Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дрэздэне вынесьлі выракі рабаўнікам ўсясьветна вядомай скарбніцы «Зялёны збор». Кошт скрадзенага склаў 116 млн эўра


Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і дырэктар музэю Дырк Сындрам, 1 верасьня 2006 году. Архіўнае фота
Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель і дырэктар музэю Дырк Сындрам, 1 верасьня 2006 году. Архіўнае фота

Судовы працэс пачаўся ў студзені 2022 году і стаў рэзанансным праз магчымую прыналежнасьць абвінавачаных да аднаго з крымінальных кланаў Бэрліна.

Суд у нямецкім горадзе Дрэздэне абвясьціў вырак удзельнікам рабаваньня ўсясьветна вядомай скарбніцы «Зялёны збор», якое адбылося ў 2019 годзе.

Скарбніца знаходзіцца ў палацавым комплексе Цвінгер у Дрэздэне, сталіцы зямлі Саксонія.

Як паведаміла нямецкае інфармацыйнае агенцтва DPA, 16 траўня суд прызнаў вінаватымі пяцярых фігурантаў справы і пакараў іх пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 4 гадоў 4 месяцаў да 6 гадоў 3 месяцаў.

У рабаваньні экспанатаў абвінавацілі шасьцярых мужчын ва ўзросьце ад 26 да 29 гадоў. Аднаго зь іх суд апраўдаў, іншыя яшчэ будуць абавязаныя кампэнсаваць кошт разьбітых музэйных вітрын і зламанага замка.

Судовы працэс пачаўся ў студзені 2022 году і стаў рэзанансным праз магчымую прыналежнасьць абвінавачаных да аднаго з крымінальных кланаў Бэрліна, у які ўваходзяць выхадцы з арабскіх краін.

Асуджаныя ўсяго за некалькі хвілінаў 25 лістапада 2019 году скралі 21 экспанат з калекцыі саксонскіх курфюрстаў.

Ацэначны кошт выкрадзеных прадметаў склаў 116,7 мільёна эўра. Яшчэ ў адзін мільён эўра ацэньваецца ўрон, нанесены непасрэдна падчас учыненьня злачынства, у тым ліку з-за падпалу разьмеркавальнага шчыта ў цэнтры горада.

У часе сьледзтва 18 часткова пашкоджаных прадметаў абвінавачаныя вярнулі. Гэта паўплывала на вырак суду і прысуджаныя тэрміны зьняволеньня.

Рабаўнікоў арыштавалі ў Бэрліне празь некалькі месяцаў пасьля рабаваньня калекцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG