Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты размовы з праваабаронцай Дзіянай Пінчук:
- Можна сьцьвярджаць, што праз катаваньні, невыносныя ўмовы, неаказаньне мэдычнай дапамогі беларускіх палітвязьняў даводзяць да сьмерці. Гэта стала прычынай сьмерці Вітольда Ашурка і пінскага блогера Мікалая Клімовіча.
- Ці можна спыніць сьмерці за кратамі нашых палітвязьняў? Як бы жудасна і жахліва гэта ні гучала, але дапаможа толькі іх вызваленьне.
- Дзень салідарнасьці зь палітвязьнямі Беларусі будзе праходзіць там, дзе ёсьць неабыякавыя да беларускіх палітвязьняў людзі. Гэта Менск, дзе шмат сваякоў палітвязьняў, для іх кожны дзень — дзень палітвязьня. Гэта тая ж Бярозаўка, дзе пахаваны Вітольд Ашурак і жыве ягоная маці. Гэты розныя гарады сьвету, дзе ў выгнаньні за сваю грамадзянскую пазыцыю знаходзяцца тысячы беларусаў і беларусак.
- Пакуль сядзяць у турмах нашы людзі, мы сталі іх голасам. У Дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі Беларусі пройдуць дзясяткі акцый ад Нью-Ёрку да Варшавы, ад Вільні да Батумі.
- У Беларусі не абавязкова выходзіць на вуліцу, бо гэта небясьпечна. Кожны можа далучыцца да дня салідарнасьці з палітвязьнямі ў межах сваіх магчымасьцяў і бясьпекі. Гэта і ліст палітвязьню, і дапамога сям’і палітвязьня, і далучэньне да імшы ў нядзелю. Можна проста паставіць сьвечку за спачын душы Вітольда Ашурка і Міколы Клімовіча.
- Супрацоўнікі турмаў — у першую чаргу людзі. Калі былыя палітвязьні нам расказваюць пра ўмовы ў розных СІЗА і турмах, то ўсплываюць і добрыя гісторыі, калі з уласнай ініцыятывы супрацоўнікі ці супрацоўніцы неяк дапамагалі палітвязьням па-чалавечы. Я вельмі спадзяюся, што людзі, якія маюць доступ да Віктара Бабарыкі, дапамагаюць яму, як гэта магчыма ў тых умовах.
- Журналісты і праваабаронцы з дапамогай былых палітвязьняў апублікавалі сьпіс асобаў, якія могуць быць датычныя да сьмерці Вітольда Ашурка, але толькі незалежны суд можа назваць гэтых людзей вінаватымі. Нядаўна мы размаўлялі з братам Вітольда Андрэем, які трапна адзначыў, што гэтая справа ўжо раскрытая. Але афіцыйна гэта адбудзецца пазьней.
- Наша задача — зьбіраць сьведчаньні былых палітвязьняў. Гэта вельмі няпроста, бо людзі выходзяць са шклоўскай калёніі вельмі запужаныя, бо там адбываюцца страшныя рэчы, да якіх палітвязьні і звычайныя вязьні не былі гатовыя. Гэта катаваньні і нечалавечыя ўмовы, фізычны і маральны ціск.
- Дакладнай інфармацыі пра стан здароўя палітвязьняў атрымаць немагчыма, але нам вядома, што на стан пры канцы 2022 году сярод палітвязьняў было як найменей 25 пэнсіянэраў і пэнсіянэрак, як найменей 74 чалавекі з інваліднасьцю і цяжкімі захворваньнямі. Гэта далёка ня поўная лічба. Пра многае мы дазнаемся толькі тады, калі людзі выходзяць з турмаў і выяжджаюць зь Беларусі ў бясьпечнае месца.
- Калі гэта ўсё скончыцца, а гэта абавязкова скончыцца, мы жахнёмся ад маштабаў праблем са здароўем у нашых палітвязьняў. Нам трэба будзе праводзіць вялікую працу па аднаўленьні здароўя палітвязьняў, іх рэабілітацыі, як фізычнай, так і псыхічнай.