Пуцеправод на Нямізе ў Менску абваліўся ў ноч на 8 студзеня 2022 году. Вінаватым прызналі намесьніка дырэктара эксплюатацыйнага прадпрыемства «Гараўтамост» Мікалая Дзядзюлю — яго абвінавацілі ў службовай халатнасьці і ў сьнежні асудзілі на 5 гадоў «хатняй хіміі».
На гэтым праблемы Дзядзюлі ня скончыліся. Пазоў супраць яго падала Генэральная пракуратура ў інтарэсах «Гараўтамоста». Паколькі суд вырашыў, што ён ведаў пра пастаяннае пашырэньне дэфэктаў рыгелю прамежкавай апоры моста, але не ліквідаваў іх, пракуратура палічыла, што менавіта былы работнік павінен пакрыць усю шкоду.
Кошт моста ацанілі ў 2 млн 743 тыс. рублёў. Аднак пры будаўніцтве новага моста выкарысталі канструкцыі і элемэнты старога, у прыватнасьці поручні на суму ў 425 тысяч рублёў. Гэтую суму аднялі ад сумы пазову, дадаўшы, аднак, дзяржаўны збор ў 15 тысяч рублёў.
Канчатковы пазоў склаў 2 млн 333 тыс рублёў.
Суд Цэнтральнага раёну Менску падчас разгляду выявіў, што ў непрыдатнасьць не прыходзілі і іншыя поручні, якія ня выкарысталі пры ўзьвядзеньні новага моста. А таму можна выкарыстоўваць усе 30 тон. Таму іх кошт (1,23 млн) ад сумы аднялі. Пасьля абвалу засталіся цэлымі таксама тумбы і цокаль, абліцаваныя гранітнымі плітамі. Іх на новым мосьце не выкарыстоўвалі, але іх можна задзейнічаць. Таму яшчэ 960 тысяч рублёў выкрасьлілі з патрабаванага памеру шкоды.
Такім чынам, суд акрэсьліў суму ў 128 230 рублёў, што ў 18 разоў менш за заяўленую Генпракуратурай суму першапачатковага пазову. А дзяржаўны збор у гэтым выпадку спагнаняць не належыць, бо зь фізычных асобаў у працоўных спрэчках яго не бяруць.
Акрамя таго, паводле рашэньня, «Гараўтамост» мусіць выплаціць свайму былому супрацоўніку 500 рублёў, выдаткаваныя ім на аплату дапамогі прадстаўніка з прычыны складанасьці справы.
- Пешая частка моста на Нямізе абвалілася ўначы 8 студзеня 2022 году. Улады Менску заявілі, што абвал адбыўся праз стомленасьць канструкцыяў, абумоўленай у тым ліку скачкамі тэмпэратуры і работай мэтро. Мост цалкам дэмантавалі і за месяц узьвялі новы.
- Мост церазь Нямігу пабудавалі ў 1962 годзе. У 2017-м правялі ягоны касмэтычны рамонт, а ў 2021-м зрабілі тэхнічнае заключэньне стану апорнай канструкцыі ды прыйшлі да высновы, што яна ў норме.