпатыях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG