Маці палітзьняволенага Паўла Севярынца паведаміла, што ужо месяц не атрымлівала лістоў ад сына.
«Ну што рабіць? Ад Паўла лістоў няма амаль месяц, апошні раз зь ім паложаных 10 хвілін размаўляла 25 лютага... Спачатку шэраг дзён ШЫЗА, з красавіка — ПКТ, тры месяцы. Тут можна пісаць і чытаць, але можа і не, калі так хто захоча... Я ўпарта пішу штодня», —напісала Тацяна Севярынец.
- 7 чэрвеня 2020 году Паўла арыштавалі і пазьней абвінавацілі ў нібыта падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. 25 траўня 2021-га асудзілі на 7 гадоў калёніі строгага рэжыму. Севярынец адбывае пакараньне ў шклоўскай папраўчай калёніі № 17.
Кацярына Андрэева ў зьняволеньні 2,5 года
Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева 30 месяцаў знаходзіцца за кратамі. Лістом ад Кацярыны падзяліўся ў Facebook ейны муж Ігар Ільяш.
«Такім чынам, што ж да гэтага часу ўтрымлівае мяне „на плаве“? Каханьне? Пачуцьцё гумару? Няўтольная прага жыцьця? Мабыць, усе гэтыя фактары разам.
Ісьціна ў тым, што, як мне здаецца, я належу да тыпу людзей, здольных перажыць амаль усё. Не без выдаткаў — і я сама ўсьведамляю і прызнаю, якога кшталту дапамога мне патрэбна.
Але яшчэ ведаю, што ўсё роўна спраўлюся. Гэткая бабуля ў калье ад Тыфані, якая прыкрывае маршчыністыя запясьці элегантнай сукенкай, каб падсьцёртыя лічбы ня кідаліся ў вочы гасьцям, пакуль унукі наліваюць віно ў келіх на чарговы Песах. „Дзе яно ўсё? Усё адышло. А я — вось яна!“ І ўсьміхаецца ўсьмешкай Джаконды», — напісала Кацярына.
Паводле падлікаў Ігара Ільяша, 15 траўня споўнілася 2,5 года ад моманту затрыманьня Кацярыны Андрэевай.
- Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Ігар Ільляш — журналісты телеканалу «Белсат», сямейная пара. У 2021 годзе Кацярына атрымала 2 гады за стрым з Плошчы перамен у Менску. У зьняволеньні ёй выставілі новае абвінавачаваньне, у здрадзе дзяржаве, і прысудзілі яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы.