Пра становішча, у якое трапілі беларускія турысты па вяртаньні з Грэцыі ў Беларусь праз Польшчу, расказала выданьню Onliner чытачка Аліна. Турысты вярталіся з поўдня Эўропы ў ноч на 5 кастрычніка і былі затрыманыя польскімі памежнікамі.
«Мы набылі тур зь Менску ў Грэцыю з 22 верасьня па 3 кастрычніка ў кампаніі „Белтурызм Эўропа“. З-за закрыцьця польскай мяжы былі вымушаныя ехаць праз латыскую, на якой мы прастаялі каля 40 гадзін. Праз гэта ў нас скараціўся час знаходжаньня на моры. Аднак наш суправаджальнік прапанаваў падоўжыць яго на адзін дзень, хаця быў дасьведчаны: у трох чалавек віза была адкрытая роўна пад даты туру».
Далей спадарыня паведаміла, што сам суправаджальнік і прадстаўнікі турфірмы пераканалі людзей у тым, што максымальнае пакараньне за пратэрміноўку візы на дзень — штраф без паметы ў пашпарце аб парушэньні візавага рэжыму. Аднак на мяжы высьветлілася, што праблема нашмат большая. Частку групы затрымалі, памежнікі давялі гэта да ведама суправаджальніка, але той, не пагаварыўшы з затрыманымі, паехаў з рэшткамі групы ў Беларусь.
Людзі наракаюць, што фірма не дала падвозу ад мяжы да месца прыбыцьця і кінула частку турыстаў. Прадстаўнікі турфірмы не выходзяць на сувязь.
«У нас узялі адбіткі пальцаў, прыгразілі забаронай на ўезд у шэнгенскую зону на паўгода. Больш дакладных прагнозаў пакуль ніякіх. Верагодна, польскі бок рыхтуе дакумэнты на дэпартацыю», — заявіла чытачка.
У кампаніі «Белтурызм Эўропа» на тэлефанаваньні журналістаў пакуль не адказваюць. Імаверна, у фірме выходны.
Форум