25 кампаній зь Нямеччыны, Францыі, Швайцарыі, Вугоршчыны, Славаччыны, Італіі, Эстоніі, Літвы, Аўстрыі і Польшчы прадаюць тавары расейскім фірмам, якія забясьпечваюць армію РФ мікрасхемамі, снарадамі, амуніцыяй і іншымі вырабамі вайсковага прызначэньня, гаворыцца ў расьсьледаваньні The Insider.
Так, адзін зь іх, як адзначаюць расьсьледавальнікі, — маскоўскае ТАА «Стан» — распрацоўшчык сучасных станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем, які ўваходзіць у дзяржкарпарацыю «Ростех». Сам «Ростех» трапіў у санкцыйны сьпіс, а «Стан» пад абмежаваньнямі не знаходзіцца і імпартуе тэхналягічнае абсталяваньне для ліцейнай вытворчасьці зь Нямеччыны. У ліпені 2022 году нямецкая кампанія Vansped Logistics (ад імя Reißaus & Baumberg Maschinenbau GmbH) паставіла «Стану» стрыжневыя машыны.
«Стан», як сьцьвярджаюць журналісты, зьяўляецца пастаўшчыком некалькіх абаронных прадпрыемстваў. Згодна з базай дадзеных аналізу дзяржзакупак, прадпрыемства заключыла 125 кантрактаў агулам на больш як 14 млрд расейскіх рублёў. Сярод яго контрагентаў — ПАТ «ОДК-Кузнецов» (выпускае рухавікі для стратэгічных ракетаносцаў Ту-160М, зь якіх па Ўкраіне запускаюць крылатыя ракеты Х-555 — НВ) і «Ўралвагонзавод» (адзіны ў Расеі распрацоўшчык і вытворца танкаў).
Яшчэ адзін пастаўшчык тавараў для расейскага войска — кампанія «Курганприбор». Яе ўладальнік, паводле расьсьледавальнікаў, — расейскі сэнатар Сяргей Муратаў, які знаходзіцца пад санкцыямі. «Курганприбор» — афіцыйны партнэр канцэрну «Калашников», вырабляе ўзрывальнікі для танкавых стрэлаў, сухапутнай і марской артылерыі, ракетных сыстэм залпавага агню, зэнітна-ракетных комплексаў. Тэхнічныя вырабы для вытворчасьці сваёй прадукцыі кампанія імпартуе з Францыі, яе пастаўшчык — мясцовая фірма Marchante.
Яшчэ адна француская кампанія Radiall S.A. пастаўляе пераключальнікі, якія выкарыстоўваюцца ў мікрасхемах бартавых сыстэм кіраваньня ракет, расейскай АТ «Інфармацыйныя спадарожнікавыя сыстэмы» (ІСС) — адным з найбуйнейшых падрадчыкаў «Роскосмоса». ІСС выконвае заказы па распрацоўцы і вытворчасьці касьмічных апаратаў у рамках разьвіцьця сыстэмы ГЛОНАСС і сыстэмы спадарожнікавай сувязі «Гонец-М» для Мінабароны Расеі.
Вытворца аптычных сыстэм для ВМФ, Вайскова-касьмічных сіл і Сухапутных войскаў РФ, пецярбурская кампанія «Лома» актыўна супрацоўнічае, як запэўніваюць расьсьледавальнікі, з эстонскай фірмай Marker Nordic Ou. Яна забясьпечвала «Лома» валаконна-аптычнымі жгутамі, прамысловым клеем і іншымі кампанэнтамі, якія выкарыстоўваюць пры вытворчасьці вайсковай оптыкі.
Наладзіў пастаўкі з Італіі і расейскі вытворца бронекамізэлек для сілавікоў і вайскоўцаў АТ НВП «КЛАС»: ён, як сьцьвярджаюць журналісты, закупіў у кампаніі Minelli Carmello фрэзы для вырабу кампанэнтаў амуніцыі. А расейскі пастаўшчык абутку для Мінабароны РФ, кампанія «Донобувь», закупляе абутковы клей і скуру ў нямецкіх фірмаў Jakob KECK Chemie GmbH і Salamander SPS GmbH & Co. KG, а падэшвы — у італьянскай кампаніі Tacchificio Campliglionese.
Расейскія фірмы — пастаўшчыкі войска РФ, як высьветлілі расьсьледавальнікі, працягваюць імпартаваць дэталі для вытворчасьці іншай вайсковай прадукцыі, у прыватнасьці рухавікоў для баявых караблёў, з Швайцарыі, Літвы, Аўстрыі і Польшчы.
Пасьля пачатку расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ЗША і іншыя краіны ўвялі меры экспартнага кантролю, каб абмежаваць доступ Расеі да тэхналёгіяў і іншых рэсурсаў, якія могуць падтрымліваць яе абаронна-прамысловы комплекс. Датычным да закупак перадавой заходняй электронікі і абсталяваньня для вайскова-прамысловага комплексу Расеі ўлады ЗША прад’яўляюць абвінавачаньні і заключаюць пад арышт.