Прысутныя скандуюць лёзунг «Не — расейскаму закону» і рэзка крытыкуюць рашэньне грузінскіх уладаў, якія дазволілі прамыя авіяпералёты паміж дзьвюма краінамі.
Жывую трансьляцыю зь месца падзеяў вядзе грузінская служба Радыё Свабода.
Як заяўляюць удзельнікі акцыі, аднаўленьне прамых авіязносін паміж Расеяй і Грузіяй стварае для краіны сур’ёзную рызыку. Пратэстоўцы асьцерагаюцца, што Грузія можа застацца бяз статусу краіны — кандыдата ў чальцы ЭЗ.
У пятніцу ў аэрапорце Тбілісі прызямліўся першы за чатыры гады расейскі самалёт. Каля аэрапорту прайшла акцыя пратэсту грузінскіх актывістаў. Паліцыя затрымала прынамсі шасьцярых удзельнікаў.
10 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зьняў забарону на прамыя авіярэйсы паміж Расеяй і Грузіяй і адмяніў візавы рэжым для грузінскіх грамадзян.
Заяўкі на прамыя рэйсы паміж Расеяй і Грузіяй падалі пяць авіякампаній. 15 траўня Агенцтва цывільнай авіяцыі Грузіі выдала першы дазвол на палёты ў краіну — расейскай авіякампаніі «Азімут». Пазьней дазвол атрымала грузінская авіякампанія Georgian Airways.
19 траўня стала вядома, што дазвол таксама атрымала расейская авіякампанія Red Wings. Грузінскія ўлады падкрэсьлілі, што дазволяць лятаць у краіну толькі тым авіякампаніям, якія не знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі.
Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала рашэньне расейскіх уладаў правакацыйным і непрымальным на фоне працягу вайны ва Ўкраіне. Пры гэтым грузінскі ўрад і кіроўная партыя «Грузінская мара» выказаліся за аднаўленьне рэйсаў у Расею. Было падкрэсьлена, што ад адсутнасьці прамых авіязносін пакутуе «мільён грузінаў». Таксама ў кіроўнай партыі падкрэсьлілі, што Грузія ня будзе ўводзіць санкцыі супраць Расеі — з прычыны патэнцыйнай шкоды сваёй эканоміцы.