Журналіст, палітоляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута ўжо больш як два гады за кратамі, цяпер ён адбывае 10-гадовы вырак у калёніі № 15 Магілёва. Беларуская асацыяцыя журналістаў даведалася пра ягоны стан здароўя і апошнія навіны.
Былыя калегі Аляксандра Фядуты па зьняволеньні на ўмовах ананімнасьці расказалі, што ў выніку шматлікіх хранічных і набытых захворваньняў яго этапавалі ў калёнію ўжо з кійком. Так Фядута перасоўваецца і цяпер.
Зрэшты, фізычны стан Фядуты ня стаў для адміністрацыі калёніі падставай, каб пакінуць вязьня ў рэзэрве — ён мусіць разам зь іншымі хадзіць на працу ў так званую прамысловую зону. Цяжкія нагрузкі і хваробы не маглі не пакінуць свой сьлед: 58-гадовы Аляксандар Фядута выглядае зьнямоглым, ён моцна схуднеў і асунуўся, расказалі сьведкі.
«Палітычны» статус Фядуты аўтаматычна цягне за сабой шэраг абмежаваньняў: так, яго на няпэўны час пазбавілі перадач і спатканьняў з роднымі, выключэньне — толькі для неабходных лекаў. Уся сувязь са зьнешнім сьветам для палітвязьня — празь лісты і плянавыя тэлефанаваньні.
Былыя вязьні таксама расказалі, што на палітвязьняў моцна ціснуць за любыя згадкі пра іх у СМІ — у такім выпадку пагражаюць караць увесь атрад, што выклікае пэўную нэрвознасьць.
Нягледзячы на прэсінг у калёніі, Фядута працягвае дасьледчую дзейнасьць. Так, у вольны час ён займаецца літаратуразнаўчым аналізам п’есы Міхаіла Булгакава «Батум», дзе паказаны пачатак крывавага шляху маладога Ёсіфа Сталіна. Нягледзячы на ўсё, Фядута намагаецца падтрымліваць бадзёрасьць духу і верыць у лепшыя часы для сябе і ўсёй Беларусі, расказалі БАЖ былыя вязьні.
Дасюль не акрэсьлены лёс ягоных рукапісаў-камэнтароў да рамана Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», над якімі літаратуразнаўца пачаў працаваць яшчэ ў сьледчых ізалятарах. Тэксты забіралі на «экспэртызу», але ўрэшце вярнулі, не знайшоўшы крамолы. Цяпер матэрыял на рэдактуры, ці ўдасца выдаць кнігу ў агляднай пэрспэктыве — невядома, піша БАЖ.
Літаратуразнаўцу Аляксандра Фядуту летась асудзілі ў справе «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» на 10 гадоў і паслалі адбываць пакараньне ў Магілёўскую калёнію. Там ён амаль адразу трапіў у турэмны шпіталь: абвастрыліся праблемы з сэрцам, зьявіліся ацёкі.