Спэцыяльны прадстаўнік ураду Кітаю Лі Хуэй наведаў Кіеў для абмеркаваньня кітайскай ініцыятывы для спыненьня расейскай вайны ва Ўкраіне.
Як паведаміла Міністэрства замежных спраў Украіны, Лі Хуэй наведаў Украіну на выкананьне дамоўленасьцяў, дасягнутых у часе тэлефоннай размовы ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага і лідэра Кітаю Сі Цзіньпіна, якая адбылася 26 красавіка.
Спэцпрадстаўніка Кітаю прыняў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба, які праінфармаваў Лі Хуэя аб прынцыпах аднаўленьня міру на аснове павагі да сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Дзьмітро Кулеба падкрэсьліў, што Ўкраіна не ўспрымае ніякіх прапаноў, якія б прадугледжвалі страту тэрыторый або замарожваньне канфлікту.
У паведамленьні ўкраінскага МЗС адзначаецца, што Ўкраіна лічыць важным удзел Кітаю ў рэалізацыі «формулы міру» Ўладзіміра Зяленскага, Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы і гарантаваньні ядзернай бясьпекі.
Па выніках перамоў у Кіеве з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Лі Хуэй заявіў, што «панацэі для разьвязаньня ўкраінскага крызісу не існуе, усе бакі павінны назапашваць узаемны давер і ствараць умовы для мірных перамоў».
Раней «формулу міру» ўкраінскага прэзыдэнта падтрымаў Эўрапейскі зьвяз. Яна базуецца на вывадзе расейскіх войскаў з усёй украінскай тэрыторыі, спыненьні баявых дзеяньняў і вяртаньні да ўкраінскіх межаў ад 1991 году разам з Крымам і Данбасам.
На наступным тыдні спэцыяльны прадстаўнік ураду Кітаю Лі Хуэй наведае Брусэль, потым Маскву.
У Беларусі разьлічваюць на ўдзел у мірных перамовах, ініцыяваных Кітаем
Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што беларускі бок уважліва сочыць за прасоўваньнем кітайскай ініцыятывы і перамовамі спэцыяльнага прадстаўніка Кітаю Лі Хуэя, якія ён пачаў з Украіны.
«Ён, дарэчы, зьбіраецца і ў Францыю, і ў Нямеччыну, і ў Польшчу. Спадзяёмся, што на нейкім этапе ён заедзе і ў Беларусь, таму што Беларусь заўсёды была і застаецца пляцоўкай для мірных перамоў», — заявіў Сяргей Алейнік 17 траўня ў Маскве пасьля перамоў са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым.
Кіраўнік беларускага МЗС нагадаў, што на тэрыторыі Беларусі прайшло «шмат раўндаў, пачынаючы зь менскіх дамоўленасьцяў і заканчваючы тымі перамовамі, якія былі арганізаваныя летась».
«Я маю на ўвазе тры раўнды расейска-ўкраінскіх перамоў. Таму мы са свайго боку будзем уважліва за гэтым працэсам сачыць. І, натуральна, будзем разьлічваць, што нашы інтарэсы ў гэтым перамоўным працэсе як сумежнай краіны, як краіны, якая на ўсіх этапах удзельнічала ў мірных перамовах, зьвязаных з урэгуляваньнем канфлікту ва Ўкраіне, будуць таксама ўлічаныя», — заявіў Сяргей Алейнік.
У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў. Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў аб дамоўленасьці з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь.
У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў». З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна таксама праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
Вучэньні адбываюцца на фоне вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны. У гэтай агрэсіі кіраўніцтва Беларусі падтрымлівае Крэмль, хаця беларускае войска ў баях ня ўдзельнічае. Менавіта пасьля вайсковых манэўраў у Беларусі войскі Расеі ў лютым 2022 году перасеклі мяжу, напаўшы на Ўкраіну.
Украіна актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, дапускаючы паўторнае ўварваньне суперніка зь Беларусі.