У шасьціхвілінным роліку ў тэлеграме Прыгожын кажа, што горад быў узяты 20 траўня каля поўдня. «224 дні доўжылася апэрацыя па ўзяцьці Бахмута, «бахмуцкая мясарубка», —сказаў заснавальнік ПВК.
Прадстаўнікі Ўкраіны заявілі, што гэтае паведамленьне не адпавядае рэчаіснасьці. Па словах намесьніцы міністра абароны Ўкраіны Ганны Маляр, украінскія вайскоўцы «кантралююць пэўныя прамысловыя і інфраструктурныя аб’екты» у горадзе і прыватны сэктар. Пры гэтым Маляр назвала сытуацыю ў горадзе «крытычнай». Прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў УСУ Сяргей Чараваты заявіў, што баі ў Бахмуце працягваюцца.
Большая частка горада ўжо некаторы час знаходзіцца пад расейскім кантролем. Баі ў апошнія дні вяліся ў заходніх раёнах.
Мінабароны Расеі паведамленьне аб узяцьці Бахмута пакуль не камэнтавала. Затое віншаваньне ўжо апублікаваў прызначаны Расеяй кіраўнік анэксаванага Крыма Сяргей Аксёнаў.
Бахмут — раённы цэнтар у Данецкай вобласьці. Па ацэнках заходніх краін, абодва бакі панесьлі ў баях за яго цяжкія страты. Горад моцна разбураны.
Пры гэтым, як неаднаразова адзначалі і ўкраінскія, і заходнія аналітыкі, і сам Прыгожын, узяцьце горада ня мае стратэгічнага значэньня — на захад ад яго разьмешчаны новыя рубяжы абароны ўкраінскай арміі, у тым ліку на подступах да Канстанцінаўны, Славянску і Краматорску.
У апошнія два тыдні ўкраінскія вайскоўцы распачалі шэраг пасьпяховых контратак на поўнач і поўдзень ад Бахмута, адкінуўшы расейскіх вайскоўцаў на флянгах.